Афіцыйны Мінск на інаўгурацыі Байдэна прадставіць вакаліст трэш-метал-гурта

Стала вядома, хто прадставіць Беларусь на інаўгурацыі амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна, якая пройдзе 20 студзеня.

Дзмітрый Басік


Гэта Дзмітрый Басік, часовы павераны ў справах Беларусі ў Злучаных Штатах, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як перадае Еўрарадыё, Дзмітрый Басік з’яўляўся вакалістам знакамітага беларускага трэш-фолк-метал-гурта Vicious Crusade, які быў даволі папулярны напрыканцы 1990-х.



Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі з нагоды запрашэння на інаўгурацыю Байдэна прадстаўніка ўладаў Беларусі сказаў:

«Запрашэнне кіраўнікоў пасольстваў на цырымонію інаўгурацыю прэзідэнта — звычайная практыка ў ЗША і служыць жэстам ветлівасці. Лідараў замежных дзяржаў, як правіла, не запрашаюць. Прысутнасць часовага паверанага Беларусі на цырымоніі ні ў якім разе не з’яўляецца сігналам зменаў у амерыканскай палітыцы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. З дакладнасцю да наадварот: варта чакаць, што палітыка адміністрацыі Байдэна ў дачыненні да Беларусі, які заяўляў аб падтрымцы беларускага пратэсту супраць фальсіфікацый на выбарах 9 жніўня, незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, будзе больш дзейнай і эфектыўнай».

Беларусь і ЗША яшчэ ў мінулым годзе збіраліся абмяняцца пасламі. Аднак спачатку ўвесь пазітыў перакрэслілі падзеі лета-восені 2020-га, а пасля памёр 49-гадовы Алег Краўчанка, якога летам прызначылі паслом у Злучаных Штатах.

Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020-га, масавых затрыманняў і збіванняў пратэстоўцаў, арышт амерыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у канцы мінулага года падпісаў Акт аб дэмакратыі для Беларусі.

Ён уключае ў сябе заклік да новых выбараў у нашай краіне, прызнанне Каардынацыйнага савета законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады.

У МЗС Беларусі Акт аб дэмакратыі назвалі непрыязным крокам і «адкрытым умяшаннем» у справы нашай краіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: