Алена Анісім: Я не спарынг-партнёр Лукашэнкі, магу атрымаць да 40% галасоў

Алена Анісім расказала «Радыё Свабода», у адказ на што прыняла рашэнне ісці на выбары і на які вынік разлічвае.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім 30 студзеня заявіла пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

— На падтрымку якіх слаёў беларускага грамадства вы разлічваеце?

— Я разлічваю, у першую чаргу, на ўсіх патрыятычна настроеных грамадзян Рэспублікі Беларусь, незалежна ад іх нацыянальнасці. Усіх, хто заклапочаны лёсам нашай краіны і перспектывай яе развіцця.

Вось якраз у дзень, калі я заявіла пра гатоўнасць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, я атрымала ў сваім ФБ такое паведамленне. Чалавек напісаў: «Дзякуй, не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах з часоў Пазьняка, а зараз задумаўся».

— Рыторыка галоўнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, Аляксандра Лукашэнкі, таксама ў значнай ступені незалежніцкая. Ён таксама кажа, што бароніць незалежнасць, і што з боку Расіі існуе пагроза. Адпаведна, вы будзеце граць на адным палітычным полі. Вас такая канкурэнцыя не палохае і не бянтэжыць?

— Мяне гэта не палохае і не бянтэжыць. Гэта вельмі важна, калі ўсе прэтэндэнты на самую высокую пасаду ў сістэме палітычнай улады ў Беларусі будуць трымацца незалежніцкай пазіцыі, будуць вызначаць дзяржаўнасць нашай краіны, яе самастойнае існаванне і ўмацаванне як каштоўнасць.

— У развагах палітычных аналітыкаў можна пачуць думку і пра такі варыянт развіцця падзеяў, калі апазіцыя здыме ўсіх кандыдатаў, каб Аляксандр Лукашэнка застаўся адзін. У такім выпадку кіраўніку Беларусі патрэбны спарынг-партнёр. Ці не баіцеся абвінавачання ў тым, што вы можаце стаць спарынг-партнёрам Лукашэнкі? І ці не здымеце вы сваю кандыдатуру, калі апазіцыя вырашыць нікога не выстаўляць або зняць свайго кандыдата (кандыдатаў)?

— Я абвясціла аб сваім намеры ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах не таму, што мне няма чым заняцца, і не таму, што мне нехта абяцае нейкую высокую пасаду ці грошы. Я іду таму, што бачу рэальную пагрозу існаванню нашай незалежнай дзяржавы.

Гэта звязана з тымі публікацыямі, у якіх робяцца нападкі на мяне і маю арганізацыю. Таму я ўспрыняла гэтыя публікацыі як асабісты выклік мне і ўсім патрыятычна настроеным грамадзянам. Тут, як кажуць, або вы прымаеце выклік і годна адказваеце на яго, або вы адседжваецеся ў кустах — і тады вас няма, і вашай краіны няма.

Мова тут ідзе пра публікацыі на сайтах teleskop-by.org і Eadaily.com. Спасылку на адну з гэтых публікацый я змясціла ў сваім ФБ, дзе таксама дала адказ на тыя нападкі.

— На які рэальны вынік прэзідэнцкіх выбараў вы разлічваеце? Што плануеце атрымаць на выхадзе?

— Час пакажа. Вынік можа быць розны ў залежнасці ад сітуацыі. Сёння, канечне, разлічваць на перамогу не даводзіцца. Але выбары адбудуцца больш чым праз год, і калі праца будзе пастаўлена добра, то вынік можа быць не менш як 40 працэнтаў.

— У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. На якой мове будзе весціся ваша перадвыбарчая кампанія?

— Мая кампанія, безумоўна, будзе весціся на беларускай мове. Гэтак жа, як я вяла сваю кампанію падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!