Аляксандр Класкоўскі: Беларусі пагражае дэградацыя ва ўсіх сферах

Візітам у Азербайджан беларускі правадыр паспрабаваў дасягнуць некалькіх мэт, перакананы палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Візіт у Азербайджан да старога сябра Ільхама Аліева, напэўна, быў важны для Лукашэнкі ўжо выключна псіхалагічна. Бо пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, што выклікалі бурныя пратэсты, ён лётаў толькі да Пуціна, у той час як Ціханоўская, якая сядзіць у пячонках ў беларускай кіруючай вярхушкі, сустрэлася са мноствам замежных лідараў.

Але зводзіць візіт да піяру і спробы папрасіць у Аліева грошай — а такой падачай грашаць іншыя СМІ, што не сімпатызуюць беларускаму рэжыму, — было б вялікім спрашчэннем.

Звернем увагу на некалькі важных момантаў: зброю, нафту і геапалітыку.

У прыватнасці, няма сумневаў, што беларуская (ці мадэрнізаваная з дапамогай Мінска) зброя дапамагла Аліеву перамагчы ў нядаўніх баях за Нагорны Карабах. І лагічна выказаць здагадку, што цяпер Баку зробіць новыя заказы.

З нафтай — цікавае пытанне. Адна справа — леташняя сітуацыя, калі здарыўся нафтавы канфлікт з Расіяй і беларускія НПЗ аказаліся на галоднай пайцы. Але цяпер жа з Масквой адносіны ў іншай фазе. Яна гатовая даваць Мінску нафту пад завязку. І нягледзячы на падатковы манеўр, які Расія праводзіць у сваёй нафтавай галіне, яе нафта пакуль дастаецца Беларусі з дысконтам ад сусветнага кошту. Навошта тады гнаць танкеры з Азербайджана?

На думку экспертаў, Лукашэнка хоча захаваць якую-ніякую дыверсіфікацыю і не трапляць у поўную залежнасць ад Масквы ў гэтай сферы.

Эксперты таксама вылучаюць геапалітычны аспект візіту беларускага кіраўніка ў Баку: бо Аліеў — саюзнік турэцкага лідара Эрдагана, а Турцыя пачынае адыгрываць усё больш прыкметную ролю ў рэгіёне, у чымсьці яна канкурыруе з Расіяй і мае свае інтарэсы ў Беларусі.

Такім чынам, візітам у Азербайджан беларускі правадыр паспрабаваў дасягнуць некалькіх мэт. Калі казаць пра піяр, то пытанне ў тым, ці многія глядзяць беларускае тэлебачанне і многія яму вераць. Да таго ж, крах беларускай знешняй палітыкі на заходнім кірунку ніяк не захінуць бравурнымі справаздачамі пра сяброўства з Расіяй, Кітаем ці Азербайджанам.

Нарэшце, праблема ў тым, што беларускі рэжым, што скаціўся ў рэпрэсіі ды сапсаваў адносіны з перадавымі краінамі, яшчэ больш пагоршыў перспектывы нацыянальнай эканомікі. Без найноўшых тэхналогій і, галоўнае, рэформ яе канкурэнтаздольнасць будзе падаць. А купляць абы-што нават стратэгічныя партнёры (гэта тычыцца не толькі Азербайджана) не стануць.

Беларусі, між тым, пагражае дэградацыя ва ўсіх сферах. Адэкватнага адказу на наспелыя пытанні развіцця краіны ў беларускай кіруючай вярхушкі няма. А без гэтага любое манеўраванне на міжнароднай арэне будзе толькі малаэфектыўнай мітуснёй у рамках выратавання анахранічнага рэжыму любой цаной.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: