Агучана першая частка праграмы візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША

Бліжэйшыя дні экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі правядзе ў Злучаных Штатах Амерыкі. Ці адбудзецца там сустрэча з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, дагэтуль невядома. Праграму першых дзён візіту тым часам апублікавала прэс-служба беларускага палітыка.

Рабочы візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША пачнецца ў нядзелю 18 ліпеня ў Вашынгтоне з сустрэчы з беларусамі дыяспары а 13 гадзіне паводле мясцовага часу на Freedom Plaza.

На пачатак тыдня ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы на высокім узроўні ў Дзярждэпартаменце (панядзелак, 19 ліпеня) і Белым доме (аўторак, 20 ліпеня).

Ціханоўская запрошаная на ўрачыстае адкрыццё двухпартыйнага беларускага кокуса ў Кангрэсе ЗША — групы амерыканскіх кангрэсменаў, якія будуць працаваць выключна па тэме Беларусі. Гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі ЗША аказвае такую падтрымку беларусам.

Святлана Ціханоўская сустрэнецца з сенатарамі-чальцамі Палаты прадстаўнікоў ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыі.

Таксама Ціханоўская сустрэнецца з Самантай Паўэр, кіраўніком USAID — амерыканскага агенцтва міжнароднай дапамогі, дасць інтэрв'ю вядучымі сусветным СМІ: CNN, MSNBC, Foreign Policy, National Interest, Voice of America і правядзе сустрэчу з рэдакцыяй Washington Post.

Праграма візіту Ціханоўскай на другую палову тыдня будзе апублікаваная ў найбліжэйшыя дні, адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: