Адна краіна — дзве дзяржавы

У недзяржаўнай беларускай прэсе за апошні час з’явілася нямала артыкулаў, аўтары якіх выказваюць асцярогі наконт страты дзяржаўнага суверэнітэту. Наколькі такія хваляванні апраўданыя?

Колькі гадоў беларускай дзяржаўнасці? На думку самой саліднай газеты краіны — чвэрць стагоддзя. Цытую: «У 2019 годзе Беларусь адзначыць знамянальную дату — спаўняецца 25 гадоў інстытуту прэзідэнцтва ў нашай краіне. Юбілейная вяха, несумненна, стане добрай нагодай для палітолагаў, экспертаў-аналітыкаў, журналістаў, дый проста неабыякавых абярнуцца назад і ўспомніць мінулае. <...> Аднак рэтраспектыўны аналіз існавання аднаго з інстытутаў дзяржавы, няхай і найважнейшага, будзе няпоўным без разумення галоўнага. Разумення таго, што, па сутнасці, гаворка ідзе пра чвэрць стагоддзя незалежнай беларускай дзяржаўнасці».

Улічваючы маштаб маючай адбыцца імпрэзы, «СБ» абвясціла пра запуск гістарычнага мультымедыйнага праекта 25.by і адкрыццё цыкла гістарычных публікацый. На момант напісання гэтай «Азбукі паліталогіі» па ўказаным адрасе выявіць актыўнасць палітолагаў, экспертаў-аналітыкаў (і далей па спісе) не ўдалося. Але не варта адчайвацца. Як мухі на мёд, яны зляцяцца ў запланаванай рэдакцыяй колькасці. Так было заўсёды. Так будзе і гэтым разам.

Аддамо належнае ініцыятарам праекта. Яны прадбачылі пярэчанні наконт выбару пункту адліку беларускай дзяржаўнасці і не сталі адмаўляць, што ім вядомая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце (1990) і наданне ёй статусу канстытуцыйнага закона (1991). «Аднак прыняць — не значыць ЗРАЗУМЕЦЬ. А тым больш ПАБУДАВАЦЬ. Казаць пра ўзнікненне дзяржаўнасці ў тыя гады можна толькі вельмі ўмоўна».

Гэтую ўмоўнасць аўтары праекту тлумачаць глыбокім сацыяльна-эканамічным крызісам. Яны прыводзяць шэраг пераканаўчых прыкладаў, якія пацвярджаюць яго наяўнасць. Такая вось логіка.

Натуральна, у афіцыйна адзіным, а па факце расколатым беларускім грамадстве, на логіку «СБ» тут жа знайшлася логіка апанентаў. Абмяжуюся адным загалоўкам, запазычаным на сайце belaruspartisan.by: «Дзяржава — гэта ён? У свядомасць беларусаў забіваюць новы міф, што быў толькі Лукашэнка, а да яго хаос і варварства».


Дзясяткі адзінак супраць дзясяткаў тысяч

Але дзе тут нагода для спрэчкі? Пасля распаду СССР, як і ў большасці савецкіх рэспублік, у Беларусі была зроблена спроба пабудаваць нацыянальную дзяржаву заходняга ўзору. Спроба аказалася няўдалай. Складаць персанальны спіс для адказу на класічнае пытанне пра тое, хто вінаваты, думаю, не мае сэнсу. Гэта не азначае, што канкрэтныя палітыкі не здзейснілі канкрэтных памылак. Спіс памылак шырокі, і пад ім да гэтага часу не падведзеная рыса. Любы ахвочы і сёння мае магчымасць папрактыкавацца ў яго папаўненні.

Праблема, аднак, у тым, што для будаўніцтва любога тэхнічна складанага аб’екта патрэбныя не толькі архітэктары і прарабы, але і высокакваліфікаваныя прадстаўнікі масавых рабочых спецыяльнасцяў. І чым больш будзе апошніх, тым лепш. Нацыянальныя дзяржавы будуюць не лідары, а нацыі пад кіраўніцтвам лідараў.

Возьмем, да прыкладу, ЗША. 4 ліпеня 1776 года ў Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе прадстаўнікі 13 брытанскіх калоній аднагалосна прынялі Дэкларацыю незалежнасці, якую падпісалі 56 дэлегатаў. Але для таго, каб незалежнасць дэ-юрэ стала незалежнасцю дэ-факта, амерыканскай нацыі, якая толькі зараджалася, давялося прайсці праз вайну з метраполіяй, што доўжылася восем гадоў (1775–1783).

Наўпроставыя ваенныя страты — 8 тысяч забітыя, 17 тысяч памерлі ад хвароб, 25 тысяч параненыя. Лічбы па цяперашніх мерках камусьці могуць здацца не вельмі істотнымі. Аднак неабходна ўлічыць, што насельніцтва ЗША на той момант не перавышала 3 мільёнаў чалавек. Вайна завяршылася перамогай патрыётаў, што вымусіла каля 100 тысяч лаялістаў эміграваць з краіны.

Вось такая статыстыка. З аднаго боку, дзясяткі дэлегатаў, з другога — тысячы забітых і скалечаных. Чый уклад у незалежнасць меў большую вагу — эліты ці грамадства? Пытанне не надта карэктнае. Але ў актыўнай часткі беларускага грамадства адказ на падобнае пытанне, у дачыненні да падзеяў 1994 года, да гэтага часу не знойдзены. Адсюль папулярнасць канспіралагічных тлумачэнняў («рука Масквы») перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах «чалавека з народа».


Крыху сацыялогіі

У недзяржаўнай беларускай прэсе за апошні час з’явілася нямала артыкулаў, аўтары якіх выказваюць асцярогі наконт страты дзяржаўнага суверэнітэту. Наколькі такія хваляванні апраўданыя?

Улічваючы фармат «Азбукі паліталогіі», звернемся да Вікіпедыі. Суверэнітэт — незалежнасць дзяржавы ў знешніх справах і вяршэнства дзяржаўнай улады ва ўнутраных справах. Але суверэнітэту без суверэна не бывае. Суверэн жа (ад фр. «souverain» — «вышэйшы», «вярхоўны») — асоба, якой без якіх-небудзь абмежавальных умоў і на працягу нявызначанага тэрміну цалкам належыць вярхоўная ўлада ў дзяржаве.

Згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ». Здавалася б, надзвычай канкрэтна. Аднак большасць беларусаў нават не здагадваецца пра тое, што з’яўляецца носьбітамі дзяржаўнай улады. Гэта пацвердзіла і апытанне «САТИО», праведзенае ў чэрвені 2016 года.

Абмяжуюся трыма вынікамі: 55% лічаць, што прэзідэнт з’яўляецца адзінай крыніцай улады; 99% упэўненыя, што не могуць паўплываць на дзяржаўную палітыку і рашэнне ўладаў, і толькі 4% ведаюць дэпутата па сваёй акрузе ў парламенце.

Хто нясе адказнасць за такую палітычную непісьменнасць насельніцтва? Няўжо недзяржаўная прэса? А можа, і ў дадзеным выпадку без інтрыг спецслужбаў усходняга суседа не абышлося?

Пошук вінаватых не такі складаны, таму што ў нашым распараджэнні ёсць саліднае даследаванне «Мас-медыя і беларускае грамадства», праведзенае Інфармацыйна-­аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі адзінага палітыка (АП) у красавіку 2016 года.

Пачну з галоўнай высновы: «Ідучы за сусветнымі тэндэнцыямі, беларускія электронныя і друкаваныя СМІ паспяхова развіваюцца, актыўна ўкараняючы лічбавыя тэхналогіі і рэалізуючы свой творчы патэнцыял» (выдзелена. — С.Н.).

Адлягло. Мой страх, спароджаны вынікамі апытання «САТИО», апынуўся неабгрунтаваным. Палітычная непісьменнасць беларусаў — прамы вынік творчага патэнцыялу дзяржаўных СМІ і іх тэхнічных магчымасцяў, што растуць!

Падмацую сваю выснову сацыялагічнай статыстыкай. Сярод тэлевізійных праграм па папулярнасці лідзіруюць навінавыя. Іх указалі 79,8% рэспандэнтаў. Лідзіруюць па станоўчых водгуках «АНТ» (82,2%), «Беларусь 1» (80,7%) і «РТР Беларусь» (80,4%). Сярод друкаваных СМІ рэйтынг даверу «СБ» (83%) значна апярэджвае рэйтынгі даверу «БелГазеты» (55,2%) і «Народнай волі» (46%).

Чаму ж пры такой сацыялогіі больш за палову беларусаў лічаць АП адзінай крыніцай улады? І на гэтае пытанне ў даследаванні ёсць адказ: усяму віной «так званыя «фэйкавыя навіны», накіраваныя на фарміраванне максімальна вострай рэакцыі грамадства на тыя ці іншыя сфабрыкаваныя падзеі». Вось толькі чамусьці ў якасці прыкладу падобных навін прыводзяцца «выдуманыя выказванні Дональда Трампа».


Гісторыя як рэсурс

Афіцыйны спіс выклікаў «беларускай мадэлі» 2 лютага 2018 года АП папоўніў яшчэ адным — выклікам «жадаючых перапісаць гісторыю». Цытую: «Сёння многія спрабуюць перапісаць гісторыю. Ніяк не могуць супакоіцца. І вам неабходна годна адказаць на гэты выклік. Пакінуць нашчадкам аб’ектыўнае ўяўленне аб нашым жыцці. Аб той гісторыі, якая сапраўды была».

Гістарычны мультымедыйны праект 25.by «СБ» — прыклад годнага адказу, прыклад фарміравання погляду на гісторыю, «якая сапраўды была». Але пры гэтым неабходна памятаць, што гісторыя — гэта тое, што мы думаем пра гісторыю. Іншай гісторыі не бывае.

Часткай займенніку першай асобы множнага ліку «мы», натуральна, з’яўляюцца і служывыя людзі, што манапалізавалі ўладу. Іх погляды на гісторыю і рэтранслююць дзяржаўныя СМІ. А там, дзе да мінулага датыкаецца дзяржава, тлумачыць філосаф Аляксандр Рубцоў, «гісторыю больш не вывучаюць, ёю кіруюць як абмежаваным рэсурсам — прадметам яшчэ адной дзяржаўнай манаполіі».

У расколатым грамадстве ў кожнай яго часткі свае погляды на гісторыю. Вось, напрыклад, якім фактам «СБ» тлумачыць сваю гістарычную навацыю: «Пра ўзровень беларускай дзяржаўнасці дазваляе меркаваць хоць бы вядомы факт выкрадання ў студзені 1994 года літоўскімі спецслужбамі з тэрыторыі Беларусі камуністычных лідараў Літвы Мікаласа Буракавічуса і Юозаса Ермалавічуса».

Пагаджуся. Дадзены факт не дадаў бы плюсаў ніводнай дзяржаве, якая прэтэндуе на суверэнітэт. Але пра што ж тады сведчаць факты выкрадання беларускіх апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара? Пра сілу дзяржавы ці пра яе слабасць?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-09 10:48:57
"гаворка ідзе пра чвэрць стагоддзя незалежнай беларускай дзяржаўнасці."
Так, гаворка ідзе даўно. На ёй змагары Свабоды рубяць бабло, а два яе аўтара назваліся дэпутатамі незалежнасці пасля таго як збеглі з РБ да свабодных мікрафонаў і гэтую тэзу падхапіла ўсё б-ч-б чалавецтва ды яго СМІ.
"у афіцыйна адзіным, а па факце расколатым беларускім грамадстве"
Дзеля чаго расколатым? Па версіі пісьменніка Васіля Быкава, дзеля абуджэння нацыі. Па маёй, - каб нашкодзіць нацыі. Хто раскалоў? Першыя (1988) псеўдаадраджэнцы і КДБ, якому яны былі падкантрольныя і таму ўвесь "адраджэнскі" час (да 1994) ішлі ў фарватары камуністычнай улады.
«Дзяржава — гэта ён? У свядомасць беларусаў забіваюць новы міф, што быў толькі Лукашэнка, а да яго хаос і варварства».
Забыліся відаць б-ч-б і іх СМІ, як увесь адраджэнскі і пасля адраджэнскі час убівалі ў моск беларусаў веліч Сьвятога Зяпона-палітыкана, які ў 1994 прывёў да ўлады Лукашэнку.
Таму ч-з «СБ» і ўся б-ч-б СМІ-раць - абое прапагандысцкае рабое.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-09 12:01:30
Пра ЗША. "Чый уклад у незалежнасць меў большую вагу — эліты ці грамадства? Пытанне не надта карэктнае."
Мой адказ такі: сумесна амера эліты і амера грамадства.

"Але ў актыўнай часткі беларускага грамадства адказ на падобнае пытанне, у дачыненні да падзеяў 1994 года, да гэтага часу не знойдзены."

Мая версія адказу: (1) глебу для беларускай незалежасці сваёй перабудовай (1985-91) рыхтаваў Міхаіл Гарбачоў; (2) дараваў незалежнасць у 1991 Барыс Ельцын у Белавежжы; (3) унутры БССР/РБ працэс вяла эліта былой КПБ; (4) менавіта эліта нашай кампартыі і партыя ўцэлым сталі стрыжням, на якім узнялася беларуская незалежная дзяржава; (5) паімённыя бацькі-стваральнікі Рэспублікі Беларусь: Міхаіл Мясніковіч, Аляксандр Лукашэнка і Ўрал Латыпаў. Пры гэтым Міхаіл Уладзіміравіч "начальнік аддзела кадраў" маладой РБ, Аляксандр Рыгоравіч "выканаўчы дырэктар", а Ўрал Рамдракавіч "ум, честь и совесть" нашай эпохі пачатку будоўлі незалежнай РБ.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-09 11:46:23
Разьдзел "Крыху сацыялогіі" слабы.

Дзяржава, сп Нікалюк, гэта ўлада. Ёсць улада - ёсць дзяржава, няма ўлады - ёсць народ на майдане. Канстытуцыя? Гэта песТня хараша. Пачну спачатку: ёсць улада - ёсць дзяржава, няма ўлады - народ на майдане. То бок суверэнітэт тады суверэнітэт, калі суверэнам моцнай дзяржавы ёсць моцная ўлада. Вот она и есть то самое лицо, "которому принадлежит верховная власть в государстве", "носитель верховной власти".
Трамп? Он не суверен. Он глава государства. Как и Лукашенко. Так как власть у представителей былой КПБ и каждой белорусской сестре власти досталось по серге власти. В том числе раздел ее ветвей. Это наша демократия.
Аснова ўлады будуецца ад печкі асноў эканамічных адносінаў да ўласнасці. Ў нас - дзяржаўная, ў Штатах - прыватная. Таму наша дэмакратычная ўлада збольшага нагадвае дэмакратычныя і эканамічныя адносіны ўнутры невялічкай амерыканскай фірме. Краіна ж ЗША вялікая і нам да яе магутнасці і ўсталяванай дэмакратыі не дайсці. Дый не трэба.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-09 13:19:37
Дазволь НЧ рэдагаванне:

Аснова ўлады будуецца ад печкі асноў эканамічных адносінаў да ўласнасці, з мэтай эфектыўнасці эканомікі. Ў нас - дзяржаўная ўласнасць, ў Штатах - прыватная.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-09 11:52:02
Разьдзел "Гісторыя як рэсурс".

"У расколатым грамадстве ў кожнай яго часткі свае погляды на гісторыю."

Расколатыя б-ч-б і ч-з ідэалогіямі маюць усё сваё, асаблівае, акрамя дзяржавы - Беларусь адзіная.

Каментаваць