Агляд па сітуацыі ў Беларусі на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве прадставіць Алесь Бяляцкі

Сустрэча па абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі адбудзецца 24 верасня ў рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая праходзіць з 22 верасня па 3 лістапада ў Варшаве. Агляд бягучай сітуацыі ў Беларусі прадставіць былы палітвязень, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.



Арганізатарамі сустрэчы на тэму «Парушэнні палітычных, эканамічных і сацыяльных правоў, што распаўсюджваюцца ў Беларусі» выступілі МФПЧ і закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна», паведамляе БелаПАН.

«У Беларусі эканамічныя і сацыяльныя правы таксама сістэматычна парушаюцца, як і палітычныя правы, — цытуе прэс-служба «Вясны» тэзісы дакладу. — Прэзідэнт Лукашэнка імкнецца стварыць з Беларусі вобраз «апошняга заступніка сацыялістычнага раю», у той час як на самой справе ў розных сектарах шырока распаўсюджваецца прымусовая праца ў розных формах, аб чым сведчыць даклад МФПЧ і ПЦ «Вясна» «Прымусовая праца і маштабы парушэнняў правоў працоўных у Беларусі». Указы і распараджэнні, якія рэгулююць працоўныя адносіны, нахабна парушаюць міжнародныя працоўныя нормы і правы чалавека».

У дакладзе таксама гаворыцца, што ў Беларусі парушаюцца правы прафсаюзаў, палітычныя і грамадзянскія правы, а таксама права на свабоду слова і сходаў.

«Пры рэжыме Лукашэнкі рэгулярна прымяняюцца незаконныя затрыманні ў вялікіх маштабах. Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў маі 2014 года па меншай меры 37 палітычных і сацыяльных актывістаў былі падвергнуты адвольнаму прэвентыўнаму арышту. Мясцовыя ўлады ў Мінску таксама «ачысцілі» горад ад так званых асацыяльных элементаў, г.зн. асоб без пэўнага месца жыхарства, прастытутак і асоб, якія пакутуюць на алкагалізм», — адзначаецца ў дакладзе.

На думку праваабаронцаў, такія незаконныя дзеянні з боку ўрада з’яўляюцца сродкам аказання ціску і ізаляцыі актывістаў, каб прадухіліць іх відавочны або меркаваны ўдзел у грамадскіх вулічных мерапрыемствах, у перамовах з міжнароднымі дэлегацыямі, з прэсай або ў іншых палітычных і грамадзянскіх мерапрыемствах.

Акрамя таго, 25 верасня адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае маючым адбыцца ў 2015 годзе прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступае фонд «Еўрапейская Беларусь».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: