Адвакаты Бабарыкі звярнуліся да генпракурора

Адвакаты Віктара Бабарыкі Наталля Мацкевіч і Дзмітрый Лаеўскі падалі на імя генеральнага пракурора скаргу з нагоды парушэння прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да іх падабароннага, распавялі яны TUT.BY.
Віктар Бабарыка, фота Радыё Свабода

Віктар Бабарыка, фота Радыё Свабода

Абаронцы адзначаюць: зыходзячы з артыкула 26 Канстытуцыі і артыкула 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, пакуль яго віна не будзе даказаная ў прадугледжаным парадку і ўстаноўлена прысудам суда, які ўступіў у законную сілу.

 Гэта значыць, што да пазначанага моманту ніхто не мае права рабіць публічныя сцвярджэнні аб вінаватасці каго-небудзь, у тым ліку Віктара Бабарыкі. Аднак з моманту затрымання асобныя інфармацыйныя рэсурсы распаўсюджваюць пра яго ганебную і няпэўную інфармацыю, якая заключаецца не ў апісанні падазрэнняў, а ў зацвярджэнні аб нібыта ўчыненым злачынстве. Усе гэтыя заявы мы дакументуем. І вось зараз сабралі некаторыя ключавыя прыклады падобных заяў і звярнуліся да генеральнага пракурора з просьбай прыняць меры па спыненні парушэнняў прэзумпцыі невінаватасці, — распавялі адвакаты.

Нагадаем, адвакатаў Віктара Бабарыкі не пускаюць да яго ў СІЗА КДБ ужо чатыры дні. Апошні раз абаронца Дзмітрый Лаеўскі сустракаўся з Віктарам Бабарыкам у СІЗА 20 чэрвеня, калі ў яго прысутнасці праходзілі «працэсуальныя дзеянні». Пасля гэтага трапіць да свайго кліента адвакат не можа — 22 чэрвеня Лаеўскаму ў СІЗА заявілі, што наведванні адвакатамі падабаронных у ізалятары ў цяперашні час не праводзяцца з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Лаеўскі падаў дзве скаргі ў Генпракуратуру.

20 чэрвеня паведамлялася, што Віктару Бабарыку выставілі абвінавачанні ў крымінальнай справе, аднак па якіх артыкулах — невядома.

11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку», які 20 гадоў узначальваў Бабарыка, і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК заявіў, што да гэтых спраў мае дачыненне патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка. 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Паводле Алены Талкачовай, tut.bу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: