Адстаўны генерал ЗША Бэн Ходжэс назваў БелАЭС «траянскім канём Расіі»

Былы камандуючы Арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс 2 кастрычніка заклікаў Еўразвяз аказаць Літве дапамогу ў памяншэнні пагрозы з боку БелАЭС, піша DELFI.
— Я спадзяюся, што ЕС прапануе значны ўкнёсак у сферы экспертызы і назірання з мэтай змякчэння становішча перад тварам магчымых аварый на Астравецкай АЭС, — сказаў ён на форуме бяспекі ў сталіцы Польшчы.

Ён папярэдзіў, што любы інцыдэнт на БелАЭС рускія могуць выкарыстоўваць як «траянскага каня ... — як падман для прыкрыцця нейкага гуманітарнага крызісу. І вось: расійскія вайскоўцы — у вашым рэгіёне».

Генерал Ходжэс узначальваў войска ЗША ў ЕС у 2014-2017 гадах. Зараз ён працуе кіраўніком кафедры стратэгічных даследаванняў у Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі.

Бэн Ходжэс таксама неўзабаве прыедзе ў Беларусь. Ён прыме ўдзел у форуме «Мінскі дыялог», які адбудзецца 7-8 кастрычніка ў Мінску.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў канцы 2019 года, другі — у 2020-м. Генеральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС — інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам» (АСЭ).

Літоўскі ўрад кажа, што пры будаўніцтве БелАЭС не выконваюцца патрабаванні да бяспекі і ахове прыроды. Беларусь такія прэтэнзіі катэгарычна адхіляе.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!