Амбасадар Славакіі, які быў на парадзе ў Мінску 9 траўня, атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Скарыны

Дыпламат удастоены гэтай узнагароды за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй, паведамляе афіцыйны інтэрнэт-партал беларускага кіраўніка.
Ёзэф Мігаш

Ёзэф Мігаш

Лукашэнка, уручаючы амбасадару ордэн, падзякаваў яму за ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Вялікай Перамогі 9 траўня ў Мінску і адзначыў вялікае значэнне гэтага рашэння дыпламата, хоць яно і мела для яго неадназначныя наступствы. "Вы сапраўды прадэманстравалі мужны ўчынак, гэта ўбачылі не толькі беларусы, пабачыў увесь свет, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Рэдка сустракаюцца такія амбасадары, якія дзейнічаюць па волі сэрца, але тым не менш яны ёсць". 

У сваю чаргу Ёзэф Мігаш падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за тую адзнаку, якой ён ганараваны. Амбасадар падкрэсліў, што Беларусь, прыняўшы рашэнне адзначыць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўрачыстымі мерапрыемствамі, "зрабіла так, як мае быць, таму што гэта святое свята". Што да яго персанальнага рашэння прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах, то ён зрабіў гэта, кіруючыся асабістымі перакананнямі. І калі б падобная сітуацыя паўтарылася, ён зрабіў бы тое ж самае. "Таму што перакананні, гонар — гэта тое, што характарызуе чалавека. Ты не можаш чапляцца за пасаду моцна і рэгідна, калі гэта ідзе насуперак тваім перакананням. Я ўдзячны вам і ўсяму беларускаму народу", — сказаў дыпламат.

Нагадаем, нягледзячы на адмову амбасадараў краінаў Еўразвязу ва ўмовах каронавіруса, амбасадар Славакіі Ёзэф Мігаш прысутнічаў на вайсковым параде ў Мінску 9 траўня. У адказ на крытыку з боку МЗС сваёй краіны Мігаш падаў у адстаўку, якая была прынятая. У знешнепалітычным ведамстве палічылі, што ён парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў Мігаша, назваўшы адстаўку «міжнародным скандалам».

"Ён вырас у сям'і патрыёта, бацька змагаўся з нацызмам, партызанам, наколькі я ведаю, быў. Ён выступаў, казаў пра гэта адкрыта. Ну як можна гэтаму чалавеку прад'яўляць прэтэнзіі? За такія рэчы караць чалавека — гэта непрымальна, тым больш Славакіі. Ну мы ж свае людзі, мы ваявалі разам супраць нацызму", — сказаў Лукашэнка.

Аднак казус у тым, што Славакія была саюзнікам Германіі ў гады Другой сусветнай вайны, у тым ліку славацкія салдаты ўдзельнічалі ў аперацыях супраць партызан у Беларусі.

Ёзэф Мігаш працягвае выконваць абавязкі амбасадара, пакуль кіраўніцтва Славакіі не знойдзе яму замену.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: