«Акрэсціна таксама стане музеем». Святлана Ціханоўская ў Партугаліі наведала былую турму для палітвязняў

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі сёння наведвае Партугалію. Сярод стасункаў з мясцовымі палітыкамі знайшлося месца і для візіту ў былую мясцовую турму для палітвязняў — аналаг беларускага Акрэсціна часоў дыктатара Салазара. Цяпер там музей.

Святлана Ціханоўская наведала музей «Алжубе» — былую турму для партугальскіх палітвязняў, дзе за гады дыктатуры Салазара ўтрымліваліся да 50 000 чалавек. Партугалія стала перадапошняй краінай Еўропы, якая пазбавілася ад дыктатуры. Беларусь — апошняя, адзначае прэс-служба палітыка.

Святлана Ціханоўская заявіла, што ў новай Беларусі ізалятар на Акрэсціна, як і турма «Алжубе», таксама стане музеем — музеем супраціву і свабоды. «Памяць пра палітвязняў, іх пакуты і ўсё, праз што яны прайшлі, назаўжды застануцца ў гісторыі Беларусі».

Мэр Лісабона падарыў Святлане чырвоную гваздзічку — адзін з сімвалаў партугальскай рэвалюцыі 1974 года. Жанчыны клалі гваздзікі ў рулі аўтаматаў сілавікоў. Святлана сказала, што гэта вельмі падобна на гераічны ўчынак беларусак, якія пасля катаванняў і страшнага гвалту над пратэстоўцамі ў жніўні 2020-га выйшлі на вуліцы з кветкамі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: