Amnesty International асуджае новыя абвінавачванні супраць Сяргея Ціханоўскага

Amnesty International апублікавала заяву з нагоды новых абвінавачванняў, высунутых супраць Сяргея Ціханоўскага.


У прэс-рэлізе адзначаецца, што “абвінавачванні сфабрыкаваныя з адзінай мэтай спыніць законную палітычную дзейнасць Ціханоўскага і яго жонкі Святланы”.

У дачыненні да Ціханоўскага ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Акрамя таго, супраць Ціханоўскага, а таксама Мікалая Статкевіча і іншых асобаў распачата крымінальная справа па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў па арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Amnesty International падкрэслівае, што новыя абвінавачванні “з’яўляюцца часткай шырокай кампаніі, накіраванай супраць актывіста, яго прыхільнікаў, блогераў і крытыкаў уладаў”.

Пасля падзеяў 29 траўня ў Гродне і арышту Ціханоўскага Amnesty International заявіла, што справа была сфабрыкаваная ўладамі, каб ізаляваць найбольш вядомых крытыкаў і праціўнікаў рэжыму:

“Празмерна шырокія і расплывістыя абвінавачванні дазваляюць уладам патэнцыйна прад'явіць абвінавачанні супраць любога палітычнага апанента”.

Калі Amnesty International упершыню пракаментавала гэтую справу ў сваёй заяве ад 29 чэрвеня, пад арыштам знаходзіліся дзесяць чалавек.

Цяпер у спіс уваходзяць прынамсі 15 вязняў сумлення — асобы, якія былі пазбаўлены волі выключна за спробу мірнага ажыццяўлення сваіх правоў. Гэта Аляксандр Арановіч, Дзмітрый Фурманаў, Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Казлоў, Уладзімір Кніга, Ігар Лосік, Андрэй Новікаў, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Яўген Разнічэнка, Арцём Сакаў, Сяргей Спарыш, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Уладзімір Цыгановіч. Яшчэ трое актывістаў са спісу — Васіль Баброўскі, Уладзімір Навумік і Вяргілі Ушак — вызвалены, але абвінавачванні супраць іх не знятыя.

“Любая асоба, арыштаваная ў якасці падазраванага ў гэтай справе, не здзейсніўшы, пры гэтым, міжнародна прызнанага крымінальнага злачынства, будзе лічыцца вязнем сумлення”, — заяўляе Amnesty International.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: