Amnesty International заклікае Беларусь спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў

Amnesty International рашуча асуджае масавыя рэпрэсіі супраць свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў у Беларусі.

Заява Amnesty International была распаўсюджаная ў адказ на паведамленні беларускіх праваабаронцаў, паводле падлікаў якіх больш за 150 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваныя у сувязі з іх удзелам у акцыях пратэсту ў лістападзе і снежні 2019 года.

Першапачатковая хваля рэпрэсій адбылася падчас выбарчай кампаніі ў лістападзе 2019 года. У снежні прайшлі новыя акцыі пасля таго, як прэзідэнт Лукашэнка абвясціў аб планах паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі.

Мірныя дэманстранты, апазіцыйныя кандыдаты ў дэпутаты і сябры іх ініцыятыўных груп, а таксама журналісты і блогеры былі арыштаваныя, а потым прысуджаныя да адміністрацыйнага арышту альбо аштрафаваныя. Адзін блогер, Алесь Круткін, быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту толькі за тое, што ён размясціў заклік да ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Facebook”, — заявіла Amnesty International.

Amnesty International нагадвае, што падчас другой хвалі рэпрэсій дзясяткі мірных дэманстрантаў былі аштрафаваныя або асуджаныя да адміністрацыйнага арышту ад пяці да 15 сутак, а некаторыя з іх ўсё яшчэ адбываюць пакаранне. Суды працягваліся ўвесь снежань і студзень. Не спыняюцца яны і ў лютым. Актывістаў чакаюць новыя прысуды і штрафы.

У заяве асобна згадваюцца блогер Дзмітрый Казлоў і апазіцыйны палітык Павел Севярынец, якія былі асуджаныя на некалькі тэрмінаў адміністрацыйнага арышту.

27 студзеня Дзмітрыю Казлову быў вынесены восьмы прысуд запар. У выніку, агульны тэрмін атрыманага ім адміністрацыйнага арышту дасягнуў 120 сутак”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Таксама згадваюцца справы грамадзянскага актывіста Пятра Маркелава і былога кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка, якім адвольна адмаўлялі ў доступе да сваіх законных прадстаўнікоў на працягу некалькіх дзён пасля затрымання і падчас адбыцця арышту.

Права на свабоду выказвання меркаванняў і права на мірны пратэст — гэта тыя свабоды, якія ўлады Беларусі павінны ў поўнай меры выконваць, — заявіла Amnesty International. — Беларускія ўлады павінны неадкладна спыніць усе адміністрацыйныя працэсы супраць мірных дэманстрантаў. Усе асобы, якія зараз адбываюць пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ў сувязі са спробай рэалізацыі свайго права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а ўсе штрафы, вынесеныя мірным пратэстоўцам, павінны быць неадкладна адмененыя”.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: