Абаронцы Курапатаў не будуць весці перамоў пакуль рэстарацыя працуе

На сядзібе БНФ 12 ліпеня прайшоў круглы стол, дзе абаронцы Курапатаў і прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці абмеркавалі вынікі вахты, планы і прынялі рэзалюцыю.
Рэзалюцыя складаецца з трох пунктаў:

  1. Мы гатовыя размаўляць з уласьнікамі «Поедем, поедим» і прадстаўнікамі дзяржаўных ворганаў пасля спынення працы рэстарацыі.
  2. На момант перамоваў за кратамі не павінна быць абаронцаў Курапатаў.
  3. Мы асуджаем бальшавізм, нацызм і антысемітызм, патрабуем публічнага, на дзяржаўным узроўні, асуджэння гэтых злачынных ідэалогіяў, і настойваем на шырокім грамадскім абмеркаванні ў справе далейшай мемарыялізацыі Курапатаў.


Рэзалюцыю падпісалі Алена Анісім, Ганна Канапацкая, Ігар Барысаў, Наталля Гарачка, Юрась Губарэвіч, Ілля Дабратвор, Зміцер Каспяровіч, Рыгор Кастусёў, Леанід Кулакоў, Юрась Меляшкевіч, Вольга Мікалайчык, Васіль Палякоў, Уладзімір Раманоўскі, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Дзяніс Урбановіч, Ганна Шапуцька, Аляксей Янукевіч.

Круглы стол распачаўся з кароткіх прамоў удзельнікаў. Высвятлялі, хто вінаваты і што рабіць. На ролю вінаватых «прызначалі» то толькі дзяржаву, якая выдала дазвол на будаўніцтва, то і ўладальнікаў «Поедем, поедим» таксама, маўляў, ведалі, дзе будуюць. Амаль усе казалі пра тое, што перамовы з рэстаратарамі магчымыя толькі пры ўмове закрыцця іх установы і калі ніводзін абаронца Курапатаў не будзе за кратамі. Разышліся ў тэрміне закрыцця: ці то каб установа не працавала зусім, ці некалькі тыдняў, ці адзін дзень.

Абмяркоўвалася пытанне фармату абароны Курапатаў. Павел Севярынец распавёў, што прыкладна палова машын, атрымаўшы звесткі пра расстрэлы, з’язджае. Вакол кальцавой у раёне рэстарана назіраецца дзіўная актыўнасць па добраўпарадкаванні, якой не было нават перад візітам замежных дэлегацый 29 чэрвеня. У «Поедем, поедим» яўна чакаюць нейкую вельмі важную персону.

Дэпутатка Алена Анісім выказалася супраць гвалтоўных метадаў абароны і заклікала да спробы легалізаваць пікет. Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч прапаноўваў шукаць для вахты крэатыўныя рашэнні, напрыклад, прынесці калонкі і прайграваць для наведвальнікаў пахавальны марш Шапэна. Ілля Дабратвор заклікаў абаронцаў паводзіць сябе прыстойна, не рэагаваць на правакацыі, памятаць, што ў 2020-м годзе ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары, і ўсё відэа, знятае ў Курапатах, улады могуць выкарыстаць для дыскрэдытацыі апазіцыі. Да таго ж кампанія па абароне Курапатаў мусіць стаць урокам для бізнэсу, што дзейнічае ў краіне, на будучыню. Вольга Мікалайчык заклікала партыі прымаць больш актыўны ўдзел у варце. Сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык бачыць у будоўлі і функцыянаванні «Поедем, поедим» руку Лубянкі і стаіць на радыкальных пазіцыях не пускаць транспарт у рэстаран. Версію пра Лубянку, як заўважыў Сіўчык, нельга ні пацвердзіць, на абвергнуць. Як высветлілася ў апошнім расследаванні Дзяніса Івашына (чытайце ў нумары НЧ за 13 ліпеня), у будоўлі «Поедем, поедим» ангажаваны і расійскі капітал. Дзяніс Урбановіч нагадаў, што за кратамі застаюцца абаронцы Курапатаў Максім Вінярскі (вызваліцца 13 ліпеня) і Аляксей Туровіч (вызваліцца 14 ліпеня) і адмовіўся, пакуль яны ў зняволенні, выказваць сваё меркаванне пра вахту.

Дэбаты выклікала пытанне мемарыялізацыі Курапатаў. Ёсць думка, што мемарыялізацыя ўжо адбылася спантанна, і народны мемарыял павінны такім, які ён ёсць, быць легалізаваны. Выказваліся меркаванні, што дзяржава павінна паставіць у Курапатах нейкі помнік, асудзіўшы такім чынам, хаця б ускосна, рэпрэсіі. Прадстаўнік мінскага філіяла міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі распавёў, як у 2015-м годзе яны разам з пісьменнікам Васілём Якавенкам аглядалі непрацоўны рэстаран, які тады зваўся «Бульбаш-хол», і думалі пра музей у гэтых будынках. Потым спадару Раманоўскаму паступалі тэлефанаванні з пытаннямі, ці не хоча грамадзянская супольнасць выкупіць рэстаран. Пытанне застаецца актуальным і цяпер. На круглым стале сышліся на думцы, што выкупаць незаконна пабудаванае не варта, ды і складана будзе сабраць такія аграмадныя сродкі. Пракуратура дасюль не адказала ні на адзін з высланых абаронцамі зваротаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!