Адкруціць галаву шчанюку, альбо аўтарытарызм у дзеянні

Гвалт — адна з ядзерных (якія ўтвараюць ядро) характарыстык нашага цывілізацыйнага кода.


Гэта бытавая гісторыя здарылася гадоў 10–15 таму. Дакладна не памятаю, дый якое тое мае значэнне. У аўтобусе ехала маладая жанчына з дзіцем гадоў двух, не больш, і раптам дзіця пачало капрызіць. Чуллівая бабулька, якая сядзела побач, нечакана прапанавала «ўсыпаць дзіцяці як след», каб яно замоўкла. Па гуду ў салоне я зразумеў, што многія пасажыры ўхвалялі прапанову старой.

Дзіця працягвала капрызіць. Сітуацыя абвастралася, і, каб яе разрадзіць, я параіў жанчыне стукнуць дзіця паленам па галаве. Сваю прапанову я сфармуляваў максімальна гучна, бо меў надзею быць пачутым усімі пасажырамі аўтобуса-гармоніка. Аднак палена ў салоне не было. Не знайшлося і яго субстытуту (ад лацінскага «substitutio» — «замена») — грабель або рыдлёўкі, бо дачны сезон скончыўся. Сітуацыя выглядала безнадзейнай, тым не менш мая прапанова пасажыраў супакоіла, а ўслед за пасажырамі супакоілася і дзіця.

Аналагічны інцыдэнт адбыўся ў школе № 15 горада Гомеля, толькі дзіця было старэйшае, а ролю адзінокай бабулькі ўзяла на сябе настаўніца з 35-гадовым стажам, узброеная партай і нецэнзурнай лексікай. Знайшоўся і той, хто, як і аўтар гэтых радкоў, гучна і рашуча на ўвесь нацыянальны аўтобус-гармонік прапанаваў стукнуць дзіця паленам па галаве, дакладней «адкруціць галаву шчанюку».

Я не перачытваю на ноч Крымінальны кодэкс, але не здзіўлюся, калі Генеральная пракуратура дадзеныя прапановы прызнае раўнацэннымі.

Як і ў выпадку з бытавой гісторыяй 15-гадовай даўніны, прапанова «адкруціць галаву шчанюку» супакоіла не толькі так званую шырокую грамадскасць, але і ўладную «вертыкаль». У нас нячаста назіраецца ініцыятыва на месцах. Бегчы наперадзе паравознага дыму сабе даражэй, але неспадзяванкі часам здараюцца. Гомельская неспадзяванка — адна з нямногіх. «Бедная настаўніца» рускай мовы была аператыўна звольненая рашэннем мясцовых чыноўнікаў без узгаднення з вышэйстаячай інстанцыяй, чым была пастаўлена пад пагрозу стабільнасць у рэгіёне і краіне.

Добра тое, што добра заканчваецца. Як заўважыў у свой час адзіны палітык (АП): «Згубім настаўніка — капец, будзем хадзіць п’янымі і дурнымі». Але гэтым разам пранесла. Жыхарам Гомеля бліжэйшым часам такая сітуацыя не пагражае. Не варта перажываць і за пацярпелую ад нахабнай выхадкі «шчанюка» «бедную настаўніцу». Яе аператыўна аднавілі на працы. Не заржавела і за аргвысновамі. Распараджэннем АП вінаватых прыцягнулі да адказнасці. Спіс вінаватых узначалілі добра знаёмыя ўсім асобы: прэм’ер-міністр Сяргей Румас, кіраўнік адміністрацыі АП Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Што тычыцца лёсу «шчанюка», то на момант падрыхтоўкі гэтага артыкула адпаведная інфармацыя на галоўным сайце краіны адсутнічала, як і адсутнічала апісанне зробленага ім злачынства. Будзем, аднак, спадзявацца, што «шчанюк» атрымае па заслугах. Усё ж краіна — гэта вам не аўтобус-гармонік у міжсезонне, палена з патрэбнымі характарыстыкамі ва ўладзе заўсёды пад рукой.


«Сокрушай ребра во младенчестве»

Мае рацыю, тройчы мае рацыю акадэмік Анатоль Рубінаў, які паспеў у свой час так пераканаўча паразважаць пра ўнікальнасць асобы АП. Цытую: «Наш прэзідэнт, які сам выйшаў з гушчы народа, арганічна ўвабраўшы ў сябе яго патрэбы і спадзяванні, будуе сваю палітыку, адштурхваючыся ад зямлі, ад жыцця, а не ад якіх-небудзь тэарэтычных схемаў і абстрактных лагічных пабудоў. Менавіта гэта засцерагае нас ад крайнасцяў, ад спакусы хуткіх і радыкальных рашэнняў, ад хуткаспелых рэформаў, забяспечваючы тым самым эвалюцыйнае, паступальнае развіццё грамадства без шоку і ўзрушэнняў».

Што яднае чуллівую бабулю з АП? Культурка. А калі скарыстацца тэрміналогіяй заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, доктара сацыялагічных навук, прафесара, экс-дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Ігара Катлярова — цывілізацыйны (ён жа культурны) код.

З навуковым вызначэннем тэрміна любы ахвочы можа азнаёміцца, калі адкрые часопіс «Сацыялагічны альманах» за 2018 год. Шкада толькі, канкрэтныя культурныя характарыстыкі цывілізацыйнага кода ў артыкуле паважнага вучонага не прыводзяцца. Таму, нягледзячы на свае абмежаваныя здольнасці, я паспрабую запоўніць гэты прагал. Зразумела, не сам, а з дапамогай рускага культуролага Ігара Якавенкі. Спадзяюся, прыметнік «рускі» не збянтэжыць чытача, бо гвалт, які чыніцца дзеля прымусу да пажаданых паводзінаў, у аднолькавай ступені ўласцівы дзвюм роднасным культурам, што аб’яднаныя пад крылом адзінай цывілізацыі.

Ці можна, напрыклад, запярэчыць з нагоды першага сказа цытаты: «Рускі гвалт насычае сабой літаральна ўвесь лад жыцця». Я спрабаваў не пагадзіцца, аднак у мяне не атрымалася, таму працягну цытаванне: «Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын з горкім гумарам пісаў пра тое, што нямецкі конь генетычна нясе ў сабе страх перад шчоўканнем бізуна і кіруецца гукам бізуна, рускага ж каня даводзіцца сцябаць. Справа, зразумела, не ў канях, а ў фурмане. Мужык, якога незлічоную колькасць разоў паролі ў дзяцінстве, білі па мордзе ў войску, і які сам з п’яных вачэй і ў дрэнным настроі лупіць жонку ды дзяцей, не можа кіраваць канём без пугі».

Гвалт — адна з ядзерных (якія ўтвараюць ядро) характарыстык нашага цывілізацыйнага кода. Культура, што ўсмоктваецца з малаком маці, натуральным чынам прывучае ўсіх яе носьбітаў да неабходнасці распаўсюджваць рэпрэсіўныя ўздзеянні зверху ўніз. Прыгадаем дамастроеўскі прынцып адносінаў да дзіцяці: «Сокрушай ребра во младенчестве», каб спазнаць спакойную старасць.


Два віды сінонімаў да слова «бардак»

Настаўніцу з сярэдняй школы №15 горада Гомеля завуць Людміла. Калі верыць інтэрнэту, гэта адно з нямногіх імёнаў, у якога выключна славянскія карані. Яно паўстала ў выніку спалучэння двух словаў — «люд» і «мілая». І атрымалася «мілая люду» — Людміла. Такое прыемнае для слыху імя не перашкаджае жанчыне ў сваёй прафесійнай дзейнасці ісці «ад жыцця», «а не ад якіх-небудзь тэарэтычных схемаў і абстрактных лагічных пабудоў».

З каляіны цывілізацыйнага кода не вырвацца, дый Людміла і не спрабуе. Каляіна патрабуе: «Сокрушай ребра во младенчестве». Толькі так можна падтрымліваць стабільнасць у грамадстве, у якім гвалт натуральным чынам спалучаецца з талерантнасцю — з талерантнасцю да гвалту.

Амерыканскі эканаміст Джон Гелбрайт вылучаў тры базавыя спосабы прымусу чалавека да пэўных паводзінаў: ідэальнае і матэрыяльнае ўзнагароджанне і пакаранне. Культура, што акцэнтуе ўвагу на пакаранні, называецца рэпрэсіўнай, альтэрнатыўная культура — культура заахвочвання.

Праілюструю думку амерыканскага эканаміста выказваннем АП, запазычаным з прэс-рэлізу нарады, на якой ён падзяліўся сваёй гатоўнасцю «адкруціць галаву шчанюку»: «Яшчэ раз паўтараю: не будуць выкананыя параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя — ад прэм’ер-міністра — пойдзеце адпачываць. Я вас папярэджваў у мінулым годзе ў гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма».

А ніхто і не дзівіцца. Урады ў Беларусі змяняюцца як пальчаткі, але бардаку ад гэтага менш у краіне не становіцца. Складваецца ўражанне, што для ліквідацыі бардаку даўно ўжо час мяняць не ўрады, а таго, хто надзелены ў нас манапольным правам урады мяняць.

Дарэчы, да слова «бардак» спецыялісты падбіраюць два тыпы сінонімаў: «беспарадак», «блытаніна» і «публічны дом», «бардэль». Што меў на ўвазе АП, калі ў верасні два разы казаў пра бардак у школе? Асабіста ў мяне адказу на гэтае пытанне няма, але пра актуальнасць бардаку сведчыць пазітыўная дынаміка артыкулаў у газеце «СБ. Беларусь сегодня», якія ўтрымліваюць гэта каларытнае слова. Да чэрвеня 2016 года такіх артыкулаў пошукавік не знайшоў, але за тры наступныя гады яны сталі множыцца, як трусы. На момант напісання гэтай «Азбукі паліталогіі» іх колькасць склала 108 штук.

Якія перспектывы? Мяркую, што бардак ва ўсіх яго праявах будзе нарастаць. «Драма двух апошніх стагоддзяў, — канкуруючае сутыкненне свету рэпрэсій са светам, што цэнтраваны на заахвочванне. Гэта сутыкненне — адзін з вырашальных фактараў сучаснасці», — адзначае Ігар Якавенка.

Але адмаўляцца ад рэпрэсій у Беларусі ніхто не збіраецца. Права на нічым не матываваныя, акрамя асабістых жаданняў, рэпрэсіі — галоўны атрыбут аўтарытарнай/таталітарнай улады. Гэтую ісціну ведаў яшчэ Іван Жахлівы. Ён падарыў свету формулу такога тыпу ўлады: «И жаловать мы своих холопов вольны и казнить вольны». Актуальнасць гэтай формулы дзяржаўныя СМІ дэманструюць нам рэгулярна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: