Алесь Бяляцкі: Адмяняць санкцыі супраць Беларусі няма рэзону

Кіраўнік закрытага ўладамі ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі разам са спецдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасці 16 красавіка ўзяў удзел у паседжанні падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламента. Праваабаронца заклікаў ЕС працягваць ціск на беларускія ўлады.



Алесь Бяляцкі пасля вызвалення з калоніі


На пачатку свайго выступу Алесь Бяляцкі падзякаваў Еўрапарламент за падтрымку грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі і ў прыватнасці тых, хто патрапляў у апошнія гады пад кола рэпрэсій. «Рэзалюцыі Парламента Еўрапейскага Саюза, дзе таксама ўзгадвалася і маё імя, з’яўляюцца вельмі важнымі для абмежавання тых рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі».

Праваабаронца пры гэтым прыгадаў, што апошні раз выступаў у Еўрапарламенце ў ліпені 2011 года, яго выступ быў прысвечаны крытычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года (каля 50 чалавек сядзела ў турме за ўдзел у выбарах, у тым ліку некалькі кандыдатаў у прэзідэнты), пасля чаго літаральна праз два тыдні ён апынуўся ў турме. «І дастаткова жорсткая пазіцыя Еўрасаюза ў дачыненні да таго, што адбывалася ў Беларусі, прыняцце пакета найперш палітычных санкцый супраць тых, хто масава парушаў правы чалавека ў краіне, адыгралі сваю ролю, таму што літаральна ў жніўні 2011 года каля 40 чалавек былі вызваленыя».

«Я лічу, што той пакет санкцый, які быў прыняты ў 2011-м годзе, застаецца актуальным да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя», — падкрэсліў Алесь Бяляцкі, асобна адзначыўшы, што ў турме па-ранейшаму знаходзіцца адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, маючы на ўвазе Міколу Статкевіча. «У лістападзе гэтага году ў нас чарговая выбарчая кампанія, а са старымі праблемамі беларускія ўлады не разабраліся. Таму я лічу, што няма рэзону адмяняць санкцыі», — паўтарыў праваабаронца.

Кажучы пра бягучую сітуацыю, кіраўнік «Вясны» адзначыў пагаршэнне ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, распавёў пра выпадкі пераследу незалежных журналістаў і праваабаронцаў, адзначыў, што з прыняццем Дэкрэта №3 працягваецца наступ на сацыяльна-эканамічныя правы грамадзянаў, што праваабаронцы разглядаюць у агульным імкненні ўладаў кантраляваць грамадства.

Гэтую тэндэнцыю Алесь Бяляцкі назваў «рэсаветызацыяй» краіны і адзанчыў, што на гэтым змрочным фоне назіраецца «аптымістычная рыторыка» ўладаў у дачыненні да Еўрасаюза. «Нейкія раскланьванні, абяцанні, падміргванні — імітацыя наладжвання кантактаў. Відавочна, што Міністэрству замежных справаў дадзены загад наладжваць стасункі з Еўрасаюзам любым коштам — найперш, перад выбарамі, каб змякчыць ацэнку будучай прэзідэнцкай кампаніі, па-другое, у пошуках сродкаў (паколькі той эканамічнай дапамогі, якую Беларусь атрымлівала ад Расіі, зараз недастаткова), каб пазбегнуць эканамічнага краху».

«Але — прывядзе такая дапамога да рэформаў у Беларусі ці пойдзе на ўмацаванне рэжыму? Гэтае пытанне нас непакоіць больш за ўсё, 16 красавіка падкрэсліў Алесь Бяляцкі. — Мы лічым, што без удзелу грамадзянскай супольнасці ў гэтым працэсе, без кантроля над зменамі, якія адбываюцца ў Беларусі, гэтыя сродкі будуць, канешне ж, скарыстаныя на ўмацаванне беларускага рэжыму».

Праваабаронца звярнуў увагу еўрапарламентарыяў на тое, што з умацаваннем пазіцыі Лукашэнкі ўмацоўваецца і пазіцыя Пуціна, паколькі яны з’яўляюцца найбліжэйшымі саюзнікамі. «І ўсе саюзы, якія ствараліся Расіяй і Беларуссю, скіраваныя на стварэнне супрацьвагі Еўрапейскаму Саюзу. Таму мы прапаноўваем у гэтай сітуацыі не верыць словам беларускага рэжыму, больш зважаць на яго справы, і ва ў сіх кантактах, якія сталі больш частымі ў апошні час, уздымаць пытанні дэмакратызацыі, рэструктурызацыі, глыбінных зменаў, паколькі ў іншым выпадку гэтыя кантакты будуць на карысць беларускага рэжыму, але ніяк не на змены ў беларускім грамадстве», — сказаў Бяляцкі.

Таксама ён падкрэсліў важнасць вырашэння візавага пытання — зніжэння кошту візаў, а ў далейшым і ўвядзення бязвізавага рэжыму для беларусаў.

Напрыканцы свайго выступу праваабаронца выказаў спадзяванне, што ўмацаванне кантактаў з афіцыйным Мінскам ні якім чынам не «паспрыяе» таму, што каштоўнасныя праблемы, праблемы правоў чалавека адыйдуць на задні план у стасунках паміж ЕС і Беларуссю.

Па інфармацыі ПЦ “Вясна”

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: