«Зорныя войны VIII» — вядома назва і дата чарговай часткі сагі

Прыемная навіна для фанаў фантастычнай сагі «Зорныя войны»! Стваральнікі карціны раскрылі новую назву восьмай часткі, паведамілі пра дакладную дату рэлізу і паказалі плакат да новай часткі.

Фільм «Зорныя вайны — Частка VIII» ужо сёння мае поўную назву. «Star Wars: The Last Jedi» — такой будзе англійская назва восьмай часткі «Зорных войнаў». Не цяжка здагадацца, што ў беларускім пракаце яна будзе гучаць як «Апошні Джэдай».

У сваім запісе, размешчаным на афіцыйнай старонцы «Star Wars» у Twitter, распрацоўшчыкі стужкі анансавалі, што восьмы эпізод выйдзе 15 снежня 2017 года. Вядома і імя рэжысёра новай часткі — ім будзе Раян Джонсан (Rian Johnson),  які працаваў, у прыватнасці, у серыяле «Breaking Bad». Падзеі фільма пачынаюцца непасрэдна пасля падзей, паказаных у папярэдняй стужцы «Зорныя войны. Эпізод VII: Абуджэнне Сілы». Астатнія падрабязнасці застаюцца пакуль не вядомымі.

Мяркуючы па ўсім, у стужцы ўбачым у ролі Леі Кэры Фішэр, якая памерла ў канцы 2016 года (усе сцэны з яе ўдзелам былі знятыя да яе смерці). Гэта апошні фільм, у якім яна здымалася.

Ужо вядомы і лічбы, якія сабрала апошняя сага «Ізгой-адзін», прэм’ерны паказ якой у Беларусі адбыўся 15 снежня 2016 года. Зборы за 39 дзён склалі $1 мільярд, і такім чынам фільм стаў трэцяй стужкай франшызы, якая пераадолела гэту адзнаку. Так, «Эпізод 1: Утоеная пагроза» змог зарабіць $1,03 млрд., а нядаўняе «Абуджэнне Сілы» — цэлых $2,7 млрд. На рынку ЗША «Ізгой-адзін» сабраў $512 млн., яшчэ $499 млн. прыйшлося на сусветны пракат.

«Ізгой-адзін» — гэта спін-офф кінасагі, падзеі якога папярэднічаюць чацвёртаму эпізоду «Зорных войн». У фільме апавядаецца пра тое, як атрад паўстанцаў спрабуе выкрасці чарцяжы «Зоркі смерці».

Летась у кінастудыі «Disney» атрымалася выпусціць адразу чатыры «мільярдных» карціны. Акрамя згаданага «Ізгой-адзін», пераадолець запаветную адзнаку ў мільярд атрымалася у Капітана Амерыкі са сваёй «Грамадзянскай вайной», а таксама ў мультфільмаў «У пошуках Доры» і «Звераполіс». Таксама студыя паведаміла, што іх новая стужка «Моана» ўжо сабрала ў пракаце больш за $500 млн.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: