100-годдзе БНР: час менеджэраў, а не палітыканаў

Не варта злавацца на аргкамітэт Дня Волі, які перасварыўся праз дылему шэсце/канцэрт. Прынамсі мы ўбачылі, што ў іх найлепш атрымліваецца трэці сцэнар — гістарычная рэканструкцыя. Сваркі паміж лідарамі, як вядома, былі адным з фактараў фіяска БНР…

Фотакалаж ад Арт-Сядзібы

Фотакалаж ад Арт-Сядзібы

Насамрэч, зараз адбываецца адна вельмі цікавая штуковіна, якую мы не заўважаем праз хайп вакол #БНР100. Па-першае, мы ўпершыню ўбачылі ў анлайн рэжыме, як праходзяць перамовы апазіцыйных лідараў перад важнай дзвіжухай. Раней былі адно пытанні ўголас: «Ну чаму яны не могуць дамовіцца?» «Дзе адзіны кандыдат?» і г.д. А зараз ўсё ясна: яны не дамовяцца ніколі, бо не хочуць, бо такія, якія ёсць.

Па-другое, апроч звінавачванняў, экспрэсіі, гучных хлопанняў па сталу (Станіслаўскі сказаў бы: «Веру!»), на тым памятным аргкаме прагучала адна цудоўная фраза. «Дык што мне пісаць у фэйсбуку?!» — гэта голас таго, хто кліча ў пустыні, то бок Паўла Белавуса. Таленавіты і крэатыўны менеджэр, магчыма, упершыню трапіў на сход апазіцыйных бонзаў і… наўпрост не зразумеў усіх гэтых езуіцкіх фармулёвак пра стасункі перамоўнай і працоўнай групаў, шматпавярховыя галасаванні і зацверджанні — гэтага ўсяго.

Па-трэцяе, увесь гэты бардак на аргкаме , выплеснуты дзякуючы інтэрнэту на нас з вамі, нарэшце падштурхне людзей думаць і заклікаць ужо не да аб’яднання ўсіх з усімі, але да поўнай змены фармату. Частка так званых лідараў мае наўпрост сыйсці на пенсію, перастаць прымаць рашэнні альбо рабіць выгляд, што іх прымае. Бо гэта ўжо сапраўды нагадвае тэатр з акторамі, якія максімальна ўжыліся ў свае ролі: «лідар камітэту», «лідар руху», «сакратар партыі» і г.д.

А побач ёсць сапраўдныя менеджэры і адмыслоўцы ад працы ў СМІ — Белавус, Матолька, Пальчыс — якім нават месца за перамоўным сталом не хапіла. Гэта іх час, іх свята, іх слухаюць людзі, яны маюць новыя ідэі і шляхі іх рэалізацыі. Карацей, лідары — яны, а не генералы папяровых структураў з трох з паловай чалавек (адзін з якіх абавязкова апынецца камуністам ці сябрам НОД — самі разумееце, кадравы крызіс).

Справа ў тым, што 100-годдзе БНР стала ўсяго толькі лакмусавай паперкай нашай рэчаіснасці. Час палітыканаў, якія бачылі сябе рэпрэзентантамі народнай думкі, немінуча сыйшоў. Надыходзіць час менеджэраў і блогераў, інжынераў грамадскай думкі. Сітуацыя з грашыма на шыльду БНР на вул. Валадарскага, якія былі сабраныя за тры гадзіны без аніякіх грантаў і дапамогі невядома каго «з-а бугра» — яскравае таму сведчанне. Народ можа і хоча падтрымліваць нацыянальныя праекты, але дасць толькі тым — каму верыць.

Калі мы хочам, каб 25 сакавіка сапраўды было падобным на свята, куды не страшна прыйсці з дзяўчынай альбо дзецьмі, куды не трэба браць у заплечніку “джэнтэльменскі набор” для Акрэсціна, калі хочам, каб гэты дзень застаўся светлай і сонечнай старонкай нашай гісторыі — ідзем 25 сакавіка да Опернага на канцэрт.

Калі ж хочам паблукаць па цэнтры горада кампашкай у складзе 300 чалавек, пакрычаць перад аб’ектывамі, паслухаць акустычны выступ аднаго барда, бо ніхто як заўжды не паклапаціліся пра калонкі — падтрымаем фармат шэсця. Такі сцэнар цалкам пад’ёмны, чаму не? Толькі ў гэтым выпадку, лавачку пад шыльдай «бел-апазіцыя» можна будзе зачыняць ужо назаўжды: апошні перад выхадам хай згасіць святло.



НЧ. Меркаванне рэдакцыі не заўжды супадае з меркаваннямі аўтараў



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-03-02 18:54:04
Напэўна так яно і е. Маладым давай дарогу!
  • Лена-праз-калена
  • 2018-03-02 21:58:13
нажаль на тым аргкаме, калі стрым глядзець, Лагвінец Алесь маўчаў увесь час... цікава было б ягоную думку пачуць... раней, да кампаніі легалайзу прынамсі, ён падаваўся цалкам адэкватным палітыкам... вось
  • Yury
  • 2018-03-03 09:14:41
Апазіцыя выбрала найлепшы шлях - самазьнішчэньне. І другое - калі хутка бегчы у гаркам па шчаўчку пальцаў то яны мяркуюць што страты Твару не адбудзецца. Паветра падтрымлівае Твар калі хуткасьць дастатковая. Бягі хлапец бягі ...
  • ротмистр
  • 2018-03-03 10:36:20
лучше бегать в Варшаву или Вильнюс по щелчку пальца, правда же?))) лучше договариваться с иностранцами, чем со своими соотечественниками?.. нет уж, мы в Беларуси как-нибудь сами разберемся
  • ВР
  • 2018-03-04 15:05:26
Пытанне да аўтара. Дапусцім, 25 сак. Вы пойдзеце на канцэрт, а людзі Статкевіча (300, 200 або 400, не так важна) пойдуць на несанкцыянаванае шэсце. У час канцэрта Вы даведваецеся, што іх пачынае вінціць АМАП. Вашы далейшыя дзеянні? а) пабяжыце на падтрымку "кампашкі"; б) ціхенька сыйдзеце з канцэрта, бо настрой будзе сапсаваны; в) працягнеце ўдзел у святочным мерапрыемстве.
  • аўтар
  • 2018-03-05 01:07:06
Шчыра спадзяюся, што ва ўладаў хопіць розуму не вінціць "кампашку" на Коласа і не рабіць выдатны падарунак мурзікам, якія стаяць там на чале. А наогул Ваша пытанне мае ноткі шантажа, так кажуць 16-гадовыя дзяўчаты, якія сумуюць па хлопцу: "Калі ты не прыйдзеш - я на сябе рукі накладу!", "Не праводзіш дадому?.. Мне страшна!" - пардон, але ўсё гэта формы маніпуляцыяў.
  • Yury
  • 2018-03-05 09:14:18
Шыкоўна пра мурзікаў ... )))
А астатнія якую атрымаюць мянушку ?!
Тузікі, якія лісліва паглядаюць на сапраўднага гаспадара і чакаюць калі кінуць костку пагрызці ?!
  • ВР
  • 2018-03-05 10:51:43
Мне рэальна цікавая была пазіцыя экс-актывіста МФ (цяпер ужо - не; па сутнасці адказу не атрымаў, другі раз пытацца не стану). "А наогул Ваша пытанне мае ноткі шантажа..." Выбачайце, форма маніпуляцыі - гэта калі праз масавае выданне "чмыраць" палітычных канкурэнтаў, за якімі яшчэ ўчора бегалі ў кароткіх портках. Мне Статкевіч не брат і не сват, але брыдка ад таго, як калумністы "Нар. волі", "НН" і "НЧ" дзьмуць у адну дуду. Я немалады чалавек і помню, як "чмырылі" Казуліна перад выбарамі 2006 г., дый нават адразу пасля: маўляў, не пайшоў за Мілінкевічам, значыць, раскольнік і правакатар... Пагугліце, чым гэта скончылася.
Добра, што ў "НЧ" хапіла глуздоў дапісаць "Меркаванне рэдакцыі не заўжды супадае з меркаваннямі аўтараў".
  • аўтар
  • 2018-03-05 22:01:41
Адкрыю Вам таямніцу: "Меркаванне рэдакцыі не заўжды супадае з меркаваннямі аўтараў" - дапісаў сам аўтар) бо гэта нармальная практыка, калі меркаванні людзей не супадаюць. галоўнае, вырашаць усё цывілізаваным чынам. Мне таксама быў сімпатычны Статкевіч і мяне былі судзілі нават некалі за ягоную акцыю ў Горадні ў 2010-м, калі натоўпам мы прайшліся па пр. Купалы ад ФІлармоніі да нейкага там вучылішча. я тады апынуўся адзіным, хто прынёс сцяг і гэта максімальна характэрна для Статкевіча: смелыя, але цалкам не прадуманыя і не падрыхтаваныя акцыі...
  • Валя
  • 2018-03-04 19:30:32
Все собираемся на площади Якуба Коласа 25 марта!