Адмена парада, мяжа з Расіяй: што яшчэ прапануе БНФ супраць каронавіруса

28 сакавіка Сойм Партыі БНФ прыняў зварот з нагоды пандэміі віруса COVID-19 i звязанага з ёй эканамічнага крызісу ў Беларусі.
facebook.com

facebook.com

Прэзентуючы праект зварота Сойму старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў надзвычайную заклапочанасць дзеяннямі і рыторыкай уладаў Беларусі з нагоды пагрозы эпідэміі і правёў паралелі з падзеямі больш чым трыццацігадовай даўніны: «Хто памятае дзеянні камуністычных уладаў пасля катастрофы на ЧАЭС – не можа не заўважыць падабенства падыходаў спадкаемцаў тагачаснай наменклатуры ў цяперашняй сітуацыі, іх яднае памкненне схаваць ад людзей праўду», – сказаў лідар Партыі БНФ.

Старшыня БНФ падкрэсліў, што праграма партыі прадугледжвае абавязковае надзейнае абсталяванне мяжы з Расіяй, што ў цяперашніх умовах будзе служыць гарантыяй дзеля прадухілення пранікнення ў Беларусь носьбітаў інфекцыі з Усходу. Рыгор Кастусёў надзвычай крытычна ацаніў выказванні кіраўніка Беларусі пра адсутнасць пагрозаў з боку COVID-19. У тым ліку старшыня БНФ адзначыў, што народная гаспадарка Беларусі ўжо цяпер церпіць ад наступстваў эпідэміі і заклікаў Савет Міністраў да неадкладных захадаў па выратаванні беларускага бізнеса, беларускіх працоўных, беларускіх сем’яў, якія апынуліся перад пагрозай.

У звароце Сойма адзначаецца, што еўрапейскія краіны ўжываюць прэвентыўныя сродкі дзеля абароны сваіх грамадзянаў ад захворвання, у адрозненні ад Беларусі. «Улады краіны, замест прадастаўлення поўнай і вычарпальнай інфармацыі аб стане рэчаў з распаўсюдам вірусу ў Беларусі, прыняцця прэвентыўных каранцінных мераў ды ажыццяўлення крокаў па падтрымцы беларускага бізнесу, няўдала ды непераканаўчы імкнуцца супакоіць грамадскасць ды проста адцягнуць увагу людзей ад праблемаў з вірусам ды з эканомікай», — сцвярджаецца ў звароце.

У такой сітуацыі Сойм Партыі БНФ звяртаецца да Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь з заклікам прыняць наступныя рашэнні:

- зняць усе абмежаванні на камунікацыю медыкаў усіх узроўняў з журналістамі, абавязаць іх прадастаўлюць вычарпальную інфармацыю адносна сітуацыі з каранавірусам журналістам усіх належным чынам зарэгістраваных у Беларусі СМІ; 
- забяспечыць установы аховы здароўя Беларусі належнымі сродкамі абароны персаналу;
- адмяніць загад, па якім медыкі, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, павінны далей працаваць на сваім працоўным месцы;
- абвесціць каранцін у навучальных установах, спыніць працу забаўляльных аб’ектаў, пачаць шырокую інфармацыйную кампанію па тлумачэнні неабходнасці выканання грамадзянамі супроцьэпідэмічных захадаў.
- забараніць правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 30 чалавек да 10 красавіка з магчымасцю працягу такой забароны;
- адмяніць правядзенне параду 9-га мая, зэканомленыя сродкі накіраваць на падтрымку людзей , якія пацярпелі падчас вайны.

БНФ таксама прапануе пэўныя захады для падтрымкі беларускага бізнесу ды хатніх гаспадарак беларусаў:

- адтэрміноўкі аплаты падаткаў на 6 месяцаў для малога і сярэдняга бізнесу, а таксама ІП;
- адтэрміноўкі выплатаў па банкаўскіх крэдытах для фізічных асобаў на 6 месяцаў;
- адтэрміноўкі выплатаў па банкаўскіх крэдытах ды лізінгавых плацяжах для юрыдычных асобаў і ІП на 6 месяцаў;
- мараторый на праверкі ды маніторынгі бізнесу да канца 2020 году;
- скасаванне штрафаў ды пені за несвоечасовую выплату налогаў ды страхавых плацяжоў на 6 месяцаў;
- адтэрміноўка на выплаты ў ФСАН на 4 месяцы і растэрміноўка такіх плацяжоў;
- скасаванне на 4 месяцы аплаты арэнды вытворчых, гандлёвых ды адміністрацыйных памяшканняў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці для ўсіх катэгорый арандатараў;
- прадаставіць малому ды сярэдняму бізнесу, а таксама ІП магчымасьць атрыманьня ільготных крэдытаў на падтрыманне бізнесу ва ўмовах пандэміі;
- адтэрміноўка выплаты падаходнага падатку з фізычных асобаў за 2019 год;
- дазволіць беларускаму бізнэсу аказваць фінансавую падтрымку сацыяльнай, дабрачыннай і медычнай дапамозе ў звязку з пандэміяй (скасаваць указ №300 «Аб бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе»).

Поўны тэкст зварота можна пабачыць на сайце Партыі БНФ.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: