Знакамітыя і багатыя. Дзясятка найпаспяховых пісьменнікаў

Пальма першынства ў неабвешчанай намінацыі «Найбагатая і вядомая» належыць якая за літаратурную працу змагла атрымаць больш за 1 мільярд долараў.

Фота the-femme.com

1. Самая высокааплатная аўтарка ў свеце таксама з’яўляецца і адной з самых дасведчаных у бізнесе (ці, прынамсі, мае такіх прадзюсэраў-кансультантаў). Дзякуючы стварэнню чароўнага свету, апісанага ў раманах пра Гары Потэра, Джоан Роўлінг не толькі запаланіла ўяўленні мільёнаў чытачоў ва ўсім свеце, але і стварыла велізарную камерцыйную імперыю ў літпрацэсе. У свае пяцьдзясят чатыры гады аўтарка мае прыбытак не толькі ад кніг (уключаючы п’есы і розныя «пабочныя прадукты»), але і папаўняе рахункі за кошт прасоўвання іншай тэматычнай прадукцыі, тэматычных паркаў ды, вядома ж, надзвычай папулярных экранізацый фільмаў, а гэта азначае, што толькі ў 2018 годзе капітал Роўлінг папоўніўся на пяцьдзясят чатыры мільёны долараў. Джоан Роўлінг сёлета працавала над пастаноўкай «Фантастычных стварэнняў: злачынстваў Грындэвальда», а таксама пісала (пад псеўданімам Раберта Гэлбрэйт) фантастыку для дарослых, якая не адносіцца да легендарнай «патэрыяны».

2. Былы студэнт юрыдычнага факультэта, які стаў лірыкам і хіпі, Паўло Каэльо мае на сваіх банкаўскіх рахунках каля паўмільярда долараў. 

Ён напісаў некалькі раманаў у 1980-х гадах у сваёй роднай Бразіліі. Адзін з іх, «Алхімік», заставаўся адносна невядомым на працягу некалькіх гадоў, пакуль «Harper Collins» не перавыдала яго ў 1994 годзе. Раман хутка стаў класікай і адразу ж здабыў міжнародную славу, што прывяло да новых публікацый і прызнання крытыкаў. З таго часу Каэльо супрацоўнічаў у многіх творчых праектах на розных узроўнях і працягвае пісаць на партугальскай мове (яго апошні раман «Хіпі» быў апублікаваны ў красавіку 2018 года). Ён працуе і над тэлевізійнымі адаптацыямі некаторых сваіх твораў. Так што, магчыма, у хуткім часе свет убачыць чарговы шэдэўр аўтара, але ўжо на экране тэлевізараў.

3. Майстар жахаў Стывен Кінг змог зарабіць літаратурай каля 400 мільёнаў долараў. Ён праславіўся на ўвесь свет сваімі творамі, адаптаванымі ў фільмы жахаў: «Кэры», «Ззянне», «Яно», а таксама фэнтэзійнымі гісторыямі з захапляльнымі сюжэтамі: «Цёмная вежа», «Лавец сноў» і «Беглы чалавек». 

Глядач мог не раз назіраць на вялікіх экранах і такія легендарныя фільмы, як «Падтрымайце мяне» і «Уцёкі з Шоўшэнка», знятыя па серыі кароткіх апавяданняў аўтара. Кінг вядомы сваёй дабрачыннасцю і палітычнай актыўнасцю, а таксама тэлевізійнымі працамі ды музычным супрацоўніцтвам, цешачы армію прыхільнікаў новымі шэдэўрамі.

4. Каралева рамантычнага жанру Нора Робертс зарабіла 390 мільёнаў долараў. 

Яна пачала сваю літаратурную кар’еру як «маці, якая сядзіць дома і нудзіцца». Пасля шматлікіх адмоваў ад выдавецтваў яна, нарэшце, змагла апублікаваць свой дэбютны твор «Ірландскія чыстакроўныя» ў 1981 годзе. З тых часоў аўтарка атрымала мноства ўзнагарод, а яе шматлікія раманы былі адаптаваныя для тэлевізійных фільмаў. Варта згадаць, што яе чарговы твор «Of Blood and Bone» пабачыў свет у снежні 2018 года.

5. На рахунку Даніэлы Стыл 165 апублікаваных раманаў і 375 мільёнаў долараў. На сённяшні дзень «у арсенале пісьменніцы» пяць шлюбаў і шмат дзяцей, якія натхнялі да пабудовы «выкручастых» сюжэтаў. 

Былы рэкламны капірайтэр, яна выдумляла розныя гісторыі, пісала іх у вольны ад працы час. А затым, у 1972 годзе, ёй удалося апублікаваць свой першы раман. І нягледзячы на тое, што ў свае семдзесят два гады яна так і не атрымала прызнання крытыкаў за свае творы, гэта не паўплывала на яе папулярнасць сярод чытачоў. Пісьменніца працягвае публікаваць некалькі раманаў кожны год — і атрымліваць за гэта немалыя ганарары.

6. Джэймс Патэрсан, чалавек, які цяпер у многіх на слыху, былы дырэктар па маркетынгу, апублікаваў свой першы раман у 1976 годзе. З таго часу кніга з’яўляецца «асновай» мастацкай літаратуры ў ЗША і рэкардсмэнам-бэстсэлерам па версіі аўтарытэтнага выдання «New York Times». 


Па ўсім свеце прададзены дзясяткі мільёнаў кніг Джэймса Патэрсана. За што ён і змог зарабіць 310 мільёнаў долараў. У свае семдзесят два гады пісьменнік здабыў мноства прыхільнікаў і зайздроснікаў, у тым ліку і ў асобе крытыкаў, якія скептычна ставяцца да таго факту, што большая частка яго тэкстаў напісана ў суаўтарстве. Можна згадаць і нядаўняе супрацоўніцтва з экс-прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам. Тым не менш, аўтар увесь час з’яўляецца на тэлебачанні, а яго кнігі працягваюць прадавацца.

7. Былы адвакат па крымінальных справах Джон Грышэм мае ў сваіх «кішэнях» 200 мільёнаў долараў. 

Большая частка яго твораў была заснаваная на рэальных падзеях, звязаных з судовымі пасяджэннямі і не толькі. Яго творы перакладзеныя на 42 мовы свету. А дэбютны англамоўны раман аўтара «Час забіваць» пасля 28 адмоваў быў выдадзены ў 1988 годзе ўсяго пяцітысячным накладам. Сёння ж юрыдычныя і палітычныя трылеры Джона Грышэма лідзіруюць у спісах самых прадаваных кніг. А прарыў у кар’еры аўтара адбыўся ў 1989 годзе, калі згаданая кніга «Час забіваць» — гісторыя, заснаваная на сведчаннях ахвяры, якія пісьменнік пачуў у судзе, а затым адаптаваная ў фільме з Мэцью Макконах’ю і Сандрай Балак — набыла шырокі розгалас. З тых часоў яшчэ сем кніг пісьменніка атрымалі «галівудскую трактоўку» (перш за ўсё «Фірма» з Томам Крузам).

8. Стваральнік легендарных «Мурашак» Роберт Лоўрэнс Стайн здолеў зарабіць 200 мільёнаў долараў. 

Серыя дзіцячых кніг жахаў была ім створана ў 1990-х гадах і пасля была адаптаваная ў тэлесерыял. А дзясяткі іншых серыялаў жахаў, знятых па матывах гісторый сямідзесяціпяцігадовага пісьменніка, прывялі іх стваральніка да культавага статусу і значнага фінансавага даходу. Стайн працягвае пісаць у асноўным для дзяцей і падлеткаў.

9. 200 мільёнаў долараў мае і Джэфры Арчэр. Ён — член Палаты лордаў, раней з’яўляўся членам парламента ў сваёй роднай Вялікабрытаніі і на працягу ўсёй кар’еры абвінавачваўся ў «брудным» гандлі і паклёпах. Судовыя працэсы і фінансавыя скандалы зрабілі Арчэра-парламентарыя банкрутам — і прымусілі яго змяніць палітыку на літаратарства, каб хоць неяк папоўніць «апусцелыя рахункі і кішэні». 

У выніку гэтай вымушанай змены кар’еры Арчэр напісаў шэраг раманаў, кароткіх апавяданняў і п’ес, а таксама трылогію з дзённікаў, якія распавядаюць аб часе, праведзеным у турме за ілжэсведчанне. Яго чарговы раман пад назвай «Heads You Win» пабачыў свет у лістападзе 2018 года.

10. Дэн Браўн таксама не застаўся «збоку» і заняў дзясяты радок у спісе найбагатых літаратараў свету, зарабіўшы 160 мільёнаў долараў. 

Хто б мог падумаць, што колішні музыкант, які вырашыў прысвяціць сябе літаратуры, дасягне такіх папулярных вышыняў у такім няпростым рамястве. Ягоным дэбютам стала кніга «Лічбавая крэпасць». У 2000 годзе выйшаў першы з яго раманаў пра Роберта Лэнгдана «Анёлы і дэманы». У 2003 годзе — другі, упадабаны многімі, раман «Код да Вінчы». Нягледзячы на дрэнныя водгукі, шматлікія недакладнасці ў творы і абвінавачванні ў плагіяце, гэтая кніга стала самым прадаваным бэстсэлерам года. У выніку, пасля ашаламляльнай папулярнасці, была серыя высокабюджэтных галівудскіх кінаадаптацый, якія з’явіліся на вялікіх экранах па ўсім свеце.

 

У падрыхтоўцы старонкі выкарыстаны матэрыялы «Agence France-Presse», novostiliteratury.ru, CNN і «The Associated Press».

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!