Афіцыйна! Сейм Літвы прызнаў Астравецкую АЭС пагрозай нацбяспекі

У Літве будучую АЭС у Астраўцы называюць ядзерным монстрам. 15 чэрвеня літоўскія дэпутаты канчаткова вызначыліся, як ставіцца да будаўніцтва Беларускай АЭС.
Парламент Літвы пастанавіў, што атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, з'яўляецца небяспечнай, што ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспекі Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнага асяроддзя і грамадскаму здароўю.

За прыняцце такога закона 15 чэрвеня прагаласавалі 104 дэпутаты, перадае Delfi.lt.

Кіраўнік парламенцкага Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Вітаўтас Бакас сцвярджае: прыняты закон як у сярэдняй, так і доўгатэрміновай перспектыве будзе мець вялікае значэнне для бяспекі людзей, якасці іх жыцця і прагрэсу дзяржавы.

Паводле яго слоў, спаруджаючы небяспечную электрастанцыю, Беларусь парушае тры міжнародныя канвенцыі, праект з'яўляецца непразрыстым.

Праект Беларускай АЭС — эксперыментальны. Паводле такога праекта пабудавана Новаваронежская АЭС, якую пабудавалі і запусцілі летам мінулага года, восенню ў яе ўжо адмовіў генератар. А гэта можа прывесці да сур'ёзнай радыяцыйнай аварыі.

Экалагічная грамадскасць Беларусі і Літвы неаднаразова патрабавала ад афіцыйнага Мінска безумоўнага выканання рашэння Нарады бакоў Эспа ЕЭК ААН па Астравецкай АЭС. Беларускія эколагі патрабуюць неадкладна спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Польшча і Літва ўжо заявілі, што не будуць купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС.

На сайце Міністэрства замежных спраў Літвы апублікавалі брашуру «#АстравецНебяспечны: 10 прычын, па якіх беларуская атамная электрастанцыя — гэта вялікая праблема».


Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: