«Акцыі ў абарону незалежнасці будуць усё роўна»

Так сказаў Павел Севярынец на прэс-канферэнцыі, прысвечанай дзеянням у абарону незалежнасці. А калі яны ўсё роўна будуць, трэба іх падрыхтаваць.


Пятнаццаць дэмакратычных партый і палітычных арганізацый, незлічоная (паколькі ніхто не лічыў) колькасць грамадскіх ініцыятыў і рухаў аб’ядналіся, каб напярэдадні чарговых перамоваў Пуціна і Лукашэнкі 20 снежня зладзіць кіраўнікам краін у Мінску дэманстрацыю. Дэманстрацыю таго, што багата Беларусаў не хочуць яднання з Расіяй ані ў якой форме: ані ў форме «эканамічнай інтэграцыі», ані ў форме саюза, ані ў іншай. Арганізатары спадзяюцца, што ўвечары ў пятніцу шмат беларусаў гэта пакажуць. Балазе, па лецішчах зараз ніхто не раз’язджаецца — не сезон.

Невядома, якой будзе гэтая акцыя — «санкцыянаванай» ці не. Паколькі часу на падачу нармальнай заяўкі на шэсце і мітынг ужо няма, таму, па словах Севярныца, да 20 снежня ў Мінгарвыканкам пададуць «уведамленне» пра маючае адбыцца мерапрыемства. Што будзе рабіць Мінгарвыканкам і міліцыя — гэта ўжо іх справа, але, як і было заўважана вышэй, акцыя адбудзецца ў любым выпадку.

Увогуле, што да яе «санкцыянаванасці» ці «несанкцыянаванасці», то тут, з пункту гледжання заканадаўства, пытанне вельмі цікавае. Першы намеснік старшыні КХП-БНФ, адзін з былых дэпутатаў, што зрабілі Беларусь незалежнай, Юрась Беленькі, адзначыў адназначную канстытуцыйнасць такога мерапрыемства. Згодна Канстытуцыі, «Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак» (артыкул 1). Апроч таго, «тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная» (артыкул 9), а «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ» (артыкул 3). «Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь» (артыкул 57).

То-бок, усе, хто выйдуць на акцыю за захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі 20 снежня, проста выканаюць свой абавязак і свяшчэнны доўг, прапісаны ў Канстытуцыі. І для гэтага, падаецца, ніякіх дазволаў не трэба — гэтага проста патрабуе Асноўны закон краіны.

А вось тыя, хто падпісвае нейкія «патаемныя пратаколы» па «паглыбленай інтэграцыі» ці нейкай іншай трасцы, па словах спадара Беленькага, цалкам могуць быць прыцягнутыя да адказнасці па артыкуле 356 частка 2 — «здрада дзяржаве службовай асобай, якая займае адказную пасаду», а гэта — ад 10 да 20 гадоў зняволення са штрафам або без яго.

Часцяком пры абмеркаванні магчымасцяў «інтэграцыі» спасылаюцца на рэферэндум 1995 года, калі, нібыта, беларускі народ ухваліў эканамічнае збліжэнне з Расіяй. Спадар Беленькі дадаў, што той рэферэндум нельга лічыць легітымным, бо ён быў праведзены пад прымусам і з ужываннем гвалту — у прыватнасці, у дачыненні да тых дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія абвясцілі галадоўку пратэсту ў залі парламента. Што цікава, па словах спадара Беленькага, крымінальная справа па гэтым факце дасюль не завершаная — яна толькі «прыпыненая» ў сувязі з тым, што Адміністрацыя прэзідэнта не перадае следчым важныя для расследавання матэрыялы. А канкрэтна — відэазапіс тых падзей, які калісьці Аляксандр Лукашэнка абяцаў прадэманстраваць на ўсю краіну. Ды так гэтага і не зрабіў. І гэтую крымінальную справу ў любы момант можна ўзнавіць.

Увогуле, па словах Беленькага, Саюзная дамова, падпісаная ў 1999 годзе, наўпрост супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, а таму не можа быць дзейснай.


Праўда, юрысты кажуць, што яна носіць двухбаковы характар — паміж Расіяй і Беларуссю. А таму аспрэчыць яе ў міжнародных судах ці органах уяўляецца слаба магчымым: яна не падпадае пад шырокую міжнародную юрысдыкцыю. Аднак і тут нашыя законнікі крутануліся.

Па словах юрыста Ігара Рынкевіча, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) звярнулася ў дагаварную секцыю ААН. У гэтай секцыі рэгіструюцца міжнародныя пагадненні краін-удзельніц ААН. Дамова аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» таксама была адпраўленая ў гэтую секцыю, і зараз БСДП (Грамада) просіць ануляваць яе рэгістрацыю на падставе таго, што дамова пра «Саюзную дзяржаву» супярэчыць абавязальніцтвам Беларусі як чальца ААН. А калі ёсць такія супярэчнасці, то дзейнічае не двухбаковая дамова, а Статут ААН.

Адпаведна ж артыкулу 102 Статута ААН, ніводны з бакоў дамовы, не зарэгістраванай належным чынам у дагаварной секцыі ААН, не можа спасылацца на яе ў органах ААН. То-бок, калі гэта пракоціць, дамова аб «Саюзнай дзяржаве» сапраўды становіцца юрыдычна нікчэмнай на ўзроўні гэтай сусветнай арганізацыі.

У сераду з’явіцца зварот уплывовых асобаў да беларускіх сілавікоў з заклікам падтрымаць незалежнасць краіны. Па салідарнасць звернуцца і да беларусаў замежжа і братніх арганізацый. 21 снежня шырокі сход-мітынг у сталіцы запланавалі дэпутаты, што калісьці галасавалі за наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь статусу канстытуцыйнага закона (а 14-й гадзіне). Мажліва, яны таксама «ўведамяць» пра гэта Мінгарвыканкам. 23 снежня збярэцца Рада кангрэсу за незалежнасць, які быў утвораны ў 2014-м годзе — у пашыраным складзе, з удзелам прадстаўнікоў палітычных партый і аб’яднанняў. А 23 лютага, мажліва, адбудзецца і паўнавартасная сесія гэтага кангрэсу.

Карацей, змаганне за незалежнасць запланаванае «па ўсіх франтах» — ад юрыдычных і міжнародных кірункаў да вулічных акцыяў і сходаў грамадскасці. Прычым, арганізатары гэтых акцый запэўніваюць: любы, хто трапіць пад рэпрэсіі з-за сваёй прабеларускай пазіцыі, атрымае належную дапамогу.

У прынцыпе, у грамадства ёсць досвед правядзення «недазволеных» акцый пратэсту. Напрыклад, у Брэсце праціўнікі будоўлі акумулятарнага заводу штонядзелю «кормяць галубоў» на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтру. У Мінску на Кастрычніцкай плошчы, дзе запланаваныя незалежніцкія акцыі, усталявалі елку. Падаецца, ніхто не перашкаджае мінчукам зладзіць навагодні карагод у абарону суверэнітэту і незалежнасці вакол яе на цэнтральнай плошчы горада.

А калі міліцыя пачне разганяць карагоды — гэта будзе выглядаць зусім ужо абсурдна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: