Актывісты працягваюць пікеты салідарнасці з Эдуардам Пальчысам (фота)

Сёння, у апошні дзень слуханняў па справе рэдактара антыімперскага сайта 1863х.com Эдуарда Пальчыса, неабыякавыя людзі зладзілі чарговы пікет падтрымкі.


Пад вокнамі будынку Мінгарсуда, дзе адбываецца суд над Эдуардам Пальчысам, удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і скандавалі лозунгі ў падтрымку палітзняволенага.



Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Максім Вінярскі, Павал Пракаповіч, Наталля Гарачка, Антось Жылка ды іншыя ўдзельнікі акцыі гучна скандавалі: “Жыве Беларусь!”, “Свабоду!”, “Не быць скотам!”, “Верым! Можам! Пераможам!”, “Эдуард! Мы з табой! Не здавайся! Ты — герой!”, “Эдуарду Пальчысу свабоду!”, “Дайце волю і свабоду беларускаму народу!”, “Патрыятызм — не экстрымізм”.



Супрацоўнікі міліцыі склалі амаль на ўсіх удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства (усяго было 12 чалавек) адміністратыўныя пратаколы. Спецслужбоўцы ў цывільным вялі відэафіксацыю.



Як раней паведамляла адвакат, скандаванне слоў падтрымкі з вуліцы добра чуваць у залі суда, і Эдуард Пальчыс перадаваў вялічэзную падзяку за гэта. Таксама адвакат паведаміла, што сёння апошні дзень слуханняў па справе. З заключным словам выступяць абарона, абвінавачванне і сам абвінавачаны. Мяркуецца, што слуханні скончацца да абеду. Прысуд будзе абвешчаны ў пятніцу.




Нагадаем, рэдактар сайта 1863х.com Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

Пальчыса затрымалі ў Расійскай Федэрацыі і напрыканцы траўня 2016 г. экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту. Напачатку кастрычніка праваабаронцы распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем. Крымінальную справу, распачатую у адносінах да Эдуарда Пальчыса, Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць з 14 кастрычніка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: