Беларусь і Расія. У пошуках лепшай долі

Маленькая пухнатая жывёлінка пясец, як вядома, заўсёды падбіраецца незаўважна, прычым з таго боку, з якога яго менш за ўсё чакаеш.


У якасці прыкладу прапаную звярнуцца да праекту стварэння хуткаснай чыгуначнай магістралі паміж Мінскам і Масквой. Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў лічыць праект перспектыўным і ўпэўнены, што пошук інвестараў будзе паспяховым. Паводле словаў пасла, рэалізацыя праекта павысіць рухомасць працоўных рэсурсаў і адкрые новыя магчымасці для гуманітарнага ўзаемадзеяння ўнутры Саюзнай дзяржавы.

Што, акрамя плюсаў, можа несці ў сабе гуманітарнае ўзаемадзеянне? Цікавае пытанне, але адназначнага адказу на яго гісторыя не дала, бо віды гуманітарнага ўзаемадзеяння бясконца разнастайныя. Адна з крайнасцяў адлюстраваная на карціне мастака Васіля Сурыкава «Заваяванне Сібіры Ермаком». Паводле аналагічнай схемы развіваліся падзеі на амерыканскім кантыненце пасля таго, як еўрапейцы здолелі істотна «павысіць рухомасць працоўных рэсурсаў» пры дапамозе найноўшых дасягненняў у галіне караблебудавання.

Заявіць, што хуткасная чыгунка прывядзе да аналагічнага выніку, і горад-герой Мінск апануюць перасяленцы з горада-героя Масквы, я б не наважыўся. Хутчэй, мы станем сведкамі ўзмацнення міграцыі ў адваротным кірунку. Пра­цэс гэты ідзе досыць актыўна, нягледзячы на стандартную хуткасць руху цягнікоў.

Беларусь сёння з’яўляецца не толькі донарам стабільнасці для сваіх неспакойных суседзяў, але і донарам працоўнай сілы для іх жа. Чым можна патлумачыць гэты кур’ёз? Не выключана, што першы від донарства існуе выключна ў галовах архітэктараў «беларускай мадэлі». Як казала мая першая жонка, «сам прыдумаў, сам і на памяць вывучыў». Суб’ектамі ж другога віду з’яўляюцца не архітэктары, а будаўнікі. Рашэнні пра пераезд яны прымаюць «ідучы ад жыцця», а не ад пажаданняў ідэолагаў.

Але калі Расія для Беларусі служыць рэцыпіентам працоўнай сілы, то для Еўропы — яна такі ж самы донар. У гэтай сувязі прывяду цытату, запазычаную з расійскай «Незалежнай газеты»: «Германія рыхтуецца абвясціць бязвізавы рэжым для ўсіх грамадзян РФ, маладзейшых за 25 гадоў. Гэты смелы крок стане працягам агульнай палітыкі Берліна на развіццё краіны за кошт замежнай працоўнай сілы. Ужо сёння ў Германіі можна атрымаць паўгадавую візу для пошуку працы ў гэтай краіне. <...> Мяркуючы па апытаннях, ужо цяпер пакінуць Расію гатовыя каля 40% моладзі. Прадстаўнікі расійскіх ВНУ і працадаўцы шакаваныя планамі нямецкіх уладаў наконт расійскай моладзі».

Дзве кроплі на прадметным століку

Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепш. Аднак не толькі згаданыя ў прыказцы прадстаўнікі пазваночных (падвід хордавых жывёл) здольныя перамяшчацца ў прасторы ў пошуках лепшай долі. Звернемся да амёбаў. Любы сямікласнік павінен умець растлумачыць, што адбудзецца, калі дзве кроплі з інфузорыі на прадметным шкле злучыць вадзяным «мастком», а на край адной з кропель пакласці крышталік солі.

Дзве кроплі са школьнага вопыту — гэта аналагі дзвюх цывілізацый (заходнееўрапейскай і расійскай). Да перабудовы «масток» паміж імі быў перакрыты «жалезнай заслонай». Пасля яго дэмантажу пачалося інтэнсіўнае перамяшчэнне. Мяркую, нескладана здагадацца, адкуль і куды.

Зразумела, што беспраблемных кропель-цывілізацый не бывае. Акрамя таго, нідзе нас не чакаюць. Нездарма ж сярод рускамоўных імігрантаў у Амерыцы папулярная прыказка: «Кожнаму наканавана з’есці сваю лыжку лайна». Тым не менш, што б ні казала прапаганда, але практыку ў якасці галоўнага крытэру ісціны яшчэ ніхто не адмяняў. Таму баланс імігрантаў-эмігрантаў (якія прыехалі і якія з’ехалі) дазваляе беспамылкова вызначыць, у якой з «кропель» аказалася больш «крышталікаў солі».

Перамяшчэнні народаў рознай інтэнсіўнасці спецыялісты фіксуюць на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Адно з іх (у Еўропе ў IV–VII стагоддзях) увайшло ў падручнікі пад назвай «Вялікае перасяленне народаў».

Галоўнае адрозненне падзей 1,5-тысячагадовай даўнасці ад сучасных заключаецца ў тым, што сёння пераадольваць «масты» прасцей індывідуальна. Што тычыцца напрамкаў — яны не змянілася. Як і ў часы Рымскай імперыі, жыхары сучаснай перыферыі імкнуцца патрапіць у цэнтр еўрапейскай цывілізацыі.

Зноў звярнуся па дапамогу да артыкулаў у «Незалежнай газеце»: «У Германіі ўжо пражываюць каля 11 мільёнаў чалавек, якія не маюць нямецкіх пашпартоў. Пры гэтым штогод звыш 100 тысяч іншаземцаў праходзяць працэдуру атрымання нямецкага грамадзянства. Нягледзячы на гэта, ФРГ працягвае адчуваць каласальны недахоп працоўнай сілы. Паводле ацэнак, у Германіі не хапае больш за 1,2 мільёна спецыялістаў, дэфіцыт кваліфікаваных кадраў адчувае 40% прадпрыемстваў».

«Алё, мы шукаем таленты!». Была такая перадача на савецкім тэлебачанні. Сёння перавабліванне талентаў — важны элемент дзяржаўнай палітыкі, для практычнай рэалізацыі якой федэральныя землі Германіі арганізуюць своеасаблівыя зялёныя калідоры для патрэбных спецыялістаў.


Не выключэнне, а правіла

Згодна з лютаўскім апытаннем Левада-цэнтра, выехаць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства не супраць больш за 40% расіян ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Гэта ў два разы вышэй за паказчык па выбарцы ў цэлым.

У Беларусі — свае паказчыкі. У апошні раз пытанне наконт жадання пераехаць у іншую краіну на пастаяннае месца жыхарства НІСЭПД задаваў у сакавіку 2016 года. Колькасць тых, хто задэклараваў сваё жаданне пераехаць, не адрознівалася ад значэнняў папярэдніх гадоў і склала 41% супраць 50% тых, хто не жадае пераязджаць (29% ва ўзросце 18–29 гадоў супраць 77% старэйшых за 60 гадоў).

30 чэрвеня 2018 года на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі афіцыйны погляд на праблему выказаў адзіны палітык: «Камфортныя стартавыя ўмовы для вас створаны. Пагадзіцеся, для спецыялістаў, якія яшчэ не праявілі сябе ў прафесіі, атрымаць першае гарантаванае працоўнае месца — гэта высокі давер. Вы гэта не разумееце і не зразумееце (яно цяжка разумеецца, калі яно ёсць). Калі яго няма — паглядзіце на сваіх замежных аднагодкаў — тады вы зразумееце, што такое першае працоўнае месца, і колькі маладых людзей яго сабе не могуць знайсці хоць бы за грошы, але каб быць карыснымі грамадству. Гэтая гарантыя азначае, што дзяржава дае вам першую рэкамендацыю. Усё астатняе залежыць толькі ад вас».

Вось так бачыцца праблема працаўладкавання маладых спецыялістаў на Захадзе і ў Беларусі з вокнаў Палаца Незалежнасці. Калі меркаваць па цытаце, шыбы ў гэтых вокнах вырабленыя з адмысловага шкла, якое выконвае ролю інфармацыйнага фільтра. Пра Беларусь яны прапускаюць толькі станоўчую інфармацыю, а пра краіны Захаду — толькі негатыўную.

Для палітыка, што засядзеўся на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе больш за два тэрміны, жыццё ў прыдуманым свеце, дзе няма супярэчнасцяў, становіцца не выключэннем, а правілам. Чым гэта можа скончыцца, кожны ахвочы можа паглядзець, калі набярэ ў пошукавіку: «апошні выступ Чаўшэску». Быў такі выбітны сын румынскага народа. Больш за тры дзесяцігоддзі ўзначальваў ён Румынскую камуністычную партыю. Але маленькая пухнатая жывёлінка зноў падкралася нечакана, прычым з таго боку, з якога выбітны сын і яго верныя паплечнікі па партыі менш за ўсё чакалі.


Як быццам нічога не адбылося

Паводле англійскага гісторыка Арнольда Тойнбі, дынаміка цывілізацыі (яе ўзнікненне, рост, «надлом», заняпад і раскладанне) вызначаецца «законам выкліку і адказу». Адказнасць ж за фарміраванне адэкватнага адказу заўсёды ляжыць на «творчай меншасці».

Аднак аўтаномнасць меншасці адносная. Далёка адарвацца ад сваіх сацыяльных каранёў яна не можа. У статычных, прымітыўных грамадствах здольнасць меншасці да творчасці абмежаваная. У такіх грамадствах кіруе звычай. Таму пры рэзкіх зменах умоваў жыцця, якія Тойнбі называе «выклікам», грамадства не можа перабудавацца і змяніць свой лад жыцця. Яно працягвае дзейнічаць так, як быццам «выкліку» няма, як быццам нічога не адбылося.

Ілюстрацыяй да базавых палажэнняў класіка цывілізацыйнага аналізу можа служыць Рэспубліка Беларусь. 1994 год мог бы стаць для яе пераломным, але не стаў, бо сярод 10-мільённага насельніцтва не ўдалося сабраць крытычную масу творчых людзей, здольных зразумець выклік і даць на яго адэкватны адказ. Але нават калі б такі адказ быў дадзены, ён не знайшоў бы большасці, што гатовая яго прыняць.

«Сучасны крызіс у Беларусі, — тлумачыць доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч, — гэта не крызіс беларускага шляху, а крызіс, абумоўлены разбурэннем СССР і, як следства, дэзінтэграцыяй постсавецкай прасторы».

Быццам бы пэўная логіка ў гэтым ёсць. Але чаму разбурыўся «Саюз непарушны рэспублік свабодных»? Адказу на гэта пытанне філосаф не дае, што не перашкаджае яму звязваць будучыню Беларусі з яго аднаўленнем.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: