Знакаміты джазавы праект PIANO.PL прагучыць у Белдзяржфілармоніі

Польская джазавая вакалістка, надзеленая харызмай і неверагодным голасам, кампазітар і аўтар песень Дарота Міськевіч, самы інтрыгуючы ў свеце струнны квартэт ATOM STRING QUARTET і віртуозны піяніст Дамінік Ваня прадставяць на вялікай сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі знакаміты джазавы праект PIANO.PL.

Канцэрт адбудзецца 20 лістапада ў рамках культурнай праграмы да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.

PIANO.PL – працяг надзвычайнага джазавага праекта, які меў месца ў 2016 годзе ў Варшаве, калі ўпершыню ў гісторыі на адной сцэне разам з Даротай Міськевіч выступілі адначасова самыя выбітныя польскія піяністы – Лешэк Можджэр, Уладзімір Нагорны, Дамінік Ваня, Марцін Васілеўскі, Гжэгаж Турнаў, Анджэй Ягадзіньскі, Багдан Халоўня, Кшыштаф Хэрдзін, Міхал Токай, Пётр Ажэхоўскі і джазавы струнны квартэт сусветнага ўзроўню Atom String Quartet (Давід Любовіч – скрыпка, Матэвуш Смачыньскі – скрыпка, Міхал Заборскі – альт, Кшыштаф Ленчоўскі – віяланчэль). У Мінску будзе прадстаўлены “паменшаны” варыянт варшаўскага праекта, у якім разам з Даротай Міськевіч і Atom String Quartet выступіць адзін з ўдельнікаў прэм’еры – таленавіты піяніст Дамінік Ваня.

Канцэрт і альбом PIANO.PL атрымалі высокую ацэнку крытыкаў і музычнага асяроддзя, вынікам чаго сталі шматлікія ўзнагароды, намінацыі і ганаровыя званні для музыкаў: “FRYDERYK-2016” (Джазавы музыкант года – Дарота Міськевіч і Джазавы альбом года – PIANO.PL), “JAZZ TOP 2016” часопіса “Jazz Forum” (Найлепшы альбом і Найважнейшая джазавая падзея – PIANO.PL), “КАРЫФЕІ ПОЛЬСКАЙ МУЗЫКІ” (Асоба Года – Дарота Міськевіч), “JAZZ TOP 2017” часопіса “Jazz Forum” (Джазавы вакаліст года – Дарота Міськевіч).

Дарота МІСЬКЕВІЧ – адна з нямногіх, каму давялося спяваць дуэтам і рабіць запісы з легендарнай спявачкай Сезарай Эворай. Іх сумесная песня «Um Pincelada» была высока ацэнена аматарамі музыкі ва ўсім свеце. Дарота супрацоўнічала з Найджэлам Кэнэдзі, Дэвідам Мюрэем, Льюісам Вінсбергам, Тамашам Станькам і іншымі знакамітымі джазмэнамі Польшчы і свету. Яна запісала 7 аўтарскіх і незлічоную колькасць сумесных альбомаў.

Праектам PIANO.PL Дарота Міськевіч аддае належнае польскай піяністыцы. Сярод шматлікіх знакамітых музыкаў, менавіта піяністы займаюць у Польшчы першыя пазіцыі. А паколькі для Дароты бліжэйшы музычны жанр – гэта джаз, яна падкрэслівае перадусім дасягенні польскіх джазавых піяністаў, якія эфектна крочаць шляхам, вызначаным калісьці сусветна вядомым музыкам Кшыштафам Камедай і безумоўна самім Фрыдэрыкам Шапэнам, які быў не толькі вялікім кампазітарам і піяністам, але таксама імправізатарам!

Канцэрт складаецца з песень, якія належаць да канону польскай музыкі, а іх выбар быў прадыктаваны асабістымі сімпатыямі Дароты, суб'ектыўным успрыманнем музыкі і тэксту. Аранжыроўкі да кожнай кампазіцыі стваралі піяністы, якія прымалі ўдзел у канцэртнай прэм'еры.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: