Амбасадарка ЗША: Акрамя санкцый, будзем шукаць і іншыя шляхі ўздзеяння на беларускія ўлады

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр дала інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».
— Санкцыі, якія закранулі дзевяць дзяржпрадпрыемстваў, размарозілі, таму што ўрад Лукашэнкі трымае палітвязняў. Гэтыя санкцыі былі пастаўленыя на паўзу, але іх не адмянілі: у 2015 годзе іх толькі замарозілі, таму што тады на волю былі выпушчаныя палітвязні. Але гэтыя санкцыі моцна звязаны з сітуацыяй з палітвязнямі. У цяперашніх умовах Дзярждэпартамент даў адпаведныя рэкамендацыі Мінфіну адносна санкцый, улічваючы тое, што ў Беларусі сёння больш за 350 палітвязняў. Гэта быў магутны сігнал ад нас — сітуацыя не дазваляе, каб санкцыі заставаліся замарожанымі. Цяпер мы паглядзім, ці будуць санкцыі эфектыўнымі, — распавяла Фішэр.

Джулі Фішэр таксама выказалася і на іншыя тэмы да беларуска-амерыканскіх адносін.

Пра «замах» на Лукашэнку, падрыхтаваны спецслужбамі ЗША


— Што тычыцца тых абсурдных абвінавачанняў, то якраз гэта ўсё роўна для мяне. Многія разумныя і рацыянальныя людзі могуць пасмяяцца з гэтага, знайсці несупадзенні ці ўбачыць адсутнасць пэўных дэталей у гэтай гісторыі. Але што на самой справе мяне хвалюе: у Беларусі сёння сапраўдны палітычны крызіс, але замест таго, каб прадпрымаць меры, Лукашэнка вырашыў засяродзіцца на пошуках вінаватых, на іншых краінах, на перакладанні віны на так званае «замежнае ўмяшанне», а не на рэальных праблемах, з якімі сутыкаюцца беларусы, не на кроках, якія трэба зрабіць, каб пераадолець гэты крызіс.

На пытанне, чаму Лукашэнка абвінавачвае амерыканцаў у «замаху», дыпламатка прапанавала задаць гэтае пытанне непасрэдна яму.

— Трэба сказаць, што ён абвінавачвае не толькі амерыканцаў, але і іншых. Можа, гэта залежыць ад дня або яго настрою. Але, зноў жа, ён выбірае пошук нейкіх знешніх прычын замест таго, каб паглядзець на свае дзеянні і дзеянні яго ўрада.

Пра словы Макея


Джулі Фішэр пракаментавала нядаўнія словы Уладзіміра Макея, які заявіў, што калі Фішэр збіраецца прыехаць у Беларусь і рабіць заявы пра нелегітымнасць рэжыму, то ёй няма сэнсу прыязджаць у краіну.

— Для нас, амерыканскіх дыпламатаў, было б непрымальна згаджацца на нейкія абмежаванні нашай дзейнасці. Нашы дыпламаты кожны дзень маюць самыя розныя заданні ва ўсім свеце: напрыклад, камунікацыя з медыя, назіранне за функцыянаваннем органаў улады ў тым месцы, дзе яны служаць, амбасадары ЗША таксама надаюць шмат значэння назіранню за судовымі працэсамі, назіранню за сітуацыяй з правамі чалавека. Для мяне вельмі важна зразумець, ці змагу я выконваць свае дыпламатычныя функцыі на ўсе 100 адсоткаў, таму што ЗША не прымаюць абмежаванні дзейнасці амбасадараў.

Пра пасланне Лукашэнку


Дыпламатка перадала «пасланне» Аляксандру Лукашэнку і спецслужбам Беларусі.

— Думаю, было б яшчэ не позна прыняць тыя рашэнні, якія пайшлі б на карысць народу Беларусі. Думаю, цяпер яшчэ нават магчыма, каб ЗША дапамаглі ў гэтай сітуацыі. Мы ведаем, што суверэнітэт Беларусі вельмі важны. Ёсць рашэнні, якія будзе прымаць Лукашэнка, і ёсць рашэнні, якія будуць прымаць яго асяроддзе і спецслужбы. Я з нецярпеннем чакаю дня, калі Беларусь будзе сучаснай еўрапейскай нацыяй, яны ўжо сёння могуць нешта зрабіць, каб падрыхтаваць глебу для гэтага.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: