Amnesty International: Узброеныя сілы не павінны ўмешвацца ў пратэстныя акцыі ў Беларусі

Amnesty International выступіла з заявай, у якой заклікае ўлады Беларусі адмовіцца ад прымянення Узброеных сілаў у падаўленні мірных акцый пратэсту, якія могуць адбыцца ў сувязі з правядзеннем выбараў прэзідэнта 9 жніўня.
Унутраныя войскі на вуліцах Мінска 15 ліпеня. Фота Радыё Свабода

Унутраныя войскі на вуліцах Мінска 15 ліпеня. Фота Радыё Свабода


24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што гатовы ўжыць Узброеныя сілы для "навядзення парадку" і падаўлення вулічных пратэстаў і дэманстрацый. Гэтая заўвага была зробленая ў кантэксце прызначаных на 9 жніўня прэзідэнцкіх выбараў, у якіх дзейны кіраўнік дзяржавы будзе ў шосты раз прэтэндаваць на перавыбранне. У апошнія тыдні па краіне пракацілася хваля масавых пратэстаў супраць парушэнняў на выбарах. Усе гэтыя акцыі праходзілі мірна за выключэннем тых выпадкаў, калі ўлады жорстка іх разганялі і справакавалі такім чынам асобныя інцыдэнты прымянення гвалту.

На працягу многіх гадоў беларускія ўлады неапраўдана абмяжоўвалі і душылі права на свабоду мірных сходаў, актыўна выкарыстоўваючы міліцыю для разгону мірных акцый і затрымання іх удзельнікаў. Сёлета маштаб пратэстаў ва ўсёй Беларусі і паведамленні аб тым, што многія супрацоўнікі міліцыі не хочуць ужываць сілу супраць мірных пратэстоўцаў, а некаторыя спачуваюць іх патрабаванням, выклікалі асцярогі, што на прадухіленне і падаўленне пратэстных акцый могуць быць кінутыя вайскоўцы. У гэтым кантэксце выказванні Аляксандра Лукашэнкі адносна Узброеных сілаў, вярхоўным галоўнакамандуючым якіх ён з'яўляецца, выглядаюць як прыхаваная пагроза яго палітычным апанентам і ўсім нязгодным у Беларусі.

Міжнароднае заканадаўства ў галіне правоў чалавека гарантуе кожнаму права на свабоду мірных сходаў. Дзяржава абавязаная забяспечваць бяспеку мірных пратэстоўцаў незалежна ад іх палітычных поглядаў і прыналежнасці, а таксама павінна дапамагаць у рэалізацыі гэтага права. Адно толькі чаканне парушэнняў парадку ніяк не можа быць падставай для абмежавання або разгону сходу. Нават на асобныя выпадкі гвалту, калі такія здарацца, рэакцыя павінна быць прапарцыйнай, так каб не ўцягнутыя ў гвалт ўдзельнікі маглі працягнуць рэалізоўваць сваё права на свабоду мірных сходаў.

Часовае выкарыстанне вайскоўцаў для забеспячэння парадку на сходах дапушчальна толькі ў самых выключных выпадках на падставе дакладных ацэнак іх карыснасці ў канкрэтнай сітуацыі. Узброеныя сілы не створаныя і не прызначаныя для выканання праваахоўных функцый. Гэтыя функцыі фундаментальна адрозніваюцца ад звычайнага падыходу "знішчэння праціўніка", які выкарыстоўвае армія пры баявых дзеяннях.

Перш чым узброеныя сілы могуць быць выкарыстаны для забеспячэння парадку на масавых мерапрыемствах, яны павінны мець адпаведныя загады, абсталяванне і падрыхтоўку, так каб выконваць гэтую функцыю ў адпаведнасці з законам і выконваючы правы чалавека. Пры выкананні сваіх задач яны павінны дзейнічаць у прававых рамках, якія ўжываюцца для праваахоўных органах, уключаючы міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства ў галіне правоў чалавека. Асабісты склад працягвае несці поўную адказнасць за свае дзеянні, уключаючы прымяненне сілы.

У Беларусі няма ніякай відавочнай неабходнасці ў прыцягненні Узброеных сілаў у забеспячэнне парадку. Заява аб магчымасці іх прымянення ў кантэксце пратэстаў, якія працягваюцца і ў пераважнай большасці выпадкаў з'яўляюцца мірнымі, відавочна накіравана на застрашванне тых, хто рэалізуе сваё права на свабоду мірных сходаў. Прысутнасць вайскоўцаў на вуліцах, дзе людзі збіраюцца прымаць удзел у мірных пратэстах, служыць стрымліваючым фактарам і па сутнасці перашкодай для рэалізацыі гэтага права, нават калі байцы і не ўзаемадзейнічаюць з пратэстоўцамі напрамую.

Пагроза прымяніць войска супраць палітычных апанентаў — гэта безразважны і безадказны крок, які можа прывесці да трагедыі і значных парушэнняў правоў чалавека. Беларускія ўлады павінны рашуча адкінуць такія ідэі. Замест гэтага ім варта паклапаціцца аб тым, каб міліцыя выкарыстоўвалася толькі ў законных мэтах і ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам дапамагала, а не замінала рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў.

elections2020.spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: