14 гадоў таму выкралі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Сёння споўнілася 14 гадоў з часу знікнення вядомага апазіцыйнага палітыка і бізнесмена. Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999 года. 



Увечары яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму.
 
 
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага ўзбудзіла пракуратура Менска. Па дадзеных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень верагоднасці высноваў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.
 
 
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых службовых асоб краіны.
 
 
Нагадаем, у наступным годзе мінае тэрмін даўніны па расследаванні крымінальных спраў зніклых беларускіх апазіцыянераў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!