Алексіевіч: «Для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем»

Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч дала прэсавую канферэнцыю ў Берліне. Значная частка пытанняў ад нямецкіх журналістаў тычылася палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Прапануем вашай увазе некаторыя цытаты з адказаў пісьменніцы.



Пра цяперашнія прэзідэнцкія выбары у Беларусі:

 

«Мы ўсе маем падазрэнне, што для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем. Як казаў Сталін, няважна, як галасуюць, а важна, хто падлічвае. Тут нібыта той выпадак. Так што ніхто з нас не чакае ніякіх сюрпрызаў, і ўсе маюць адчуванне: тое, што ў Расіі і Беларусі — усё гэта надоўга».

 

Пра беларускую апазіцыю:

 

«Тыя людзі, якія цяпер называюцца апазіцыянерамі, не разумеюць той адказнасці, якая ляжыць на іх. Яны больш занятыя сваім самалюбствам».

 

Пра адносіны Лукашэнкі да вайсковай авіябазы, якую Расія хоча размясціць у Беларусі:

 

«Я не думаю, што ён сапраўды супраць базы. Я думаю, што ён таргуецца — ён спадзяецца, што Расія дасць яму грошай. Гэта ягоная вядомая гульня: Калі кепска з Расіяй, ён павяртаецца ў бок Еўропы. За гэты час у Еўропе памянялася кіраўніцтва — кожныя чатыры гады прыходзяць новыя людзі, і яны думаюць, што перагуляюць Лукашэнку. Яны спрабуюць гэта зрабіць, не ведаючы, што гэта ненадзейны чалавек, і калі Расія дасць яму грошай, ён адразу ж адвернецца ад Захаду. Мы гэта бачылі — разоў пяць гэта было на нашых вачах».

 

Пра імавернасць збліжэння Лукашэнкі з Еўрасаюзам:

 

«Па-першае, ніхто гэтага Лукашэнку не адпусціць. Не трэба нават ніякіх „зялёных чалавечкаў“, ніякіх салдат. Проста яму не дадуць газ ці нафту, і ўсё — мы будзем зіму жыць як на лёдзе».

 

Паводле: Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-10 22:24:20
"Тыя людзі, якія цяпер называюцца апазыцыянэрамі, не разумеюць той адказнасьці, якая ляжыць на іх. Яны больш занятыя сваім самалюбствам". Ох ужо гэтыя абагульненні. Сказала б хоць
"Большасць тых людзей, якія..." Праз гэтае абывацельскае стаўленне да палітыкаў "усе яны аднолькавыя" нічога ў краіне і не мяняецца.
  • Philip
  • 2015-10-10 22:34:04
Яна вымушаная казаць абагульненнямі, бо выступае перад неабазнанай аудыторыяй, якой не патрэбен быў шырокі дыскурс у беларускую палітычную сітуацыю. А вылучаць нікога яна не збіраецца, творца не
павінен быць у межах палітычнай групы
  • ВР
  • 2015-10-10 22:51:23
Баюся, не толькі аўдыторыя неабазнаная, але і сама лаўрэатка. У такіх выпадках сапраўды не варта нікога вылучаць, ёсць іншыя спосабы адказу на пытанне, напрыклад, папрасіць задаць наступнае.
"Шырокі дыскурс" - Вы мелі на ўвазе падрабязны экскурс?



Мне знаёмы тып людзей, якім дадзявае Лукашэнка, але альтэрнатывы яны не бачаць, не шукаюць і, самае сумнае, не хочуць шукаць. Яны яшчэ больш патрэбны рэжыму, чым актыўныя лукашысты, бо іх больш і яны
здольныя эфектыўна патапіць любую ініцыятыву. Думаю, выказванні С. А. для іх - як бальзам на сэрца.
  • Philip
  • 2015-10-11 12:47:56
Але ж наколькі я ведаю яе выказванні, яна прыхільнік нейкага іншага тыпажу палітыкаў, пад які не падыходзяць сучасныя беларускія. Мабыць, яна арыентуецца на нейкі абстрактны ідэал ці мае на ўвазе
які-небудзь прыклад.
  • ВР
  • 2015-10-11 13:23:35
Што Вам сказаць, шаноўны Піліп? Я-то жыву тут і цяпер, а не ў літаратурных творах. Ніяк не магу прызвычаіцца да таго, што журналісты і пісьменнікі ў нас - найлепшыя палітолагі :(