25 гадоў дэградацыі

Роўна 25 гадоў таму, 20 ліпеня 1994 года, адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі, 1994 год

Аляксандр Лукашэнка прысягае на Канстытуцыі, 1994 год

Пасада прэзідэнта ў краіне была ўведзеная ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, прынятай 15 сакавіка 1994 года. Ужо тады дэпутаты Апазіцыі БНФ заявілі пра пагрозу дыктатуры і не бралі ўдзелу ў галасаванні па «прэзідэнцкіх» раздзелах. Але гэта нічога не вырашыла.

Такім чынам, гэта быў першы і апошні ў гісторыі Беларусі раз, калі яна займела свайго легітымнага кіраўніка, які тады яшчэ з’яўляўся гарантам дэмакратыі і канстытуцыйных правоў. Усе наступныя свае выбары Лукашэнка праводзіў і «выйграваў» несумленна. Хаця тады, у 1994-м, ніхто і падумаць не мог, што ён прыйшоў «усур'ёз і надоўга».

Трыумфальная перамога былога дырэктара саўгаса і палітпрацаўніка Лукашэнкі тлумачылася тым, што ён абяцаў разабрацца з наменклатурнай мафіяй, перамагчы карупцыю, адолець эканамічны крызіс, у які скатвалася краіна і вярнуць такія родныя і знаёмыя электарату савецкія парадкі. У дадатак да гэтага быў узяты курс на інтэграцыю з Расіяй, што яшчэ больш нагадвала людзям пра «стабільнасць» часоў СССР. На фоне ўсеагульнай разгубленасці, у тым ліку ў Вярхоўным Савеце, будучы кіраўнік дзяржавы трымаўся ўпэўнена і выглядаў пераможцам. Заступаючы на прэзідэнцкую пасаду, ён прынёс прысягу ў Авальнай зале Дома ўраду пад бел-чырвона-белым сцягам на трыбуне з гербам «Пагоня» па-беларуску. Хаця ўвесь час выбарчай кампаніі насіў не бел-чырвона-белы значок, а стары БССРаўскі, чырвона-зялёны.

Час паказаў, што перадвыбарныя абяцанні Лукашэнкі аказаліся ні чым іншым, чым палітычнай прапагандай. Зрэшты, адно са сваіх абяцанняў ён усё ж спраўдзіў і «за цывілізаваным светам» народ не павёў. Краіна ўпарта працягвае цягнуць на сабе таўро савецкай «выспы стабільнасці», што непазбежна тармозіць яе развіццё. Інтэгрцыя з усходнім суседам, якая апошнім часам становіцца ўсё больш шчыльнай, прывяла да катастрафічнай даўгавой ямы і фактычнай страты незалежнасці. Злачынствы чыноўнікаў, карупцыя і напаўжывая эканоміка як былі, так і засталіся. А вось нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы і беларуская мова звяліся да мізэру і апынуліся ледзьве не па-за законам.

Звонку ж сённяшная сістэма ўлады, створая Лукашэнкам за дваццаць пяць гадоў кіравання, здаецца непрыступнай і не сустракае бачных выклікаў. Беларускі кіраўнік заўсёды падаўляў любыя патэнцыйныя пагрозы ва ўласным атачэнні, ажыццяўляў неаслабны нагляд за сілавымі органамі, вітаў суперніцтва розных структур дзяржапарата, мабілізаваў грамадства супраць унутраных і знешніх ворагаў. Неад’емным элементам такой сістэмы сталі пастаянныя ператрусы вышэйшых органаў улады. Лукашэнка, які завязаў на сабе вырашэнне ўсіх прынцыповых пытанняў, перыядычна ладзіў публічнае прафілактычнае прыніжэнне сваіх падначаленых, усяляк навязваў ім комплекс палітычнай і прафесійнай непаўнавартаснасці, напамінаў аб тленнасці іх палітычнага і фізічнага (пазбаўленне волі) існавання. Для некаторых (Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага) пагрозы, на жаль, пераўтварыліся ў рэальнасць — крытыкі кіравання Лукашэнкі зніклі без следу, а крымінальныя справы па іх знікненні былі спыненыя.

Як напачатку 1990-х, так і цяпер Беларусь мае патрэбу ў рэформах — эканамічных, палітычных, прававых. Але кіраўнік дзяржавы моцна трымаецца шляху дэградацыі і не збіраецца з яго адступаць. Аднак калі заняпад у розных сферах дзяржаўнага жыцця з часам можна пераадолець, то дэградацыю насельніцтва, якое за чвэрць стагоддзя амаль развучылася адстойваць свае правы і змагацца за будучыню краіны і пераўтварылася ў згодную маўклівую масу, якой зручна кіраваць, змяніць шматкроць складаней.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!