
Здымак «Нашай Нівы»
Каля 300 чалавек прынялі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасці. Пратэстоўцы сабраліся на плошчы Леніна, памітынгавалі каля аблвыканкаму і прайшліся шэсцем па пешаходнай вуліцы Савецкай.
У Баранавічах на аналагічную акцыю сабралася каля 300 чалавек. Удзельнікаў мясцовай акцыі пратэсту прыехаў падтрымаць старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён паведаміў, што людзі, у тым ліку моладзь, актыўна выступалі на мітынгу, выказвалі сваю нязгоду з эканамічнай палітыкай уладаў. «Відаць, што гэта новыя людзі, якія раней наўрад ці ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту», — сказаў ён.
Самай шматлюднай атрымалася акцыя ў Віцебску, на якой прысутнічала каля 2 тысяч чалавек. Арганізатараў у гэтага маршу не было — людзі прыйшлі на плошчу Перамогі, дзе афіцыйныя ўлады праводзілі Масленіцу. Пратэстоўцы вырашылі не замінаць народным гулянням і пайшлі калонай да плошчы Леніна. Удзельнікі акцыі выкрыквалі лозунгі “Не — дэкрэту №3”, “Лукашэнка, сыходзь”, “Жыве Беларусь”. У натоўпе былі бел-чырвона-белыя сцягі.