Ад перамены месцаў… Ці варта чагосьці чакаць ад новага складу ўраду?

У нас так заведзена: калі праходзяць прэзідэнцкія выбары, урад сыходзіць у адстаўку. Нават калі на вышэйшую выбарчую пасаду прыйшоў той самы чалавек (гэтак у нас таксама заведзена). А потым новы-стары кіраўнік краіны зноў прызначае ўрад.

Фота Аляксандра Лібертада


Але гэтым разам Лукашэнка вырашыў змяніць склад ураду яшчэ перад выбарамі. Ён анансаваў такое дзейства напачатку тыдня на нарадзе ў Мінску. Па яго словах, змена ўрада перад выбарамі — гэта «прынцыповае пытанне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць». «А не тое, што выбары прайшлі, за цябе прагаласавалі, а там сваякоў, любімых і іншых панапіхаў у гэты ўрад», — заявіў Лукашэнка.

Словы кіраўніка дзяржавы даволі дзіўныя, таму што да гэтага часу ў яго не было ва ўрадзе «сваякоў і любімых» — для гэтага існуе Палата прадстаўнікоў і іншыя дзяржутварэнні. А вось тое, што сыходзіць урад Румаса — гэта ў нечым нават чаканае.


Няспраўджаныя спадзяванні

Экс-банкір (да прызначэння на пасаду прэм’ера кіраваў Банкам Развіцця) Сяргей Румас пратрымаўся на сваёй пасадзе менш за два гады. Ён стаў прэм’ерам 18 жніўня 2018 года. Яго называлі «лібералам» у эканоміцы. Яшчэ раней Румас быў віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Мясніковіча з 2010 па 2012 гады, і выступаў за тое, каб дапамагаць прыватнаму бізнесу, а вось стратным дзяржаўным прадпрыемствам, наадварот, абмежаваць бязвыплатную раздачу грошай. У час крызісу 2011 года крытыкаваў эканамічную палітыку дзяржавы. І таму некаторыя спадзяваліся, што з прыходам Румаса на пасаду прэм’ера ў краіне адбудуцца хаця б мінімальныя рынкавыя рэформы.

А вось больш дасведчаныя ў нашай палітыцы асобы ад прэм’ера нічога не чакалі. «Ён (Румас. — Аўт.) спецыяліст сучаснага кшталту, але для таго, каб мяняць сістэму кіравання эканомікай у Беларусі, трэба памяняць першую асобу ў краіне. Калі яна застаецца ва ўладзе, то любы прэм’ер вымушаны будзе выконваць тую палітыку і прытрымлівацца той сістэмы кіравання эканомікай, якую ўстанавіў правадыр, таму я не чакаю ніякіх кардынальных зменаў», — казаў у час прызначэння Румаса экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. Ён таксама выказваў здагадку, што Румасу не дадуць карт-бланш на правядзенне рэформаў у краіне, а ён сам не будзе на іх настойваць.

Так яно, у прынцыпе, і адбылося. Урад «ехаў па накатанай каляіне», і ніякіх зменаў пры «ліберале» Румасе не выйшла. Нават у часы каронавіруса прапанаваныя бізнес-супольнасцю захады па падтрымцы прыватнага сектару эканомікі былі перададзеныя ва ўрад, але там і «завіслі». А потым Лукашэнка заявіў, што «рэстарацыі падтрымліваць не будзем», і грошы зноў атрымалі тыя самыя стратныя дзяржпрадпрыемствы, супраць якіх Румас выступаў аж дзесяцігоддзе таму.

Дайшло нават да смешнага: на нарадзе 23 красавіка Лукашэнка заявіў, што ўрад не павінен умешвацца ў дзейнасць міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па дзяржрэгуляванні цэнаў. «Ураду не варта ўмешвацца ў дзейнасць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Няхай міністр са сваімі падначаленымі прымае рашэнні», — заявіў кіраўнік краіны. Румас змаўчаў.

Калі асобнае міністэрства вышэйшае за ўрад, то пра што тут можна казаць?

Фота ytimg.com


Урад не ў лад?

Цалкам можа быць, што ў цяперашняй выбарчай сітуацыі Лукашэнка паглядзеў на ўрад новымі вачыма. Гэты погляд магла справакаваць даволі някепская папулярнасці экс-банкіра, «рыначніка і ліберала» Віктара Бабарыкі, які выставіўся на кандыдата ў прэзідэнты. Можа быць, у Бабарыку Лукашэнка ўбачыў своеасаблівае адлюстраванне прэм’ера — той таксама экс-банкір, рыначнік і ліберал.

Імаверна, Лукашэнка падумаў, што Румас і яго ўрад — гэта такая своеасаблівая «пятая калона» ва ўладзе. Дый не варта забывацца, што некаторыя ініцыятыўныя грамадзяне стварылі ў інтэрнэце петыцыю з заклікам да прэм’ера баластавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду…

Праўда, палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што наўрад ці Лукашэнка спалохаўся Румаса, бо той «дэманструе яму поўную лаяльнасць». На думку Класкоўскага, цяперашняя выбарчая кампанія для Лукашэнкі праходзіць у вельмі неспрыяльных умовах у прынцыпе. «Тут і каронавірус, і эканамічнае падзенне, і нечаканыя прэтэндэнты на выбарах, і самае галоўнае — першыя дні кампаніі паказваюць, што народ вельмі незадаволены. Гэта бачна і па тым, як народ падпісваецца за блогера Ціханоўскага, які нечакана стаў зоркай беларускай вуліцы, і па тым энтузіязме, з якім больш прасунутая і адукаваная частка публікі сустрэла вылучэнне Віктара Бабарыкі», — кажа палітолаг.

Лукашэнка на гэтым тле пачуваецца дыскамфортна. «Напэўна, яму кладуць на стол нейкія звесткі закрытых сацыялагічных апытанняў, якія паказваюць, што яго рэйтынг, мякка кажучы, не бліскучы. Таму трэба зрабіць нейкія піяраўскія крокі, каб, па-першае, перавесці стрэлкі за эканамічныя праблемы: якраз змена ўрада — гэта зручны спектакль. І, па-другое, прыцягнуць да сябе ўвагу, паказаць, што афіцыйны лідар таксама не спіць у шапку і думае пра нейкія перамены», — адзначае Класкоўскі.

Тым больш, што праціўнікі Лукашэнкі кажуць менавіта пра перамены, а кіраўнік краіны, па меркаванні палітолага, пачынае асацыявацца з застоем, «як некалі позні Брэжнеў». «Розніца толькі ў тым, што ў Брэжнева зусім сківіца вывальвалася, а цяперашні беларускі правадыр бегае ў хакей і паказвае бліскучае здароўе. Але электарату ад гэтага не лягчэй: поўная бесперспектыўнасць апошнія 10 гадоў; заробкі ўсё топчуцца вакол гэтых сакральных 500 долараў у эквіваленце; мы ўсё болей адстаём, і ўжо ў хвасце Еўропы паводле дабрабыту. Зразумела, хто прывёў да гэтай сітуацыі, бо рашэнні ў краіне прымае адзін чалавек», — разважае эксперт.

Таму ператасоўка кадраў — гэта звыклы занятак Лукашэнкі, каб паказаць, хто ў доме гаспадар, і што ён нібыта дбае за перамены на эканамічным фронце, лічыць палітолаг.


А раптам?

Пры гэтым мала хто спадзяецца, што «новы склад ураду», анансаваны Лукашэнкам, не тое што нешта зменіць у эканоміцы, а нават будзе на нешта ўплываць. Як кажа эканаміст Леў Марголін, у нас урад «ніколі не мог праводзіць рэформы», і не мае значэння, хто стаяў на яго чале: «рыначнік» Румас альбо «кансерватар» Мясніковіч.

«Для Лукашэнкі ўрад — гэта проста неабходная дэкарацыя, у тым ліку для таго, каб падвергнуць яго публічнай порцы ў надзеі на тое, што гэта спадабаецца народу, — кажа Марголін. — Кіраўніку краіны ўжо 66 гадоў, у такім узросце людзі не змяняюцца. Калі ён да 66 гадоў быў прыхільнікам адміністрацыйнай сістэмы, дзяржаўнай формы ўласнасці, планавай сістэмы эканомікі, разлічваць на тое, што заўтра ён стане рыначнікам альбо хаця б пацерпіць рэформы, — наіўна. Таму гэта будзе чарговы ўрад, які будзе засядаць, прымаць пастановы, але канкрэтна нешта вырашаць гэты ўрад будзе не ў стане», — лічыць эканаміст.

Той жа думкі прытрымліваецца і Класкоўскі. «Калі пазалетась у жніўні паставілі Румаса, у нейкай частцы наіўных назіральнікаў былі ілюзіі, што прыйшоў чалавек з рэпутацыяй рыначніка — і нарэшце адбудуцца нейкія рэформы. Прайшло амаль два гады — ніякіх рэформаў, хаця Румас, напэўна, мае нейкія прапановы (пра гэта, дарэчы, згадвае Бабарыка, калі кажа, што ва ўрадзе нармальныя людзі, іх ідэі яму падабаюцца, але ім, маўляў, проста не даюць прастору). Надзеі на Румаса не спраўдзіліся, і гэта лішні раз пацвярджае, што заганная сама сістэма, у якой кіруе адзін чалавек. Прычым, чалавек, як мы бачым, з рэтраграднымі замшэлымі поглядамі. Румас — не Румас, не мае істотнага значэння. Тут хоць Бальцаровіча ў квадраце пастаў на чале ўраду, ён вышэй за пояс не скочыць», — адзначае эксперт.


Незамяняльныя

Не выпадае казаць, што новы ўрад будзе лепшы за мінулы, ці нават горшы за мінулы. Пра гэта на той жа нарадзе апасродкавана сказаў сам Лукашэнка. «Вельмі многіх міністраў мы прызначылі паўгода таму, і ўбачылі іх у справе. І сёння можам зрабіць выснову, ці могуць яны працаваць у новым урадзе або не могуць. Таму настаў час, каб яшчэ раз зірнуць на ўрад, вышэйшых службовых асобаў, якія ў нас ёсць, і па іх таксама прымаць рашэнні. Ці мы з імі працуем, або перамяшчаем на новую працу... Я ўпэўнены, што пераважная большасць дзеючых чальцоў урада застанецца на сваіх пасадах», — заявіў кіраўнік краіны.

А ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца, і ад перасоўвання міністраў з крэсла ў крэсла вялікай карысці таксама чакаць не варта.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: