«Зважай! Крокам руш!» — метал-фэст з гістарычнай тэматыкай

Фестываль метал-музыкі «Зважай! Крокам руш!» пройдзе 28 студзеня другім разам у сталічным клубе Re:Public. На фэсце выступяць гурты з Беларусі і Украіны, творчасць якіх звязаная з гістарычнай тэматыкай, сам жа «Зважай», па словах арганізатараў, мае патрыятычную накіраванасць.
Мне вельмі хацелася б, каб у нас былі фэсты, звязаныя не толькі з культурай фольку, а якія б яшчэ выклікалі і пачуццё патрыятызму. Нармальнага, здаровага патрыятызму. Гурты-выступоўцы так ці інакш звязаныя з гістарычнай тэматыкай. Напрыклад, украінскі гурт 1914 спявае пра першую сусветную вайну, і гэты гурт – адзін з лідараў блэк-метал сцэны па сённяшні дзень, як і гурты з Мінска”, – кажа арганізатар фестывалю Алесь Таболіч.

На «Зважай! Крокам руш» выступяць гурты:
ZNICH (Беларусь);
MASSENHINRICHTUNG (Беларусь) – прадставіць новы альбом;
DYMNA LOTVA (Беларусь);
EXTERMINATION DISMEMBERMENT (Беларусь)
1914 (Украіна).

ZNICH (pagan folk) ужо 21 год радуе нас сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю. Кліп на песню “Дунаю” стаў першым з беларускай цяжкой музыкі, які перасягнуў мяжу 225 тысяч праглядаў! У 2018 годзе гурт запланаваў шэраг сюрпрызаў: выпуск альбома “Шлях да спадчыны”, перавыданні хітоў і запіс новых песень, выступы ў Еўропе. Дарэчы, гэта будзе выступ пасля турнэ па Літве з украінскай гуртом “1914”: ZNICH зробіць рымэйк вядомай песні “Айчына” легендарнага гурта VICIOUS CRUSADE, вядомага ў 90-я і 2000-я.

MASSENHINRICHTUNG (Black-metal) – мінскі гурт, які па праве можа звацца адным з лепшых гуртоў Беларусі! Музыка раскрывае глыбокі сэнс чалавека ў жыцці і на вайне! На фэсце яны прэзентуюць новую праграму і новы альбом! Звядзеннем займаўся эстонскі гукарэжысёр, які працаваў з гуртом Metsatöll.

EXTERMINATION DISMEMBERMENT (Brutal Death Metal) Гэта трэба ўбачыць! Адзін з гуртоў-лідараў накірунку, не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе! Грае на ўсіх буйных еўрапейскіх фэстах свайго жанру! Увесну 2017 года падчас еўрапейскага тура далі 10 канцэртаў.

DYMNA LOTVA (Post-black | Doom metal) Гурт арыгінальны ва ўсім, вельмі спецыфічны. Дэпрэсія і філасофія так і рвецца з кожнага рыфа іх музычнай душы. Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць! Вакалістка – гэта нешта, як і музыка!

1914 (black-doom metal) – самы паспяховы праект апошніх двух гадоў на метал-сцэне ўсходняй Еўропы! Хлопцы прынеслі новае гучанне ў black-метал фармацыю. Свой дэбютны альбом “Eschatology Of War” металісты са Львова прысвяцілі тэме Першай сусветнай вайны. Жорсткі і агрэсіўны “Eschatology Of War” па-майстэрску сумяшчае жанры death, black i doom-металу, адкрывае перад вамі цэлы зборнік змрочных гісторый ваеннага перыяду. Дзесяць трэкаў правядуць слухачоў скрозь сцежкі жудасных падзей, адлюструюць карціны крывавай разні, панікі і роспачы.

Як пракаментавалі ўдзельнікі калектыву, іх ідэі, музыка раскажуць слухачам “пра Першую сусветную, акультызм, унутраную барацьбу чалавека са сваімі страхамі”. У сетцы ўкраінскай камандзе паспелі павесіць недарэчны ярлык жанру НСБМ, аднак 1914 адмаўляюць версію журналістаў.


Паводле прэс-рэлізу
Пераклад з рускай Алены Ляшкевіч

Абмеркаванне:

  • Me
  • 2018-01-12 01:44:43
Памылкі ў тэксце:
1. 28.01. гэта люты?
2. У некаторых месцах трэба ўдакладніць, што гурт з'яўляецца лідарам "нашай" блэк-метал сцэны. І яшчэ, што кліп стаў першым сярод "нашай" цяжкой музыкі. Але гэта толькі мая думка :)
3. Deadth замяніць на death.

Каментаваць