Анатоль Змітровіч: Арнольд Пячэрскі стаў ахвярай «эскадронаў смерці»

Смерць лідара Рэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў адбылася «вельмі своечасова», лічыць актывіст прадпрымальніцкага руху Анатоль Змітровіч. Арнольд Пячэрскі быў кіраўніком Рэспубліканскага страйкаму, які аб'ядноўваў вакол сябе актыўных прадпрымальнікаў, арганізатарам першых акцый пратэсту.

Скрыншот фільма DW

Анатоль Змітровіч, актывіст прадпрымальніцкага руху з 1996 года, прапанаваў на сайце «Беларускай праўды» сваю версію той трагедыі.

Прызнанні экс-байца САХР Юрыя Гараўскага ўваскрэсілі ў памяці беларусаў нават тыя прывіды, пра якія сёння амаль не ўспамінаюць. Адзін з іх — невытлумачальная смерць лідара Рэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў Арнольда Пячэрскага, якая адбылася за тыдзень да запланаванага агульнарэспубліканскага страйку.

Чытайце таксама:

DW: экс-баец спецатрада МУС Беларусі прызнаўся ў забойствах апазіцыянераў

Смерць Арнольда Пячэрскага здарылася вельмі «своечасова», напярэдадні важных падзей. 24 красавіка 1999-га ў аўтакатастрофе загінуў Арнольд Пячэрскі. А стачка прадпрымальнікаў павінна была пачацца 1 траўня, на 16 траўня ж былі запланаваныя альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары. Гісторыя вельмі падобная на трагічную гібель Анатоля Майсені.

Аўтамабіль Арнольда Пячэрскага ўразаўся ў грузавік, які стаяў на ўзбочыне. Кіроўца грузавіка не пацярпеў, а Арнольд Пячэрскі атрымаў пералом зводу чэрапа.

Паводле неафіцыйных дадзеных, на целе загінулага былі сляды барацьбы і катаванняў, кажа Анатоль Змітровіч. Напярэдадні Арнольд Пячэрскі заяўляў, што за ім сочаць.

«Беларуская праўда» прыгадвае той час, калі загінуў лідар прадпрымальнікаў. Смерць Арнольда Пячэрскага адбылася ў той жа год, калі зніклі апаненты ўлады: Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

Анатоль Змітровіч нагадвае, што беларускі кіраўнік «неаднаразова прызнаваўся, што ў 90-я гады выстаўляў аўтаматчыкаў па трасе Масква–Берлін, якія знішчалі ўсе банды на дарогах».

Ацэнку падзеям 1999 года павінен даць бесстаронні незалежны суд у выглядзе прысуду, перакананы Анатоль Змітровіч. А кіраўніцтва Беларусі «дэманструе сёння поўную няздольнасць да кампрамісу. Такім чынам, становішча ў краіне будзе катастрафічна пагаршацца, асабліва на фоне паглыблення інтэграцыі», перакананы актывіст прадпрымальніцкага руху.

24 красавіка 1999 года, па дарозе з Масквы, дзе знаходзіўся па справах бізнесу, Арнольд Пячэрскі патрапіў у аварыю на трасе Масква–Мінск у раёне горада Крупкі, у якой і загінуў. 27 красавіка ён быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Магіла Арнольда Пячэрскага на Кальварыйскіх могілках. Фота Арцёма Лявы


Існуюць 2 асноўныя версіі яго гібелі. Афіцыйная: кіроўца Пячэрскага заснуў за рулём — і машына сутыкнулася з дарожна-будаўнічай тэхнікай. Альтэрнатыўная версія: яго смерць супала ў часе са смерцю Карпенкі, знікненнем Ганчара, Захаранкі, у датычнасці да якіх падазраюць «эскадроны смерці».

Любое палітычнае забойства суправаджаецца інфармацыйнай дэзінфармацыяй, мэта якой — звесці следства і грамадскую думку ад праўдзівай карціны, стварыць ілжывую праўдападобную версію, адзначае «Беларуская праўда», прычым версіі могуць быць рознымі: памятаеце, у Захаранка нібыта ва Украіне быў бізнес, яго нібыта бачылі ў Германіі? І хто ж агучвае гэтыя версіі?

Чытайце таксама:

Актывісты ўшанавалі памяць Арнольда Пячэрскага

«Сама трагедыя і яе інфармацыйнае суправаджэнне паказвае, што смерць Пячэрскага — справа рук спецслужбаў. Цяпер не збіраюцца доказы вінаватасці «стваральнікаў» гэтай трагедыі, а знішчаюцца доказы пазасудовай расправы.

І крымінальнае, і адміністрацыйнае заканадаўства ў Беларусі ўлада выкарыстоўвае не для абароны грамадзян, а для кіравання краінай. У аснове кожнага злачынства ляжыць выгада. Урэшце палітычная мэтазгоднасць ператварылася ў ідэю ўтрымання ўлады. Улада не змагла ўтрымаць праўленне пры дапамозе Канстытуцыі 1994 года, не здолела пабудаваць прававую дзяржаву, але стварыла альтэрнатыву — паліцэйскую дзяржаву. Усе дзеянні спецслужбаў рэгулююцца не дзеючым заканадаўствам, а палітычнай мэтазгоднасцю, мэты дасягаюцца любой цаной і любымі метадамі.

Усё вялікае бачыцца на адлегласці. З вышыні сённяшняга дня можна зрабіць выснову, што грамадства недаацаніў наступствы тых страшных падзей. З еўрапейскага шляху развіцця Беларусь перакінулася на лацінаамерыканскі або азіяцкі шлях, дзе кіруе хан.

Але самае страшнае, што ўсе агучаныя факты — толькі вяршыня айсбергу, мы вельмі шмат чаго не ведаем; на справе, думаю, сітуацыя значна страшнейшая. Гэта значыць, што і будучыня, якая нас чакае, нашмат страшнейшая, чым можна сабе ўявіць», — лічыць Анатоль Змітровіч.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: