Знічы кахання на Каляды

29 снежня паэт Уладзімір Някляеў прэзентаваў новую кнігу «Знічы кахання». Кніга, якая наскрозь — пра каханне: Божае і чалавечае.  Прэзентацыя адбылася ў «Грай кафэ» падчас калядных заняткаў «Мова Нанова». З Каляднай праграмай на вечарыне выступіў музычны госць — фольк-гурт «Astroūna».

Пераадолеўшы тры мяжы, новая кніга паэта Уладзіміра Някляева дайшла да Беларусі, акурат на Каляды. Як напісаў сам паэт на сваёй старонцы: «Дзякую Богу, які зрабіў на святы падарунак. Нарэшце, адолеўшы тры мяжы, польскую, літоўскую і беларускую, на якой затрымаліся, дайшлі да Беларусі “Знічы кахання”. Кніга, якая наскрозь — пра каханне: Божае і чалавечае».

Распачаў вечарыну фолк-гурт «Astroūna», які нядаўна папоўніўся новым удзельнікам — вядомым выканаўцам на беларускіх народных інструментах Ярашам Малішэўскім. Са сцэны гучалі калядныя песні не толькі з розных куткоў Беларусі, але нават і песні, якія захавалі беларусы, чые продкі калісьці апынуліся ў Сібіры.

Пад завейны гук акарыны песні ліліся нават трохі магічна, што надавала ім асаблівае гучанне, сапраўдны зімовы і калядны настрой. Можна было пачуць таксама дуду і дудку, беларускую леру.

Паэт Уладзімір Някляеў з усім уласцівым яму натхненнем прачытаў некаторыя вершы і паэмы са сваёй новай кнігі: «Аліва» (прысвечаная жонцы), «Марыя, Магдалена» (прысвечаная малодшай дачцэ Зміцера Дашкевіча).

Распавёў выступоўца і пра тое, як пісаўся раман, прысвечаны Янкі Купале — быццам бы сам Купала з’яўляўся да яго ў сне і падказваў, якія недапрацоўкі і як варта выправіць.

А найбольш цікавым з адказаў на пытанні, што гучалі з залы, быў адказ пра планы Някляева на будучыню, на што той адказаў вельмі лаканічна і адначасова змястоўна: «Жыць!».

Падчас прэзентацыі можна было прыдбаць новую кнігу Уладзіміра Някляева і ўзяць аўтограф у аўтара. Ілюстратарам да кнігі выступіў бліскучы беларускі графік Уладзімір Вішнеўскі (аўтографы якога таксама можна было ўзяць). Дызайн кнігі — мастак Кастусь Вашчанка, укладанне — Таццяна Процька.

З адным з вершаў з кнігі нашыя чытачы маюць магчымасць азнаёміцца. Гэта верш «Аліва», прысвечаны Вользе, жонцы паэта:


АЛІВА
Ён моўчкі крочыў берагам марскім.
Ягоныя сляды змывалі хвалі
І адбягалі... Потым цалавалі
Сляды жанчыны, што ішла за ім.

Ён не глядзеў, ці йдзе? Ён шлях пачаў
І доўжыў так, нібыта йшоў да мэты,
Якой ніхто не ведаў, апрача
Яго самога і жанчыны гэтай.

За імі шлях не рассыпаўся ў прах,
Бо самі йшлі яны, куды хацелі,
І разам з імі па сваіх шляхах
Звяры і птушкі беглі і ляцелі.

Днём грэла сонца. Ноччу грэў касцёр.
Яны ішлі — нічога не шукалі.
Пілі ваду, што працякала з гор,
І елі сыр, што пастухі давалі.

Калі ісці стамляліся, плылі.
Спаць клаліся пад вечнаю алівай.
І ён спяваў нараніцы, калі
Яна з ім прачыналася шчаслівай.

У ёй аліва вечная цвіла,
Якая йсці яму давала сілу,
Ён вёў яе, яна яго вяла
Ад небасхілу і да небасхілу.

На іх сляды, што йшлі вакол зямлі,
Паклаліся сляды дачкі і сына...

Бог ведае, куды яны ішлі...
І хто быў ён... І хто была жанчына...



Таксама Уладзімір Някляеў перадаў для распаўсюду новае відэа, дзе ён чытае паэму «Калі мяне не стане», якая ўвайшла ў кнігу:



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: