Бронікамізэлькі, аўтаматы, балаклавы і пагрозы прыкаваць да батарэі

Сёння актывісты анархісцкага і зялёнага руху, у якіх адбыліся ператрусы, правялі прэс-канферэнцыю, на якой распавялі пра дзіўныя рэчы, што адбываліся ў іх дамах.


Абвінавачваецца… кватэра?

Як паведаміла калегам журналістка-фрылансер Марына Кастылянчанка, ператрус у яе пачаўся каля сямі гадзінаў раніцы. У дзверы грукалі настойліва і папярэджвалі яе, каб яна не даводзіла справу да «як тады». «Як тады» — гэта напярэдадні 25 сакавіка, калі ў яе таксама правялі ператрус, пры гэтым выбіўшы дзверы.

Калі Марыне паказалі пастанову на правядзенне следчых дзеянняў, яна адразу звярнула ўвагу на два моманты. Першы — што яны праводзяцца ў сувязі з падпалам рэкламнага білборду ў Івацэвічах, і што ёсць падазрэнне, што ў хаце, дзе яна жыве, могуць знаходзіцца зброя і выбуховыя рэчы. Другое — што яна асабіста там ніяк не пазначана. Пастанова была на правядзенне вобшуку менавіта ў кватэры, а не ў яе.

У выніку следчыя правялі ў яе дома паўтары гадзіны. Пры гэтым адзін з іх ужо быў у яе ўвесну. «Было нават цікава: там, дзе ў мяне зваленыя старыя рэчы, іншая трасца, да якой не дакранаюся гадамі, той чалавек толькі паглядзеў і сказаў сваім калегам, што там няма нічога цікавага. Такі вось быў ператрус», — адзначыла Кастылянчанка.

Марына Кастылянчанка (злева) распавядае пра свой дзіўны ператрус

Па выніках у яе забралі літаратуру, тэлефон, кампутар. Што таксама выклікала у Кастылянчанкі здзіўленне. Усе гэтыя рэчы ўжо вымаліся ў яе пад час вясновага вобшуку, прайшлі праз экспертызу, вернутыя ёй і зараз — вынятыя ў другі раз.

Прычым, якія адносіны рабочы кампутар, кнігі і мабільны тэлефон маюць да выбухоўкі і зброі, якія, паводле пастановы, павінны былі шукаць следчыя — невядома.

Нішто чалавечае ім...

У прыватным двухпавярховым доме, дзе жыве выканаўчая дырэктарка грамадскага аб’яднання «Экадом» Марына Дубіна ўсё было значна цікавей. Да яе таксама завіталі а 7-й раніцы, аднак адкрыцця дзвярэй не асабліва чакалі. Ледзь-ледзь Марына паспела яе прыадчыніць, як у хату уварваліся ўзброеныя аўтаматамі байцы ў масках. Яны паклалі ўсіх прысутных у доме на падлогу, прайшліся па іх ботамі, і толькі потым за імі сціпла ўвайшлі следчыя.

Падстава для ператрусу тая ж — падпал у Івацэвічах. Хто канкрэтна абвінавачваецца ці падазраецца ў дачыненні да падпалу — зноў невядома. Падазраецца дом, у якім зноў шукаюць выбухоўку. Шукаюць выбухоўку, але забіраюць, зноў, — літаратуру, кампутары, мабільныя тэлефоны.

Пры гэтым у доме, акрамя Дубінай, знаходзяцца яшчэ чатыры чалавекі адна з іх — грамадзянка Германіі. «Затрыманых» гаспадароў зганяюць у асобны пакой, а «падазроныя рэчы» агулам адносяць на кухню. На заўвагі і прапановы перапісаць хаця б тое, дзе чые рэчы, які кампутар каму належыць і дзе чый мабільны тэлефон, следчыя не рэагуюць — зносяць усё ў агульную кучу са словамі «там разбярэмся».

У агульную кучу паклалі і грошы сябра Марыны Ігара Трухановіча. Прычым, калі іх вымалі, грошы пералічылі пры панятых — было 1550 еўра. Калі ж пачалі складаць канчатковы акт выняцця, аказалася, што ў агульнай кучы на кухні — ужо 1055 еўра. «Кіраўнік следчай групы пры нас запытаўся ў следчых, хто пералічваў грошы. Яны не прызналіся. Ён запытаўся, ці лічылі іх увогуле. На гэта я і паняты адказалі — так, лічылі. Было 1550 еўра», — расказвае Ігар.

Марына Кастылянчанка, Марына Дубіна, Ігар Трухановіч і Яўген Дзяткоўскі


Па яго словах, следчыя спрабавалі ціснуць на панятых, каб тыя таксама прызналіся, што грошы ці не лічылі, ці тыя «не памятаюць», колькі ж было еўра пры пачатковым падліку. Але, паколькі вобшук ішоў ужо 11 гадзін, разбірацца, куды зніклі паўтысячы еўрапейскай валюты, ніхто не стаў. Ігару было прапанавана пісаць скаргу на следчых, якія праводзілі ператрус, а там «кіраўніцтва разбярэцца».

Ігар нікога не абвінавачвае. Ён проста канстатуе факт: усе «свае» сядзелі ў асобным пакойчыку. Да кухні, дзе былі зваленыя рэчы і грошы, мелі доступ толькі ўзброеныя людзі ў камуфляжы і следчыя. Грошы зніклі.

«Вы што, фільмаў пераглядзелі?»

Сацыяльнай актывісткі Анісіі Казлюк на момант ператрусу дома не было, але была яе суседка. Суседка была ўражаная: да яе таксама завіталі людзі ў поўнай экіпіроўцы: у бронекамізэльках, балаклавах, з аўтаматамі, молатам і ломам. Бачна, рыхтаваліся выбіваць дзверы. Калі суседка папрасіла следчых хаця б прадставіцца, ёй адказалі: «Вы што, фільмаў пераглядзелі?» А калі гэтая суседка пачала настойваць, то ёй паабяцалі прыкуць яе кайданкамі да батарэі.

Следчыя забралі тэхніку, носьбіты інфармацыі, флэш-карту з фотаапарата і нататнікі Анісіі.

Да Анісіі Казлюк прыйшлі з ломам і молатам


Інфармацыя важнейшая за зброю?

Калі актывістаў папрасілі сказаць, чаму, на іх думку, прыйшлі менавіта да іх, яны проста развялі рукамі. Па іх словах, яны і самі б хацелі ведаць, якое яны дачыненне маюць да «івацэвіцкай справы» і чаму прыйшлі менавіта да іх. Але следчыя на такія пытанні не адказвалі, а таму застаецца пераадрасаваць іх у МУС ды Следчы камітэт.

Пра прычыны ператрусаў іх фігуранты, хутчэй, гадалі. Мажліва, гэта звязана з іх актывізмам у анархісцкім ды «зялёным» руху, і тое не факт — Анісія Казлюк, напрыклад, не мае дачынення ані да «зялёных», ані да анархістаў. Мажліва, невыпадкова ператрусы прайшлі ў тых, у каго яны ўжо праходзілі перад 25-м сакавіка. Мажліва, такім чынам улады імкнуцца «нешта накапаць» напярэдадні восеньскіх акцый пратэсту. Але ўсё гэта — толькі «мажліва».

Самі фігуранты ператрусаў не ведаюць нават, у якім статусе яны знаходзяцца. Хто яны ў справе: сведкі, падазраваныя, абвінавачваемыя? У іх проста забралі рэчы, і дагэтуль невядома, на якой падставе. Як і невядома, хто будзе іх вяртаць.

Як невядома і тое, якім чынам пошук выбуховых прыстасаванняў і зброі можа тычыцца кампутараў, нататнікаў, тэлефонаў і носьбітаў інфармацыі. Можа быць, зараз слова — важнейшая за зброю?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: