Амбасадар Ізраіля просіць Беларусь асудзіць ракетныя абстрэлы з боку палестынцаў

З заклікам асудзіць ракетныя абстрэлы з боку палестынцаў звярнуўся да беларускіх уладаў амбасадар Ізраіля ў Мінску Алекс Гольдман-Шайман.


«10 мая тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС пачала чарговую серыю злачынстваў супраць мірных жыхароў Ізраіля, падвергшы нашу краіну няспынным ракетным абстрэлам з боку сектару Газа, — цытуе зварот амбасадара БелаПАН. — Ад 6 гадзінаў вечара 10 мая па Ерусаліме, Тэль-Авіве і іншым гарадам Ізраіля было выпушчана больш за 1500 ракет, прычым больш за 250 ракет упалі на жылыя раёны самога сектара Газа».

Паводле амбасадара, у выніку абстрэлаў у Ізраілі загінула сем чалавек, у тым ліку пяцігадовы хлопчык, параненыя — сотні, трое сутак больш за 2 мільёны ізраільцянаў вымушаныя хавацца ў бамбасховішчах, ад ракет пакутуюць і арабы, якія пражываюць у Ізраілі.

«У Ізраіля ёсць права абараняць сябе, гарантуючы бяспеку сваіх грамадзян. Ізраіль дае адэкватны і ўмераны адказ на тэрор, якому падвяргаецца. Наша мэта — прымусіць ХАМАС спыніць абстрэлы і забойства мірных жыхароў і знішчыць яго вайсковую інфраструктуру... Мы заклікаем міжнародную супольнасьць і Беларусь безумоўна асудзіць ракетныя абстрэлы і тэрарыстычныя дзеянні палестынцаў супраць ізраільскага мірнага насельніцтва, прызнаць безумоўнае права Ізраілю на абарону сваіх грамадзян», — сказана ў заяве ізраільскага амбасадара.

Беларускае МЗС на падзеі пакуль не адрэагавала.

Палестына-ізраільскі канфлікт зноў абвастрыўся пасля таго, як улады Ізраіля выказалі намер выселіць некалькі палестынскіх сем’яў з раёну Шэйх Джарах ва Ўсходнім Ерусаліме. Слуханне справы адкладзенае. Спрэчка вакол уласнасці на зямлю ў гэтым раёне працягваецца некалькі дзесяцігоддзяў.

Паводле «Свабоды».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: