Ад лютага 2020 года шэнгенская віза падаражэе да 80 еўра. А для беларусаў?

З 2 лютага 2020 года за атрыманне шэнгенскай візы давядзецца плаціць 80 еўра, піша «Радыё Свабода».
Шэнгенская віза

Шэнгенская віза

Рашэнне Рады Еўрасаюза аб зменах у Візавы кодэкс апублікавана ў афіцыйным часопісе ЕС.

Сёлета ў лютым Еўрапарламент і Рада Еўрасаюза дасягнулі папярэдняга пагаднення ў прапанове Камісіі мадэрнізацыі візавай палітыкі. Акрамя палёгкі ў працэдуры атрымання візы, змены прадугледжвалі і яе падаражанне з 60 да 80 еўра.

Такім чынам, Рада Еўрасаюза канчаткова прыняла змены ў Візавы кодэкс. Згодна з правіламі, змены набудуць моц праз паўгода пасля апублікавання ў афіцыйным часопісе.

Доўгія перамовы аб візах

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам вядуцца з 2014 года. На пачатку ліпеня ў інтэрв’ю Tut.by кіраўніца прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын заявіла, што ўсе кансультацыі завершаныя, супярэчнасцяў няма, тэкст узгоднены.

Цяпер Мінск і Брусель павінны правесці дакументы праз унутрыдзяржаўныя працэдуры, працэс можа заняць да 3 месяцаў. Затым бакі выйдуць на падпісанне выніковых дакументаў. Чакаецца, што пасля ратыфікацыі пагаднення шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра.

www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!