Абяцанкі — цацанкі

Зменаў у беларускіх выбарах Еўропа будзе чакаць яшчэ доўга. Бо навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе? Размовы Ярмошынай пра мадэрнізацыю Канстытуцыі, рэферэндум і тое, што менавіта гэтыя акалічнасці тармозяць выкананне рэкамендацый АБСЕ, — толькі размовы.

«У мяне для вас вельмі кепская навіна. Да нас едзе рэвізор», — прыкладна пад такім дэвізам прайшоў тыдзень у кіраўнічай вертыкалі.

Беларусь наведаў спецпрадстаўнік Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Кент Харстэд. Наведаў, фактычна, з адным пытаннем: чаму краіна не выконвае рэкамендацыі АБСЕ па паляпшэнні выбараў?

АБСЕ выдавала свае рэкамендацыі і па прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, і па парламенцкіх 2016-га. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына звыкла зацягвала вырашэнне пытання, каб гэтак жа звыкла адказаць: «Распачалася новая выбарчая кампанія, а коней на пераправе не мяняюць». Зараз да адказу на пытанне пра адсутнасць рэакцыі на рэкамендацыі АБСЕ яна падышла даволі крэатыўна. Маўляў, Аляксандр Рыгоравіч думае мадэрнізаваць Канстытуцыю, а змена Канстытуцыі адначасова з’яўляецца і зменай выбарчай сістэмы. Таму просім не перашкаджаць нашаму мазгавому працэсу.

Заўважым, што рэкамендацыі АБСЕ наконт беларускіх выбараў насамрэч ніяк не тычацца канстытуцыйнага ладу. Заўваг АБСЕ, па факце, тры: разабрацца з нашым фенаменальным датэрміновым галасаваннем, уключаць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі і здзяйсняць празрысты падлік галасоў, каб назіральнікам паказвалі бюлетэні. Ніякай карэкціроўкі Асноўнага закону для гэтага не трэба рабіць.

Безумоўна, беларуская Канстытуцыя патрабуе мадэрнізацыі: пра гэта кажуць ужо гадоў пяць. У сённяшнім варыянце гэтага дакумента дагэтуль існуе Эканамічны суд, які Лукашэнка даўно скасаваў. І таму Канстытуцыю трэба прывесці ў адпаведнасць з рэаліямі, што зрабіць можна толькі на рэферэндуме. Але, зноў жа, выключэнне з Асноўнага закону неіснуючага ўжо суда ніяк не тычыцца выбарчай сістэмы, а таму не можа замінаць выкананню рэкамендацый АБСЕ.

Пра якія ж змены ў Канстытуцыі кажа Ярмошына?

Беларускія палітолагі і аналітыкі кажуць, што асноўны варыянт магчымых зменаў — даўно абмяркоўваемы пераход ад мажарытарнай сістэмы выбараў на мажарытарна-прапарцыйную (змешаную) сістэму, калі частка дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах.

Але ў той жа час днямі ў Мінску прайшоў з’езд праўладнага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». І колькі кажуць пра змешаную сістэму выбараў — столькі ж кажуць пра пераўтварэнне «Белай Русі» ў партыю ўлады. Гэтага пераўтварэння на з’ездзе не адбылося. А значыць, і выбараў па партыйных спісах не будзе — як мінімум, да наступнага з’езду арганізацыі.

Разумныя галовы абмяркоўвалі яшчэ шмат ідэяў, як можна змяніць Канстытуцыю, закрануўшы выбары. Узгадалі прапанову ЛДПБ пра павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта да сямі гадоў, а дэпутатаў — да пяці. Праслізнула думка пра выбары прэзідэнта не народам, а парламентам. Але ўсё гэта — праекты, над якімі яшчэ думаць і думаць, калі Лукашэнка ўвогуле пра гэта задумваецца.

Але, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам ніякага рэферэндуму мы не дачакаемся. Зараз 2018 год, і неўзабаве пройдуць выбары ў мясцовыя саветы. А значыць, бюджэт і ліміт выбараў сёлета вычарпаны. У мінулым нумары мы пісалі пра тое, што Ярмошына хоча развесці па часе парламенцкія ды прэзідэнцкія выбары 2020 года і адны з іх перанесці на 2019-ты. Такім чынам, нейкая палітычная кампанія нас чакае ў наступным годзе. А сумяшчаць яе і рэферэндум, калі ўжо развялі выбары, будзе нелагічна. Народ справядліва запытае, чаму разам праводзіць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары нельга, а выбары і рэферэндум — можна.

У 2020-м будзе яшчэ адна выбарчая кампанія. Пытанне ўзнікне тое ж.

І, калі кіравацца логікай, рэферэндум па Канстытуцыі адкладаецца на 2021 год. Праўда, логіка ўлады можа быць адрозная ад нашай. Але і тут ёсць пэўныя моманты. Напрыклад, ці зручная зараз сітуацыя, каб нешта мяняць у выбарчай сістэме і Асноўным законе?

Адказ на гэтае пытанне: «Хутчэй не, чым так». У народа расце незадаволенасць дзеяннямі ўладаў: нізкімі заробкамі, тым, што па словах Лукашэнкі, «мы жывем не добра, а сціпла», рэспубліканскімі і мясцовымі праблемамі і поўнай адсутнасцю перспектыў кардынальнага паляпшэння сітуацыі. Увогуле, большасць беларусаў занятая зараз проста выжываннем, што яскрава паказвае кампанія па выбарах у мясцовыя саветы: ужо зарэгістравалі кандыдатаў, але асаблівага ажыятажу з гэтай нагоды што ў прэсе, што сярод насельніцтва няма.

Абвяшчаць у такіх абставінах рэферэндум, а тым больш забяспечыць на яго яўку — задача звышскладаная. А на ім жа трэба яшчэ і атрымаць «элегантную перамогу»! Наўрад ці нехта будзе рабіць рэферэндум нашармака.

Дый навошта Лукашэнку ламаць тое, што выдатна працуе?

Такім чынам, размовы Ярмошынай пра мадэрнізацыю Канстытуцыі, рэферэндум і тое, што менавіта гэтыя акалічнасці тармозяць выкананне рэкамендацый АБСЕ, — толькі размовы.

АБСЕ можа не чакаць выканання сваіх рэкамендацый як мінімум да 2021 года. Таму што ў нас зноў выбары тры гады запар, і зноў «коней на пераправе не мяняюць». А далей — як у показцы пра Хаджу Насрэдзіна: альбо ішак здохне, альбо султан памрэ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-01-29 10:06:03
Рэвізор з АБСЕ прыехаў абараняць на Беларусі сваю АБСЕўскую дэмакратыю. Кажуць шмат вякоў таму на Захадзе з’явіліся людзі багатыя і бедныя, якія працавалі на першых. То бок прыватная ўласнасць і немаёмны. І тады ж, кажуць, тамтэйшыя вырашылі, што меньшасць будзе багатай, а большасць беднай. Гэта эпахальнае рашэнне яны назвалі дэмакратыяй, ды тады ж прыбілі там-сям шыльды «Дэмакратыя» і гэтае прапагандысцкае слова іхнія СМІ данеслі непасрэдна да розуму і сумлення заходніх грамадзян. Так сталася заходняя дэмакратыя, пры якой багаты бос-гаспадар заўсёды меў рацыю, а бедны чалавек заўсёды бачыў тыя шыльды праз СМІ багацеяў. Дый улада тамака, кажуць, дэмакратычна падзелена на выканаўчую, заканадаўчую і судовую галіны. А быццё, бач ты, на багатых і бедных. Вось каго абараняюць на Захадзе тыя, хто стаіць ля заходняга стала падчас падліку галасоў і заходніх выбарах. Багатых абараняюць. Бо як не лічы тыя галасы на Захадзе, а багатыя застаюцца багатымі, а бедныя беднымі. Бывай, Новы час.
  • электарат
  • 2018-01-29 17:56:41
нас ня трэба ужопужаць - мы ужопужаныя
  • Anatol Starkou
  • 2018-01-29 20:17:56
Можа вы ўжо і пужаныя. Можа вы ўжо і смелыя, ня гледзячы на тое, што пішаце пад нікам, бо ў вас ужопужаных няма ні імёнаў, ні прозвішчаў. Можа яшчэ які рэвізор з АБСЕ прыедзе і навучыць вас жыць як на Захадзе, і вам захоччаца зрабіць на Беларусі тую ж самую іх дэмакратыю багатых і бедных, якая з часоў цара Гароху тамака існавала - ПАН і РАБ, частная собственность и неимущий. А таму, дзякуючы падобным публікацыям, вы выйдзеце на плошчу, дзень-другі паскачыце, а хто не скача - той не бел-чырвона-белы, і на трэці дзень стане ў насі заходняя дэмакратыя, пры якой можна будзе прачытаць у Новым часе не толькі меркаванне эксперта С.Пульшы, але й меркаванне не эксперта А.Старкова. То бок не будзе одностороннего пропагандистског движеиія в теме свобода слова. Але пакуль што ў нас тая дэмакратыя, якая працуе амаль сто лят пры нашых бальшавіках і тым больш яна правільная для большасці грамадзян падчас станаўлення юнай суверэннай дзяржавы РБ. Інакш выўжопужаныя загубілі б эканоміку і дзяржаву.
  • Гена
  • 2018-02-02 18:16:44
Старков, какой же вы эксперт если пишете с ошибками?
  • Anatol Starkou
  • 2018-02-03 18:06:19
Не бел-чырвона-белы.