АГП назвала імя свайго прэтэндэнта на адзінага кандыдата ў прэзідэнты

Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла выконваючага абавязкі старшыні арганізацыі Мікалая Казлова прэтэндэнтам на ўдзел у праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад правацэнтрысцкай кааліцыі, паведамляе svaboda.org са спасылкай на БелаПан.

Такое рашэнне прынятае 13 студзеня на пашыраным пасяджэнні палітрады АГП у Мінску.

У правацэнтрысцкую кааліцыю акрамя АГП уваходзяць рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Раней называлася, што ад іх у праймерыз прымуць удзел старшыня «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Мікалай Казлоў нарадзіўся ў Валожыне ў 1967 годзе. Пасля школы паступіў у Навасібірскую вышэйшую вайсковую вучэльню. Служыў у войску, апошняе месца службы — Сярэдняя Азія, Узбэкістан. Удзельнічаў у падзеях у Нагорным Карабаху.

Пасля развалу СССР напісаў рапарт аб звальненні. Вярнуўся на радзіму і паступіў на службу ў крымінальны вышук, дзе і працаваў 18 гадоў. Скончыў службу падпалкоўнікам, оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах.

З працы Казлоў сышоў у выніку скандальнай гісторыі на парламенцкіх выбарах 2008 году, калі нёс службу на выбарчым участку. Участковая камісія фальсыфікавала выбары, укідвала бюлетэні ў скрынку, пра што Казлоў паведаміў кіраўнікам, напісаў адпаведныя рапарты.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсьці не пазней за 30 жніўня 2020 года.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!