Жыццёвы крыж творцы — быць вуснамі Бога

У нашай краіне сталася так, што афіцыйнымі з’яўляюцца дзве мовы. Але мова, дадзеная нам Богам, не расейская.


«Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць» (Ян, 1:1–3).

Я не выпадкова пачаў з цытаты Бібліі. На маю думку, «Каложскі дабравест» — паэтычны зборнік духоўнай лірыкі 11 аўтараў — і з’яўляецца тым самым Божым Словам, праз якое ўсё пачалося. Тым Словам, якое ўсяляе надзею і веру, якое вядзе пасродкам рытму і рыфмы ў іншы, адрозны свет, Божы свет, дзе ў рэшце рэшт душа знаходзіць доўгачаканы спачын і супакой, прыемную ўсцішанасць.

Сам назоў зборніка вельмі трапна і дасціпна адпавядае сваёй напаўняльнасці, сутнасці — «Каложскі Дабравест». Ён як той звон старадаўняй Каложы, які заклікае вернікаў да набажэнства, супольнай малітвы, заклікае нас да роздуму пра нашае мінулае, пра нашу штодзённасць і будучыню. І чытач разам з паэтамі, творы якіх увайшлі ў гэты зборнік, можа паспрабаваць знайсці адказы на пытанні, якія раз-пораз узнікаюць у кожнага: дзеля чаго мы прыйшлі ў гэты свет, у чым наша наканаванасць, што ёсць пачатак, а што канец, і што ёсць Бог.

Вершы зборніка пакліканы да аб’яднання, сабаравання вернікаў усіх канфесій: будзь ты праваслаўны, каталік, пратэстант ці нават мусульманін — ва ўсіх нас адзін Бог. Так, магчыма, мы і звяртаемся да яго па-рознаму, выконваем розныя рытуалы, але ўсе мы просім Яго аб адным і тым жа: аб любові, аб здароўі, аб шчасці, аб дабрабыце. Так і творы, якія сабраны пад гэтай вокладкай, выконваюць па сутнасці тую ж функцыю: функцыю малітвы. А калі ўжо зусім проста — гэта кранальная, шчырая, нязмушаная размова з Богам.

Размова на мове, на якой сам Бог звяртаецца да нашага народа, на мове, якую ён даў нам дзеля кумунікацый. У нашай краіне сталася так, што афіцыйнымі з’яўляюцца дзве мовы. Але мова, дадзеная нам Богам, не расейская. Наша мова — беларуская! Менавіта на гэтай мове размаўляе з намі Усявышні, на гэтай жа мове мелі б зносіны з Ім і мы. Толькі словы на гэтай мове здольныя крануць нашу душу, здольныя прымусіць яе затрымцець, зазвінець і агаліць сваю сапраўдную сутнасць.

Некаторыя, мяркую, мне запярэчаць, што гэта не так. Але толькі словы, прамоўленыя па-беларуску, выклікаюць нават у расейскамоўных беларусаў слёзы. Малітва на гэтай мове кранае сэрцы ўсіх беларусаў, таму што гэта ёсць мова нашай душы, мова, дадзеная нам Богам. Мы можам усё сваё жыццё размаўляць і думаць выключна па-расейску і нават не здагадвацца аб сваёй сапраўднай сутнасці душы.

Вершаваныя творы зборніка напісаны «на мове душы». І толькі гэтае Божае Слова здольнае ацаліць нашыя сэрцы і душы ад рознага кшталту хваробаў і ачысціць нас ад грахоў і пошасці нячыстага. Мне здаецца, што калі б расейскамоўныя беларусы прачыталі гэты зборнік, дык абавязкова пераканаліся б у гэтым і знайшлі б у маіх словах «зерне рацыі».

 Я настойліва раіў бы прачытаць гэтыя творы ўголас, так, каб адчуць рытм, «вібрацыю». Слова, прамоўленае ўголас, уздзейнічае інакш. Спярша, вылецеўшы з нашых вуснаў, яно скіроўваецца да адрасата гэтага паслання, а потым вяртаецца назад, адоранае, прасякнутае цеплынёй і любоўю.  

Яшчэ адным плюсам гэта зборніка з’яўляецца тое, што побач з творамі ўжо вядомых паэтаў, якія падарылі нашай краіне шмат цудоўных вершаў, змешчаны творы маладых талентаў нашай зямлі, якія робяць першыя крокі ў гэтай галіне. Што праўда, гэтыя крокі даволі ўпэненыя і цвёрдыя. І побач з такімі аўтарамі, як Данута Бічэль, Зніч (Алег Бембель), Юрка Голуб, і іншыя выглядаюць вартымі пераемнікамі і прадаўжальнікамі традыцый сваіх старэйшых калег. І няма аніякага сумневу, што яны падораць усім нам яшчэ шмат выдатных твораў, якія годна рэпрэзентуюць нашу краіну ў сусветнай літаратуры.

Апроч некаторых твораў слынных і маладых паэтаў нашага краю, зборнік знаёміць чытача з кароткай біяграфіяй творцаў і іх творчымі ўнёскамі ў скарбонку нашай літаратуры.

Творы аўтараў, хоць і аб’яднаныя цудатворным пакровам хрысціянскай духоўнасці і непахіснасцю веры ў Бога, усё ж вельмі розныя. Адны спрабуюць зразумець Сусвет і Бога праз пазнанне саміх сябе і сваёй сапраўднай сутнасці, як Алег Бембель:


…і ўбачыў за ззяннем бясконцых кругоў
дапытлівых думак спакусна-прыгожых —
аб тайнах апошніх абіцеляў Божых —
Дом Божы ля каменя сэрца майго…

Другія знаходзяць духоўную падтрымку і сілкаванне сваёй веры і творчасці ў далёкім мінулым. Магчыма, дзякуючы гэтаму яны бачаць тую несправядлівасць, якая пануе на абшарах нашага краю. Да прыкладу — Данута Бічэль. У некаторых ейных радках адчуваецца востры боль і неспакой паэтэсы за лёс нашай Радзімы, за нашу будучыню. Здавалася б, мы цяпер жывем у вольнай і незалежнай Беларусі, але разам з тым нібы ў палоне. Скаваныя кайданамі, ланцугамі ворага, мы маўкліва назіраем за тым, як неўпрыкмет вынішчаюць нашу памяць і нашу мову:

Ад нараджэння духоўных пачаткаў,
каб задыхнуліся мы ў цемнаце,
вораг душу вынішчае ў нашчадкаў,
мову і памяць адняў у дзяцей.
( «Правілы паводзін для школьнікаў»)

Але ўжо ў вершы «Спас» з ейных грудзей вырываецца заклік не галасіць і не плакаць па Спасе Хрысце, а значыць, і па нашым краі. Хрыстос не памёр, Ён вечна жывы! Не памерлі, і мы і наш край, беларусы! Ісус наш паратунак і наша будучыня! Ён перамог забыццё, адолеў і скарыў смерць, паўстаў з магілы насуперак катам і ворагам Божым. А цяпер Ён, Хрыстос, дапаможа і нам, беларусам, абудзіцца, паўстаць, уваскрэснуць з мёртвых. У ім наша сіла і наша збавенне, Ён наша паходня-штандар, якая выведзе нас з палону цемры да святла і волі:

Не насіце жлобы па Спасе,
жывым чалавеку!
Тут маліліся продкі на полацкай
мове спрадвеку!
Святы Спас уваскрэснуць склікае,
скідае прымусы!
Незалежныя, вольныя,
вечныя мы — беларусы!
(«Спас»)

Трывожныя погляды на нашу бу­дзённасць і будучыню гучаць і ў паэта Анатоля Брусевіча. Дык што тады чакае нас, калі мы гатовы славіць каго заўгодна, а саміх сябе паліваем брудам, саміх сябе лічым амаль не смеццем гэтай зямлі. Наша краіна ператварылася ў краіну абсурду, дзе амаль кожны спрабуе прымераць на сабе кагосьці іншага і ўсё жыццё гатовы быць гэтым іншым, але толькі не самім сабою:

Таму не пачуем гімну,
Якім паспаліты люд
Чужую славіць айчыну,
Сваю затаптаўшы ў бруд.
(«На струнах…»)  

Трэція, як Вольга Агапонава, глядзяць на будучыню і прышласць нашага народа праз прызму веры. Гэтыя радкі, на маю думку, вельмі трапна і цудоўна характарызуюць нас на нашым гістарычным раздарожжы:

«Даруецца ці не мая бяздзейнасць?» —
Ён пракрычаў з маленнем багавейным,
І ўбачылі тут у плямах… іншы крыж,
Які народы памянялі на прэстыж,
Пакінуць не змаглі, а несці адракліся…
( «Апошні Суд»)
 
У апошняй частцы верша Вольга нагадвае ўсім нам, што напрыканцы жыцця ўсіх чакае Вышэйшы Суд, дзе мы будзем несці адказнасць за свае ўчынкі. І гэты Суд чакае не толькі кожнага асобнага чалавека, але цэлыя народы і нацыі:

Спадае мішура з вачэй
Людскога роду.
Пад крыжам… беларус стаіць
І бачыць… Бога!
( «Апошні Суд»)

Апроч высокага, якое ўласціва ўсім паэтам, у зборніку знайшлося месца і «простаму», чалавечаму: любові да блізкіх і родных людзей. Людзей, якія ўжо сыйшлі з зямнога жыцця, але ўсё ж па-ранейшаму працягваюць жыць у памяці тых, хто іх любіў і любіць. А самае галоўнае — верыць, як Алена Бабіч, што яны не памерлі, а жывуць у іншым вымярэнні, нябачным нашаму воку:

І як гаварылі,
і як маўчалі,
і як дабрыню
прыняла за ліха,
і як ты казаў,
каб цябе хавалі,
і як ты праз тыдзень
памёр ціха.
(«Дзядуля»)

Таксама Алена вельмі прыгожа апісала нашу мізэрнасць і бездапаможнасць перад сіламі прыроды, а значыць, і перад тым, хто стварыў усё існае, перад Богам:

Гэтым днём раскідала неба
Што хацела, куды глядзела,
Нават гонар змяшала з глебай,
І ад болю здурнела цела.
(«Прычашчэнне»)

Непакоіць аўтараў вершаваных радкоў і «малая», але ж вельмі блізкая Айчына. А гэта — нішто іншае, як родная вёская, якая гібее, памірае. Так, непазбежную смерць свайго роднага куточка апісаў Павел Каспяровіч:

Ані бацькі няма, ані маці,
Толькі прывіды ходзяць па хаце.
І бягуць па заснежаным следзе,
Можа, едзе хто там, можа, едзе.
( «Рэквіем па беларускай вёсцы»)

Будучы святаром, аўтар не абмінуў і таго, што чакае кожнага пасля сканчэння жыццёвай місіі. Таму заклікае чытачоў ужо цяпер задумацца аб тым, што ён хоча для сябе: вечныя пакуты пекла ці незямную асалоду раю:

Ці справа стаяць, ці злева,
Авечкаю быць ці казлом,
Каму прысвячаць свае спевы,
Ісці за дабром, альбо злом.
(«Ні надыход снегападу»)

Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, зазначу, што «Каложскі Дабравест» — гэта не проста зборнік вершаў на духоўную тэматыку, а нешта большае. У ім — падтрымка кожнага з нас, якую паслаў нам наш Войча праз сваіх найлепшых сыноў і дачок. Жыццёвы крыж якіх — умацоўваць веру і надзею на лепшае будучае ўсіх нас — шараговых абывацеляў. Такое іх наканаванне: быць гонарам і сумленнем нашага народа, выкрываць усе хібы і заганы нашага сучаснага і мінулага, паказваць шлях у лепшае заўтра, зазываць свой народ да шчырай і плённай працы на карысць нашага агульнага дома — Беларусі.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-03-23 12:26:51
Я і ТЫ

Спі, мая мованька.
Спі ціха, моўчанька.
Мы на Зямлі адны
Родныя - я і ты.

Зоркай даверлівай
Вечнасць паверыла:
З Госпадам ты прыйшла -
Нас на Зямлі знайшла.

Толькі з табой мой лёс
Дадзены нам з Нябёс.
Мы на Зямлі адны
Родныя - я і ты.

Сонейка ўзыйдзЕ
Й адгукнецца Дзень:
Дабрыдзень, сонейка!
Дабрыдзень, мованька!

Толькі з табой мой лёс
Дадзены нам з нябёс.

Не развітаемся -
Толькі ўлюбляемся…

З Госпадам ты прыйшла,
Нас назаўжды знайшла.

Мы на Зямлі адны
Родныя - я і ты.

© 2011 Анатоль Starkou