Алесь Лагвінец: Улады не жадаюць лічыць галасы на выбарах разам

Намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец 21 красавіка выступіў у Страсбургу на слуханнях, якія правёў камітэт па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў межах веснавой сесіі ПАСЕ.



Алесь Лагвінец


У сваёй прамове Алесь Лагвінец сказаў пра неабходнасць "роўнага і канструктыўнага дыялогу" ўнутры нашай краіны — гэтак, як улады Беларусі хочуць ад еўраструктур.

Але, на жаль, заўважыў адзін з кіраўнікоў Руху, “прырода палітычнага рэжыму ў Беларусі засталася нязменнай”, бо “улады толькі гавораць, але нічога не робяць, каб рэальна наблізіць Беларусь да стандартаў Савета Еўропы”.

Беларусы годныя таго, каб карыстаць са еўрастандартаў у тым ліку у сферы правоў чалавека, аднак па-ранейшаму палітычныя правы беларусаў не паважаюцца. Так, у сферы выбарчага заканадаўства можна канстатаваць пагаршэнне, а не паляпшэнне сітуацыі. Улады ўсяляк не жадаюць увесці просты і зразумелы прынцып — падлік галасоў разам”, — заявіў Алесь Лагвінец.

Статус "адмыслова запрошанага" ў ПАСЕ для парламента Беларусі можна аднавіць толькі пасля выбараў-2016 пры ўмове, што ўлады пойдуць на “рэальныя змены ў заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы”. “Кампанія прэзідэнцкіх выбараў пры канцы 2015 году таксама дазволіць яшчэ раз ацаніць, ці словы адпавядаюць справам”, — лічыць Лагвінец.

Ён таксама зазначыў, што “ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ды вызваліць палітвязняў можна і трэба было б ужо сёння". "Мікола Статкевіч ды іншыя палітвязні павінны быць на волі!” — заявіў Алесь Лагвінец.

Пры гэтым адзін з кіраўнікоў Руху “За Свабоду” падкрэсліў, што апазіцыя выступае за мірныя перамены і нацыянальную кансалідацыю, а адным са спосабаў дасягнення гэтай мэты можа стаць “Народны рэферэндум”, кампанію па правядзенні якога ладзяць шэраг дэмакратычных партый і арганізацый.

Таксама на слуханнях выступіў спецыяльны дакладчык ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, з беларускага боку ўдзел ўзялі, апрача намесніка старшыні Руху “За Свабоду” Алеся Лагвінца, кіраўнік пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка і намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!