Аляксандр Класкоўскі: ЕС і ЗША на гэты раз, здаецца, гатовыя быць больш прынцыповымі, чым раней

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — аб цяперашнім стане адносін беларускіх уладаў з Расіяй і Захадам.

— Паказальна, паслы якіх краін ўручылі даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку 13 мая, — піша Аляксандр Класкоўскі ў сваім тэлеграм-канале. — Гэта Ірак, Нікарагуа, Расія, Руанда, Саудаўская Аравія і Сьера-Леонэ. Гэта значыць, у асноўным дзяржавы так званай далёкай дугі плюс галоўная саюзніца.

З астатнім светам напружанка. Зрэшты, і з Масквой няпроста, хоць Лукашэнка і запэўніў паслоў, што ў адносінах з Расіяй усё окей, «поўным ходам ідзе дыялог па паглыбленні нашай інтэграцыі».

На самай справе падпісанне пакета дарожных карт інтэграцыі зноў пераносіцца. Раней пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка казаў пра красавік-май, цяпер гаворка ідзе аб восені.

Падобна на тое, што інтэграцыйны гандаль у чарговы раз буксуе. Мінск хоча перш за ўсё займець рэсурсы танней, Масква — аблытаць саюзніка інстытуцыйна.

Верагодна таксама, што Уладзімір Пуцін настойвае на выкананні нейкіх латэнтных, закулісных дамоўленасцяў (у тым ліку адносна транзіту ўлады ў Беларусі). Ва ўсякім выпадку, на такія здагадкі наводзяць аглядальнікаў частыя тэлефонныя кантакты і асабістыя сустрэчы двух правадыроў без абвяшчэння вынікаў гэтых перамоваў.

Беларусі вельмі патрэбныя канструктыўныя кантакты з перадавым светам, і перш за ўсё з Захадам. Але рэжым відавочна хоча аднавіць дашчэнту сапсаваныя адносіны ў асноўным на сваіх умовах. Аднак Еўрасаюз і ЗША на гэты раз, здаецца, гатовыя быць больш прынцыповымі, чым падчас ранейшых крызісаў у адносінах.

Сапраўды гэтак жа рэжым хацеў бы на сваіх умовах перавярнуць старонку (выраз Лукашэнкі) у адносінах з грамадствам: каб незадаволеныя змірыліся і прынялі дыктат грубай сілы.

Пры гэтым кіруючая вярхушка відавочна недаацэньвае ступень падзення свайго аўтарытэту ў грамадстве, яго настроенасць на перамены.

Прагрэсіўная частка насельніцтва проста чакае свайго часу. Сістэма ж, выбудаваная пад інтарэсы аднаго чалавека, у нейкі момант можа хутка пайсці па швах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: