Знойдзены невядомыя раней публікацыі Максіма Багдановіча

Загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі выявіў некалькі невядомых публікацый беларускага класіка.
Як паведамляецца на старонцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў фэйсбуку, артэфакты былі знойдзены ў Дзяржаўным архіве Яраслаўскай вобласці.

У сюжэце тэлеканала АНТ гаворыцца, што знойдзена пяць публікацый Максіма Багдановіча ў газеце «Голос» за 1916 год, падпісаных псеўданімам «Иван Февралевъ».

«Падпісаны псеўданімам “Иван Февралевъ” пяць публікацый. Яны вельмі разнастайныя. Гэта і рэпарцёрскія нататкі пра судовае паседжанне, пра студэнцкую сталовую, небывалую гразу. Да таго ж, мы выявілі некалькі матэрыялаў, якія прысвечаны так званаму “інтымнаму тэатру”», — распавёў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі. 

Апошнія падпісаныя крыптонімам «М.Б.». А яшчэ сустракаюцца матэрыялы з подпісамі  «Б-ч», «Ив. Ф.», «Ив. Февр.», «Екатерина Февралёва».

Як зазначае Ірына Мышкавец, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, пад пытаннем стаяць і магчымыя псеўданімы Максіма Багдановіча «Зритель», «Эхо», Rion.

«Гэта псеўданімы, якія называе Сяргей Сцяпанавіч Каныгін, былы супрацоўнік газеты “Голос”. Справа ў тым, што з Каныгіным звязаліся, калі ён быў ужо чалавекам сталага веку, бліжэй да 80 гадоў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: