«Зважай! Крокам руш!»: урокі гісторыі (фота)

У клубе «Re:public» 28 студзеня прайшоў фестываль «Зважай! Крокам руш!». Творчасць удзельнікаў так ці інакш звязаная з гістарычнай тэматыкай.

ZNICH

Агулам гэта тэндэнцыя апошняга часу — называць клубныя канцэрты фестывалямі. Але будзем у трэндзе. Нягледзячы на тое, што “Зважай! Крокам руш!” піярыўся як фестываль мужчынскага патрыятызму — ці нешта кшталту таго, — у пуставатым “Рэпабліку” было даволі дзяўчат.

Dymna Lotva

Першым выступаў DYMNA LOTVA, як паведамляюць сацыяльныя сеткі, “беларускі гурт, што грае на сутыку doom і post black metal. Асноўнай тэмай лірыкі з'яўляецца гора, смерць, гісторыя і прырода Беларусі”.

 

Dymna Lotva

Гурт мае альбомы “Палын” на чарнобыльскую тэматыку і “Зямля пад чорнымі крыламі”. Назва апошняга адсылае да прозы Уладзіміра Караткевіча, альбом прысвечаны дрыгве, балоту.

Dymna Lotva

На фестывалі гурт зладзіў атмасферны выступ малымі экспрэсіўнымі сродкамі. Падавалася б: ну, накінула салістка капюшон, ну, скінула, зняла плашч, засталася ў сукенцы, прысела на сцэне, прылягла… А заварожвала! Ды яшчэ разам з шэсцем “чорнай панны” са свечкай сярод публікі.

 

Dymna Lotva

Потым граў ZNICH, які чытачам “Новага часу” прадстаўляць не трэба. Легенда беларускага pagan metal з саліднай дыскаграфіяй, пра якую мы не раз пісалі. Саліст гурта і арганізатар фестывалю Алесь Таболіч паведаміў, што канцэрт прысвечаны нашай дзяржаўнасці і адкрыў сэт ZNICH бессмяротным хітом “Крыва-Крывейта”, працягнуў бяспройгрышным “Крыжы-абярэгі”, ну і далей па нятленцы…

 

ZNICH

Гурт выканаў і “запрэшчонную” (цытата Алеся Таболіча) песню “Дунаю”. Пра канфлікт з аўтарскімі правамі ў ZNICH “Новы час” таксама пісаў. На развітанне з нядаўна мінулым святам прагучала “Каляда-калядзец”, а потым — рымэйк песні “Айчына” легендарнага гурта VICIOUS CRUSADE.

 

ZNICH

Наступны выступоўца — EXTERMINATION DISMEMBERMENT — грае ў жанры slamming brutal death metal, калі верыць іх суполкам у сацсетках. Самастойна вызначыць жанр не магу, скажу толькі, што гурт вельмі тэхнічны ў сваім стылі.

 

Extermination Dismemberment

Градус на танцполе накаляўся, пасля “прыстойнага” слэму пад ZNICH раптам зʼявіліся мужчыны з аголеннымі торсамі. Вакаліст EXTERMINATION DISMEMBERMENT кранальна прысвяціў песню свайму бацьку, які наведвае ўсе канцэрты гурта. Бэнд мае ўжо 2 альбомы, выдадзеныя ва Украіне і ў Японіі, банэры, фірмовы мерч — усе прыкметы паспяховай каманды.

EXTERMINATION DISMEMBERMENT

Музычны напрамак наступнага выступоўцы, MASSENHINRICHTUNG, “эвалюцыянаваў ад больш простых форм black і pagan metal да канцэптуальнай творчасці на ваенную, каляваенную і патрыятычна-прыродную тэматыку з выкарыстаннем розных стыляў цяжкой музыкі”. Назвы некаторых з альбомаў гурта, кшталту “Закон Зброi” і “Наўскі дзень” ілюструюць заяўленную ў сацсетках канцэпцыю, што завецца, практычна.

MASSENHINRICHTUNG

На фестывалі 28 лютага MASSENHINRICHTUNG прэзентаваў песні з новага альбома, які пакуль назвы не мае. Скрыпка гучала проста бальзамам на вушы, а сама скрыпачка гурта ў вечаровай сукенцы і з завітымі бялявымі валасамі выглядала чорным анёлам у металічным пекле.

MASSENHINRICHTUNG

Вакаліст гэтым разам выступаў не ў робе, але з намёкам на лахманы на руках і шыі. Падчас сэту MASSENHINRICHTUNG у залі крычалі “Жыве Беларусь!”

“1914”

Цвік праграмы, украінскі гурт “1914”, спявае пра Першую сусветную вайну ў стылі black doom metal. Канцэпцыя праглядалася і ў сцэнічным увасабленні: мікрафон на падстаўцы ў форме стрэльбы, адзенне і грым вакаліста, поўзанне па-пластунску…

“1914”

Роля Першай сусветнай у гісторыі Украіны — гераічная і тым жа часам трагічная, што яднае яе з Беларуссю: абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці і яе страта, мары і спадзевы, што разбіліся аб жорсткую рэальнасць… Але жыве Беларусь і слава Украіне! І дзякуй гурту, што завітаў у Мінск!

1914

Фота Змітра Сачыўкі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: