АГП патрабуе адстаўкі Лідзіі Ярмошынай

Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыняла заяву, у якой сцвярджаецца, што ўлада рыхтуецца «да чарговай фальсіфікацыі вынікаў выбараў» і патрабуе адстаўкі старшыні ЦВК.


У заяве Палітрада АГП сцвярджае, што «ў Беларусі ёсць тыя, хто робіць замах на асновы Канстытуцыйнага ладу». «І справа не толькі ў невыкананні закона. Справа ў тым, што народ гэтымі суб'ектамі ўжо не разглядаецца як крыніца дзяржаўнай улады. Справа ў тым, што ў грамадзян скрадзеная магчымасць выбару сваіх прадстаўнікоў. Выбары сталі імітацыяй, а выбаршчыкі ўжо шмат гадоў не могуць назваць прозвішча свайго дэпутата. Гэта адбываецца таму, што працэс выбараў стаў непразрыстым, што дае магчымасць проста не лічыць галасы. Дэпутаты ўсіх узроўняў служаць тым, хто іх прызначыў, а не выбаршчыкам», — раворыцца ў дакуменце.

Як падкрэслівае Палітрада партыі, «каб людзі маглі выбіраць, трэба ў першую чаргу сумленна лічыць галасы». Выбарчыя камісіі па законе павінны фармавацца з прадстаўнікоў розных арганізацый і палітычных партый (…) Што ж адбываецца на практыцы? Як правіла, усе камісіі складаюцца з работнікаў аднаго працоўнага калектыву, а узначальваюцца кіраўніком гэтага калектыву або яго намеснікам. Пры кантрактнай сістэме пярэчанне начальніку раўназначна страты працы. Смешна, у члены камісій сапраўды вылучаюць ад некаторых палітычных партый і грамадскіх арганізацый, а таксама груп выбаршчыкаў! Але нейкім цудам адбываецца, што ўсе сябры камісіі — члены аднаго працоўнага калектыву», — адзначаюць у АГП.

Падлік галасоў на беларускіх выбарах


«Нядаўна кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі заявіла, што прадстаўнікі апазіцыйных партый не ўключаюцца ў склад выбарчых камісій таму, што яны не праходзяць па такім крытэры, як «здольнасць працаваць у калектыве». Вось ужо сапраўды, магчымасць парушыць працу «дружнага калектыву» прапановай сумленна падлічыць галасы ўспрымаецца як пагроза. У народзе ў такіх выпадках кажуць: «Ні сораму, ні сумлення». Не выпадкова бюджэты выбарчых камісіяў адмаўляюцца апублікаваць, не выпадкова перасталі паказваць месца працы сябраў камісій пры публікацыі іх спісаў», — заяўляе АГП.

«Наша партыя вылучыла 83 прадстаўніка ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў Мінску, Магілёве, Бабруйску, Гомелі, Оршы, Віцебску і іншых гарадах. Пісьменных і падрыхтаваных. Юрыстаў, людзей з вопытам працы ў парламенце, органах мясцовага самакіравання. У прыватнасці, Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Дабравольскага, Антаніну Кавалёву, Валянціна Палевікова. З 83 прэтэндэнтаў у склад участковай камісіі ўключаны толькі адзін прадстаўнік АГП. І гэта ёсць пасланне чыноўнікаў, гранічна яснае — яны будуць красці галасы выбаршчыкаў, яны будуць здзяйсняць злачынствы, яны будуць зноў прызначаць дэпутатаў», — гаворыцца ў заяве Палітрады партыі.

У гэтай сітуацыі Палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі заяўляе, што выбарчыя камісіі сфармаваныя такім чынам, каб людзі не даведаліся пра тое, за каго яны прагаласавалі. Структура сцвярджае, што «вядзецца падрыхтоўка да чарговай фальсіфікацыі вынікаў выбараў, асноўным заказчыкам якой з'яўляецца А. Лукашэнка».

Палітрада АГП патрабуе адстаўкі Старшыні Цэнтральнай выбарчай Камісіі Лідзіі Ярмошынай, якая стала сімвалам падману выбаршчыкаў «і гэтым ганьбіць нашу краіну».

Палітрада звяртаецца да грамадзян Беларусі: «Падумайце — у выбарчых камісіях сядзяць не іншапланецяне! Гэта нашы з вамі суседзі, знаёмыя, настаўнікі нашых дзяцей. Распавядзіце ім, што, закрываючы вочы на фальсіфікацыі і падтасоўку вынікаў галасавання, яны здзяйсняюць крымінальнае злачынства, за якое прадугледжана адказнасць да 5 гадоў пазбаўлення волі. Не лічачы галасы, яны крадуць будучыню ва ўсіх нас — у тым ліку у сябе і сваіх дзяцей. Давайце заявім ім, што нас гэта абурае. Чаму яны служаць не народу, а аднаму ненасытнаму чалавеку? Мы патрабуем выканання закона і справядлівасці!»

Паводле прэс-службы АГП



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!