Ад «пракрамлёўскай мафіі» да «шалудзівага». Як Лукашэнка выказваўся аб сваіх апанентах на выбарах

Кіраўнік Беларусі славуты сваімі неардынарнымі выказваннямі. Шмат ягоных інтэрв’ю былі разабраныя на цытаты і пайшлі ў народ. Некаторыя можна назваць забаўнымі («Толькі ўзяўся за яйкі, як малако прапала»), але большасць з іх сапраўды абразлівыя. «Белсат» зрабіў падборку цытатаў Лукашэнкі, адрасаваных палітычным канкурэнтам на прэзідэнцкіх выбарах.
Фота: president.gov.by

Фота: president.gov.by

Кандыдаты на апошніх выбарах

Падчас наведвання Трактарнага заводу Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб сваіх асноўных апанентах на гэтых выбарах. Віктару Бабарыку ён параіў падумаць, дзе працаваць пасля 9 жніўня, а Валеру Цапкалу прыгадаў аб колішнім звальненні. Больш за ўсіх дасталося блогеру Сяргею Ціханоўскаму, жонка якога вылучылася ў кандыдаты.

«Гэта, падаецца, незалежная газета ў Расеі [Камерсант — заўв. «Белсат»]. Але мы ведаем, хто яе фінансуе… Нібыта інтэрвʼю бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш і не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Менску больш, ды і ў іншых гарадах».

Апазіцыя ў 2011 годзе – дрэнь і падонкі

Пасля падзеяў Плошчы-2010 Лукашэнка не саромеўся ў выразах. Вось так ён выказваўся аб кандыдатах у прэзідэнты ад апазіцыі:

«Скажу вам шчыра: я занадта самаўпэўнены і ганарлівы чалавек, я сабе не дазволю такімі метадамі глядзець на гэтую дрэнь».

«Я не бачу сапраўднай апазіцыі ў краіне».

«Хто павылазіў, Багданкевіч, Казулін… і іншыя, як Лябедзька, якога я па просьбе Раманчука выпусціў з турмы. А ён сёння вякае. Гэта ж падонкі. Вы хоць дзякуй скажыце, што прэзідэнт вас выпусціў з гэтай камеры».

Кампрамат і сувязі з Масквой

Знявага апанентаў даўно была ўлюблёнай тактыкай Лукашэнкі, вядомай ягоным палітычным супернікам яшчэ ў 90-ыя. Апроч гісторыі cа скрыняй цвікоў, Лукашэнка заявіў, што мае кампрамат на першага кіраўніка Беларусі — Станіслава Шушкевіча.

«Не я яму суддзя. Я ведаю вельмі шмат аб Шушкевічы, і дастаткова было аднаго факту, каб ён закрыўся на рэшту жыцця».

Даставалася ад Лукашэнкі і нават ідэалагічна блізкім да яго людзям. Напрыклад, Вячаславу Кебічу. Калісьці дзейны кіраўнік краіны абвінаваціў яго ў карупцыі і назваў «прамаскоўскай мафіяй».

Дрымучы сексізм

Не заўсёды ён выказваецца аб суперніках у грубай форме. Напрыклад, Таццяна Караткевіч заслужыла амаль што пахвалы. Падчас выбараў 2015 году Лукашэнка вось так адгукаўся аб ёй:

«Так, апазіцыянер, але не крычыць жа – на плошчу, ламаць, руйнаваць. Даволі нармальны і свядомы чалавек. У яе ёсць сваё разуменне – як у Алексіевіч».

Але жменю сексізму дакінуць не забыўся:

«Прэзідэнт у нашай краіне займаецца шматлікімі пытаннямі – ад бяспекі да эканомікі, якія чалавек у спадніцы пакуль што, напэўна, не зможа выконваць».

Сёлета Лукашэнка ізноў не забыў нагадаць, што жанчыне не месца ў палітыцы, прыгадваючы патэнцыйных кандыдатак у прэзідэнты: Святлану Ціханоўскую і Наталлю Кісель.

«У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас згодна з Канстытуцыяй прэзідэнт мае моцную ўладу», – сказаў Лукашэнка падчас наведвання МТЗ.

Адмарозкі ды дэбілы

Лукашэнка не цураўся і наўпроставых абразаў. Так, у 2006 годзе ён назваў экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча «дэбілам» і «падонкам».

«Я кажу – ганіце гэтага падонка, каб яму месца ў межах Беларусі не было. Мяне часта папракаюць: чаго вы дазваляеце ім гэта па тэлебачанні гаварыць? Радныя мае, каб я забараніў яму гаварыць на тэлебачанні, вы б не ведалі, што гэта за дэбіл. Вы паглядзіце на чалавека звонку – крыўлянні нейкія, навыкі пехацінца».

Не абышоў ён і іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі 2006 года.

«Гэта не апазіцыя, гэта – адмарозкі. Які можа быць дыялог, калі яны [Лябедзька і Мілінкевіч] заклікаюць да ўвядзення эканамічных санкцыяў супраць беларускага народу?»


Статкевіч, які хоча быць у турме

У 2015, калі Мікалай Статкевіч яшчэ знаходзіўся ў турме, Лукашэнка сцвярджаў, што гэта яму ледзь невыгодна.

«Чацвёра не хацелі быць у турме. Яны не ў турме. Адзін, які сёння знаходзіцца там [Мікалай Статкевіч – belsat.eu], ён хоча быць вязням, і ён лічыць, што «вунь я буду вязнем, гэта зробіць мяне героем у Беларусі».

Сёлета Віктар Бабарыка падаў ў Цэнтрвыбаркам скаргу на выказванні Лукашэнкі. Магчыма зараз кіраўнік краіны будзе больш пільна сачыць за сваёю лексікаю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: