Звон з Зялёнай Гуры праз сто гадоў знайшоўся ў Віцебску

Раней звон вісеў у пратэстанцкай фары — сёння храм Маці Божай Чэнстахоўскай.



Ілюстрацыйны здымак. Фота pixabay.com/momentmal

Звон з Зялёнай Гуры (Zielona Góra) павінен быў быць пераплаўлены ў гарматы. Праз сто гадоў ён знайшоўся ў Беларусі.

Доктар Марцэлі Турэчак (Marceli Tureczek), гісторык з Зялёнагурскага універсітэта, нечакана натрапіў на след звона з касцёла Маці Божай Чэнстахоўскай у Зялёнай Гуры. Падчас Першай сусветнай вайны званы масава пераплаўлялі ў снарады. Гэтаму пашанцавала — і ён аказаўся ў Віцебску, — піша ў штадзёнцы Gazeta Wyborcza Артур Лукасевіч.

Марцэлі Турэчак спецыялізуецца на эпіграфіцы, то-бок чытанні і аналізе надпісаў на метале, дрэве і камні. Сябар з Літвы Гінтаўтас Заленас, які вывучае званы, папрасіў яго дапамогі.

— Ішлося пра пераклад нейкага нямецкага і лацінскага надпісу на звоне, які знаходзіцца ў Віцебску. Дапамогі прасілі калегі з Беларусі, — расказвае доктар Турэчак. — Пераклад аказаўся лёгкім і адначасова сенсацыйным. У Віцебску, які якраз з'яўляецца горадам-пабрацімам Зялёнай Гуры, знаходзіцца звон, які паходзіць з Зялёнай Гуры. Раней ён вісеў у пратэстанцкай фары — сёння храм Маці Божай Чэнстахоўскай. Ён быў адліты ў 1828 годзе разам з узвядзеннем вежы.

Падчас Першай сусветнай вайны нямецкая армія запатрабавала царкоўныя званы, помнікі, нават трубы з касцёльных арганаў. Яны былі пераплаўлены ў гарматы і снарады. Нават помнікі імператару Вільгельму не абышлі бокам. Пра тое, што званы таксама падлягаюць канфіскацыі на ваенныя мэты, было абвешчана ў сакавіку 1917 года. З касцельных вежаў у Сілезіі было знята 3,7 тысячы званоў, то-бок больш за палову ад усіх.

Якім чынам, звон з Зялёнай-Гуры знайшоў дарогу ў Віцебск?

— Тлумачэнне адно: гэты звон, магчыма, пайшоў на склад у Араніенбург (сёння раён Берліна. — Рэд.) Альбо застаўся да канца вайны дзесьці на мясцовым складзе. Пасля акупацыі гэтых раёнаў Чырвонай арміяй, звон, як ваенная здабыча, павезлі на ўсход, — патлумачыў доктар Турэчак.

www.polskieradio.pl

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: