А вы ўпэўненыя?

Прэм’еры Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў парафіравалі праграму інтэграцыі дзвюх краін. Па словах Румаса — нічога страшнага. Маўляў, «праграма накіраваная на рэалізацыю выключна эканамічных палажэнняў і прадугледжвае механізмы, пры якіх на дзве краіны будзе функцыянаваць адзіны рынак».

Фота finobzor.ru

«Мы з Дзмітрыем Мядзведзевым падвялі рысу пад першым этапам вялікай працы, паставілі свае візы пад праграмай дзеянняў, зацвердзілі пералік дарожных картаў. 31 дарожная карта ўвайшла ў гэты пералік, і нам на працягу бліжэйшых двух месяцаў трэба будзе вельмі вялікая праца, каб да пачатку снежня падрыхтаваць для падпісання нашымі кіраўнікамі пакет з праграмы дзеянняў, дарожных картаў і некалькіх міжурадавых дамоваў», — распавёў Сяргей Румас.

Што там парафіравалі прэм’еры, мы яшчэ не бачылі. Румас абяцаў апублікаваць гэтую праграму пасля таго, як яе зацвердзяць.

Такім чынам, улада зноў наступае на тыя ж граблі. І гэтыя граблі б’юць па лбе ўсё мацней і мацней.

З аднаго боку, Румас і Мядз­ведзеў, ды іншыя «сатаварышы» даюць багата грунту для занепакоенасці і розных канспіралагічных версій. Бо, калі праграма накіравана на рэалізацыю «чыста эканамічных пагадненняў», дык чаму б яе не апрылюдніць зараз і не паслухаць, што народ скажа з гэтай нагоды? Ці сапраўды там толькі «эканамічны» складнік? Ці не існуе там нейкіх «сакрэтных пратаколаў», як у пакце Молатава — Рыбенторпа? Што хаваюць высокія дамоўныя бакі ад простага люду?

І чаму такім дзіўным чынам (дарэчы, як амаль заўсёды) плануецца яе апублікаванне — толькі тады, калі «праграма будзе зацверджаная», і змяніць гэтае зацвярджэнне будзе ўжо складана? Чаму нас плануюць проста паставіць перад фактам таго, што напісалі і выпрацавалі Румас і Мядзведзеў? Можа быць, маюць рацыю тыя, хто кажа пра пагрозу незалежнасці Беларусі ў выніку гэтай «глыбокай інтэграцыі», — калі ўсё робіцца так патаемна?

З другога боку, народ, які па Канстытуцыі з’яўляецца крыніцай улады ў Беларусі, можа не ўспрыняць такую «патаемную інтэграцыю». А што ў гэтым выпадку адбываецца — мы бачым цяпер на шматлікіх прыкладах. Узгадаем сумнавядомую будоўлю акумулятарнага завода ў Брэсце — там таксама «зацвердзілі» і пабудавалі, не вельмі пацікавіўшыся меркаваннем грамадзян. А ў выніку атрымалі галаўны боль ад масавых пратэстаў, «гемарой для ўладаў» (па выразе мясцовага кіраўніцтва) і даволі гучныя карупцыйныя справы.

Аналагічная сітуацыя ў Светлагорску з пабудаваным кітайцамі камбінатам. Таксама нічога нікому не паведамілі, «узгаднілі і зацвердзілі», а атрымалі бунт у рэгіёне.

Калі б у вышэй прыведзеных прыкладах, перш чым пачынаць марнаваць грошы на «інвестпраекты», улады пацікавіліся б меркаваннем жыхароў, правялі тлумачальную працу і хаця б пагутарылі з мясцовымі — можа, і не было б гэтых пратэстаў і абвастрэння сітуацыі. Але яны, улады, вырашылі, што таксама можна «апублікаваць пасля зацвярджэння», не ўлічваючы негатыўнае меркаванне людзей.

У выпадку з «інтэграцыйнымі» дакументамі — усё больш складана. Тут ужо патыхае не рэгіянальным пратэстам, а (не выключана) агульнанацыянальным. Раптам народу, які шмат ведае пра Брэст і Светлагорск, і таксама не забыўся на 2017-ты, калі праз масавыя пратэсты быў істотна зменены «дармаедскі дэкрэт», не спадабаюцца «інтэграцыйныя ідэі» Румаса? Раптам у гэтых «чыста эканамічных дарожных картах» нехта ўгледзіць, напрыклад, пагрозу для захопу «флагманаў беларускай прамысловасці» расійскім алігархатам?

Альбо ўяўляеце, якую паніку ў фінансавым сектары могуць утварыць «зацверджаныя» нават не рашэнні, а проста планы пераходу на «адзіную валюту саюзнай дзяржавы»? Асабліва, калі па змоўчванні гэтай «валютай» прызнаецца расійскі рубель, што каштуе тры беларускія капейкі? Народ, заробкі якога, паводле падлікаў эканамістаў ІПМ, растуць звыш прадукцыйнасці працы, зноў кінецца скупаць долары. А нашыя золатавалютныя рэзервы, хаця і дасягнулі рэкорднага за пяцігодку ўзроўню, усё ж не гумовыя. І мы атрымаем новы валютны крызіс.

Тады «патаемныя пратаколы Румаса» могуць прывесці ўжо не да лакальных пратэстаў, а да непрадказальных наступстваў — ад ажыятажу ў пунктах абмену валюты і да ўсеагульнага страйку.

Да таго ж цяпер у Беларусі — не самы зручны час для падпісання і зацвярджэння нейкіх міжурадавых дамоваў і пагадненняў. Шостая Палата прадстаўнікоў дажывае апошнія дні, палата новага склікання толькі набірае сваіх «кандыдатаў у кандыдаты». На носе — прэзідэнцкая кампанія. Ці можна быць на 100 працэнтаў упэўненым, што «дарожныя карты інтэграцыі» будуць зацверджаныя?

А вось абмеркаваць з народам тыя «праекты паглыбленай інтэграцыі», каб не дапусціць нейкіх праколаў і наступстваў, — самы час. Каб не давялося потым разганяць пратэстоўцаў вадамётамі і слезацечкай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!