Жыццё працягваецца, цемра сыдзе! — адбылася творчая сустрэча з Аляксандрам Памідоравым

У сталічным клубе «Графіці» адбылася творчая сустрэча з Аляксандрам Памідоравым.
Апошнім часам стужка навінаў не часта радуе нас добрымі весткамі, сустрэчы з сябрамі могуць скончыцца таксама не вельмі добра. Таму ў гэты вечар аматары творчасці Аляксандра Памідорава былі вельмі рады сабрацца разам у легендарным клубе, пагутарыць, паслухаць музыку ды выпіць па куфлю піва ці гарбаты.

У кастрычніку мінулага года прэзентацыя альбому «Эстрада» гурта Аляксандра Памідорава «П'яныя госці» за некалькі хвілін да пачатку была забароненая, але ўчора ўсё атрымалася.

Аляксандр спяваў свае самыя вядомыя творы, адказваў на пытанні слухачоў, распавядаў цікавыя гісторыі з жыцця.

«На каляды», «Гаварыць па-кітайску», «Я выхажу» і шмат іншых спявалі амаль усе разам. А калі напрыканцы вечара загучала «Простыя словы», некаторыя не стрымлівалі слёзаў удзячнасці.

Не абышлося і без эксперыментаў — песня «Rising Arrows» вядомага гурта «Gods Tower» у акустыцы ды яшчэ ў перакладзе на беларускую мову гучала незвычайна, але ўсім вельмі спадабалася.  Аляксандр Памідораў пажартаваў: «Добра, што гэта вось не чуе Лэслі (Уладзіслаў «Lesley Knife» Наважылаў, лідар «Gods Tower», з якім Аляксандр даўно сябруе. — Заўв. НЧ)».

Шмат хто з наведвальнікаў, дарэчы, «развіртуаліўся» — і гледачы з задавальненнем размаўлялі адно з адным.
Вечар чацвярга атрымаўся ўтульным, сяброўскім і шчырым. Жыццё працягваецца, цемра сыдзе!

Фота аўтара


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: