Адзіны ад дэмакратаў: хто першы?

Прадстаўнікі пяці дэмакратычных структур урэшце агучылі тое, чаго ад іх так даўно чакалі — сцэнар абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыя на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Ён аказаўся даволі грувасткім, але не без пэўных перавагаў.


Прэсавую канферэнцыю з гэтай нагоды праводзілі старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Але апроч іх у залі прысутнічала даволі багата знакавых асобаў беларускай апазіцыі: БХДшнікі Павал Севярынец, Марына Хоміч і Вольга Кавалькова, палітык Аляксандр Дабравольскі, новаабраны старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук. Апошні паведаміў у кулуарах, што яго структура, як і было агучана раней, не будзе выстаўляць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, але пры гэтым будзе ўдзельнічаць у працэдуры праймерыз і дапамагаць у яе арганізацыі.


Сама працэдура, як і было адзначана, дастаткова складаная. Але, па словах аргкамітэту (назавем іх так), дасць магчымасць удзельнічаць у вылучэнні «адзінага» ўсім грамадзянам краіны. І не толькі ўдзельнічаць у вылучэнні, але і вылучацца самому.


Натуральны адбор

Працэдура разбітая на тры этапы. На першым этапе кандыдат у «адзіныя» павінен заявіць пра сваё жаданне такім быць. Гэтае жаданне павінна быць аформленае ў выглядзе рашэння рэспубліканскай арганізацыі або партыі, і падмацаванае ўнёскам у 500 еўра — на фінансаванне далейшых мерапрыемстваў па правядзенні праймерыз. Рашэнне і грошы прымае аргкамітэт.

Гэта дае мажлівасць вылучыцца кандыдатам у «адзіныя» прадстаўнікам тых структур, што не ўваходзяць у аргкамітэт па праймерыз.

Падацца на «адзінага» можа і звычайны грамадзянін. Для гэтага яму трэба сабраць 200 подпісаў грамадзян у сваю падтрымку і аплаціць усё тыя ж 500 еўра. І ён будзе дапушчаны да ўдзелу ў кастынгу.

Канешне, грошы і подпісы — гэта не ўсё. Кандыдат на адзінага павінен адпавядаць шасці крытэрам, выпрацаваным дэмакратычнай супольнасцю. Кожны прэтэндэнт павінен выступаць за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры; выступіць за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян Беларусі; быць прыхільнікам выхаду Беларусі з АДКБ, «Саюзнай дзяржавы» і вывад замежных ваенных аб’ектаў з Беларусі; быць за развіццё беларускай мовы і культуры; выступаць за добрасуседскія раўнапраўныя стасункі з ЕС, ЗША, Расіяй і іншымі краінамі; лічыць недапушчальным умяшальніцтва знешніх сілаў ва ўнутраныя справы краіны.

Фармаванне спісу прэтэндэнтаў на «адзінага» павінна быць завершанае да 16 лютага гэтага года.

Асабліва цікавае тут, канешне, пытанне грошай. 500 еўра — не вялікая, але і не малая сума для прэтэндэнта на ролю адзінага кандыдата. У нечым гэта апраўдана — калі чалавек сур’ёзна мае намер паспрабаваць заняць вышэйшую дзяржаўную пасаду — ён павінен нечым для гэтага ахвяраваць. Хаця б грашыма. Прынамсі, такім чынам ён пацвердзіць, што прэзідэнцкая кампанія для яго — не гулькі і не спроба «прапіярыцца» з асабістымі мэтамі.


Кандыдацкі спрынт

Затым пачынаецца перадвыбарчы марафон, які будзе складацца з некалькіх частак. Выніковасць кожнай часткі будзе ацэньвацца ў балах, які набярэ той ці іншы прэтэндэнт у «адзіныя».

Першая частка — анлайн-галасаванне. Для яго будзе створаная асобная інтэрнэт-пляцоўка, дзе людзі змогуць сабраць пэўную колькасць галасоў інтэрнэт-карыстальнікаў у сваю падтрымку. Арганізатары маюць спадзяванне, што гэтае галасаванне будзе даволі актыўнае і масавае. А кожны грамадзянін, хто прагаласуе за тую ці іншую кандыдатуру, у далейшым можа ўліцца ў прэзідэнцкую кампанію «адзінага» ў якасці чальца ініцыятыўнай групы (калі, канешне, гэтага пажадае). Такім чынам, збіраць подпісы за вылучэнне «адзінага» сапраўдным кандыдатам у прэзідэнты будзе не толькі актыў дэмакратычных структур, а, мажліва, народ увогуле. Што, несумненна, ёсць плюсам такой задумы.


Па выніках першай часткі будуць размеркаваныя 30 балаў.

Другі этап — паездкі па рэгіёнах. Аргкамітэт па вылучэнні «адзінага» мае намер правезці прэтэндэнтаў на сустрэчы з народам у 80 гарадоў і мястэчак Беларусі. Людзі, якія прыйдуць на сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі, павінны будуць паслухаць кожнага з прэтэндэнтаў і прагаласаваць за кагосьці праз адмыслова створаныя бюлетэні. Галасаванне будзе адбывацца, амаль як сапраўднае — з прад’яўленнем пашпартоў, атрыманнем бюлетэняў і гэтак далей. Вынікі гэтага этапу — размеркаванне таксама 30 балаў.

Тут жа народ зможа выказаць свае пажаданні і прапановы па перадвыбарчай праграме будучага кандыдата ў прэзідэнты. Гэтыя прапановы потым апрацуе адмыслова створаная экспертная група. Дарэчы, увесь час, пакуль ідзе праймерыз, эксперты будуць працаваць і над перадвыбарчай праграмай «адзінага».

Яшчэ 30 балаў будуць размеркаваныя на Кангрэсе дэмакратычных сіл. Плануецца, што кожная структура, якая прымае ўдзел у праймерыз, прывязе на яго 100 сваіх чальцоў. Нейкія «асацыяваныя чальцы» (напэўна, такія, як Зялёныя, што не выстаўляюць кандыдатуру, але ўдзельнічаюць у арганізацыі праймерыз) маюць права запрасіць 25 дэлегатаў. Кандыдат у «адзіныя», які набярэ 7% балаў у выніку папярэдніх этапаў праймерыз, таксама мае права запрасіць 100 дэлегатаў на Кангрэс.

Падобна на тое, што з такімі квотамі і прадстаўніцтвам на мерапрыемства збярэцца прорва народу, і атрымаецца такі сабе «альтэрнатыўны Усебеларускі сход». Які і размяркуе канчатковыя 30 балаў паміж прэтэндэнтамі.

Арганізатары праймерыз — пяць палітычных структураў, — пакідаюць за сабою па два балы кожная, і могуць гэтымі баламі падтрымаць цікавага кандыдата.

У выніку перамагае той, хто атрымлівае большасць народнай падтрымкі. Арганізатары спадзяюцца, што гэтая падтрымка будзе менавіта народнай — прынамсі, тут не спрацуюць кулуарныя дамоўленасці і інтрыгі ў апазіцыйным асяродку, бо Кангрэс не будзе мець вырашальнага голасу. Кандыдат у «адзіныя», які, можа, і не атрымае большасці на Кангрэсе, але пераўзыйдзе па суме балаў «кангрэснага» прэтэндэнта, стане «адзіным».

Працэдура з аб’ездам у сціслы тэрмін 80 населеных пунктаў Беларусі запатрабуе ад кандыдата шмат высілкаў, часу, умення выступаць і пераконваць людзей. Па-сутнасці, гэта і ёсць калі не сама прэзідэнцкая кампанія, то яе рэпетыцыя. І тыя, хто не вытрымае гэты этап, наўрад ці, канешне, правядуць паспяховую прэзідэнцкую кампанію.

Кангрэс павінен прайсці да 30 траўня.


«Адзіны» — і наперад

Пасля абрання «адзіны» падпісвае дадатковае пагадненне з дэмакратычнымі партыямі і рухамі, у якім дэкларуе захаванне статусу Беларусі, як дэмакратычнай свецкай дзяржавы, паважае правы вернікаў, не выступае з заявамі, якія супярэчаць традыцыйным поглядам на сям’ю і грамадства; прымае абавязкі ў кароткі тэрмін правесці канстытуцыйную рэформу і свабодныя парламенцкія выбары напрацягу 4-х месяцаў; падтрымлівае палажэнні Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека; бярэ на сябе абавязкі правесці рэформу выбарчага заканадаўства і не вылучацца на другі тэрмін; вызнае, што Аляксандр Лукашэнка ўтрымлівае ўладу незаконна і яго ўдзел у выбарах незаконны; і падпісвае дэкларацыю пра ўсё гэта з моманту абрання «адзіным».

У гэтым выпадку ў яго выбарчай кампаніі прымаюць удзел усе дэмакратычныя сілы Беларусі, якія ўдзельнічалі ў праймерыз — незалежна ад вынікаў.


Па словах арганізатараў, у іх ужо ёсць сем асобаў, якія гатовыя ўключыцца ў праймерыз у якасці прэтэндэнтаў на «адзіныя». Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, дарэчы, агучыў адно імя. Насуперак партыйнаму рашэнню па вылучэнні свайго кандыдата ў прэзідэнты ад БНФ, ён падтрымаў кандыдатуру Паўла Севярынца — як арганізатара акцый у абарону незалежнасці краіны, што прайшлі напрыканцы мінулага году.


Лёгка не будзе

Зразумела, улады не будуць проста так глядзець на тое, як апазіцыя абірае ім канкурэнта. У выпадку брутальных дзеянняў улады ў дачыненні да прэтэндэнтаў на пасаду адзінага кандыдата, рэпрэсій, сілавога зрыву сустрэчаў і гэтак далей, а таксама ў выпадку нерэгістрацыі адзінага кандыдата, як паведаміў Віталь Рымашэўскі, «можа быць прынятае рашэнне аб актыўным байкоце» прэзідэнцкіх выбараў.

Але ўсе ведаюць, як у нас праводзяцца выбары. Таму, па-першае, і патрэбны «шырокі праймерыз» з максімальным уцягваннем туды як мага больш людзей, якія потым, па-магчымасці, стануць назіральнікамі на прэзідэнцкіх выбарах, мажліва — чальцамі выбарчых камісій — каб зламаць машыну фальсіфікацый. А ў выпадку фальсіфікацый вынікаў галасавання апазіцыя абяцае «адстойваць сапраўдныя вынікі выбараў усімі негвалтоўнымі сродкамі». Гэта можа быць чарговая Плошча. А можа быць, — гэта прагучала на прэс-канферэнцыі, — і ўсеагульны страйк.

Менавіта таму Кастусёў і вылучыў Севярынца: на яго думку, арганізацыяй акцый за незалежнасць той давёў, што мае патэнцыял для арганізацыі пратэстных акцый і будзе бараніць вынікі выбараў да апошняга.


Арганізатары праймерыз перакананыя: у Аляксандра Лукашэнкі ўжо няма пераважнай народнай падтрымкі. Народ ад яго стаміўся. Рыгор Кастусёў, які наведаў родную Шклоўшчыну ў час візіту туда кіраўніка краіны, распавёў, што ў яго ўсе пыталіся: «Дык хто ж будзе замест яго?». То-бок, нават на сваёй малой радзіме Аляксандр Рыгоравіч згубіў народную сімпатыю.

Такім чынам, ад сёння прэзідэнцкая кампанія-2020 узяла старт. І, калі ўсё задуманае спраўдзіцца — яна абяцае быць вельмі цікавай.

Чытайце таксама:

Нацыянальная рада партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі абрала адзіным на праймерыз сустаршыню партыі Паўла Севярынца.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: